Планаваная на сёлета 3-я водная міжнародная экспедыцыя па Віліі па слядах графа Тышкевіча з Вілейкі да Вільні пройдзе толькі да беларускай мяжы.

Аб гэтым расказаў па тэлефоне карэспандэнту «РГ» кіраўнік яе Міхаіл Петух:

‑ На жаль, ні беларусам не далі сёлета літоўскія візы, ні літоўцам — беларускія. Такая вось «узаемнасць» атрымалася.

Але экспедыцыя стартавала. 7 чэрвеня ў 14.00 ад Вілейкі адправіліся 10 чалавек. Раніцай 9‑га, калі яны набліжаліся да Смаргоні, Міхаіл Петух казаў, што да іх вось‑вось павінны далучыцца яшчэ і смаргонцы:

‑ І нас будзе ўжо каля 30‑ці.

Экспедыцыя, якую сёння прысвяцілі памяці заўчасна трагічна загінулага аднаго з ініцыятараў яе правядзення з 2007 года Віталя Кастэнкі, на думку Петуха, турысты закончаць 14‑га чысла ў Быстрыцы, калі на тое будзе дазвол беларускіх памежнікаў. Гранічны з Літвой пункт Быстрыца ўваходзіць у прыгранічную зону.

Мы па‑ранейшаму ставім перад сабой не толькі турыстычныя, а і даследчыя мэты, — сказаў карэспандэнту сп. Міхаіл. — Але пра гэта раскажу крыху пазней. Выбачайце, проста вельмі ашчаджаю тут у паходных умовах батарэю свайго мабільніка.

Мікола Гайдук, Рэгіянальная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0