Tut.by

У пачатку лютага 75-гадовага навапалачаніна Анатоля Куліка асудзілі на 10 дзён арышту за фіранкі белага і чырвонага колеру і за бел-чырвона-белы сцяг, які ён носіць на плячах. 22 лютага суд адмовіў яму ў адтэрміноўцы пакарання, нягледзячы на праблемы са здароўем, паведамляе на gorod214.by.

«Анатоль у апошнія тыдні праходзіць медыцынскае абследаванне, і ў яго падазраюць пераданкалагічны стан па страўніку. Хутчэй за ўсё, справа дойдзе да аперацыі», — расказалі сябры Анатоля Куліка.

Яны паведамілі, што суддзя спыталася, ці на бальнічным Анатоль Кулік. І калі пачула, што не, адмовіла яму ў адтэрміноўцы арышту. Зараз Анатоля Куліка могуць адправіць за краты ў любы момант.

Пенсіянер таксама прасіў даць яму растэрміноўку на аплату штрафу 675 рублёў. Суд адмовіў. Агулам Анатоль Кулік мусіць заплаціць 2025 рублёў штрафаў.

Анатоль Кулік быў дэпутатам Наваполацкага гарсавета ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Ён з'яўляўся актыўным удзельнікам экалагічнага руху ў горадзе, дамагаўся, каб у кватэрах навапалачанаў была чыстая вада, а заводы клапаціліся аб скарачэнні шкодных выкідаў.