Воўпа. Фота radzima.org

Воўпа. Фота radzima.org

Першае, што дзівіць чалавека, які ўпершыню прыязджае ў Ваўкавыск з Мінску — памеры. Вялікую частку гораду займае прыватны сектар, а за ім пачынаюцца прамысловыя зоны.

Ваўкавыск стаў чыгуначным вузлом яшчэ ў 1885 г., калі паўз яго прайшла чыгунка Баранавічы—Беласток. Да сёння чыгунка з яе заўсёдным бадзёрым перазовам колаў вызначае шмат у чым тутэйшы вобраз.

Над горадам высіцца Шведская гара, па‑тутэйшаму Муравельнік — славянскае гарадзішча Х стагоддзя. У Ваўкавыску, дарэчы, захавалася архаічная структура гораду: ён рэзка вырас толькі ў ХХ ст., перахоўваючы вялікую колькасць сядзібнай забудовы. Накірункі вуліц, былых Слонімскай, Шырокай, Віленскай, цалкам супадаюць з найстарэйшым з вядомых нам планаў гораду 1778 г.! На жаль, такіх старых будынкаў у горадзе не збераглося. Хіба цяперашні музей імя Баграціёна. Лічыцца, што ў гэтым імпазантным сядзібным доме расійскі генерал, грузінскі князь Пётр Баграціён, кватараваў у 1812 г. У музей, дарэчы, варта зайсці.

У Ваўкавыску нямала помнікаў ХІХ ст.: манументальны касцёл Святога Вацлава, які пануе сярод малапавярховай забудовы, зграбная царква Святога Мікалая. Зберагліся кварталы «польскага часу» з цікавымі дэталямі, каванкамі, старымі дзвярыма… У такім Ваўкавыску нарадзіліся і вучыліся выбітны пецярбурскі дойлід Мар’ян Лялевіч і польскі геафізік Станіслаў Плева, слынныя шахматысты Давыд Яноўскі і Бенджамін Блюменфельд, легендарная савецкая «Папялушка» Яніна Жэймо, польскі актор Людвік Бянойт і беларуска‑расійскі Аляксандр Дзядзюшка.

Нейкі ёсць вітамін на Ваўкавышчыне, што родзяцца тут таленты.

І цяпер тут дзеіць заслужаны тэатр драмы і камедыі «Славуціч».

Дарэчы, з Ваўкавыску ж родам і адміністратыўны талент, Барыс Батура, колішні старшыня Магілёўскага аблвыканкаму, цяперашні старшыня савету рэспублікі.

Тут ёсць гатэль «Бярозка» (за царскім часам было пяць). Да бурных «Дажынак‑2004» яго прывялі да ладу. Цяпер «Бярозка» — адзін з найлепшых у нашых райцэнтрах. Да тых жа Дажынак тут раскінулі вялізарны, рыхтык сталічны, пляц, абставілі яго кавярнямі, крамамі. Усё вечаровае жыццё праходзіць тут. Віруе моладзь.

Дарэчы, а як завуцца жыхары Ваўкавыску? Так, слушна — ваўкавычане і ваўкавычанкі.

Рэчка Рось і яе праток Ваўкавыя дзеляць горад на часткі. Назва Ваўкавыску паходзіць ад Ваўкавыі, што цячэ ў старым горадзе, акурат ля музею. На рэчках наставілі бетонных канструкцый, нарабілі ставоў, расчысцілі месцы для паркаў. Але рэчкі замалыя для такіх чынавенскіх забавак. Як і горад замалы для цэнтральнай плошчы, дзе замест стаячага Леніна — ляжачы воўк. Драпежны звер — сімвал Ваўкавыску, што сышоў з сярэднявечнага гербу.

Жывыя ваўкі ў ваколіцах рэдкасць. Ваўкавышчына — край не дзікі. Лясы займаюць менш за чвэрць раёну… Але пад самым Ваўкавыскам застаўся чароўны абшар Замкавага лесу — гушчар з сунічнымі палянамі. У нетрах вас сустрэне славуты цар‑дуб, якому паўтысячы гадоў. Тутсама можна натрапіць і на рэдкі з рэдкіх чырвоны пылкагалоўнік — рэліктавую паўднёвую кветку. Яе высокія стромыя цыбукі вянчаюць буйныя лілова‑чырванавата‑ружовыя суквецці. Тут багата дзіўных раслінаў. Сунічны водар мяняецца малінавым, затым хваёвым, жывічным, гаючым….

Наша Гнезна

Старажытнае Гнезна побач з Ваўкавыскам, як выехаць з яго на Захад. Тут ацалеў шэдэўр гатычнае архітэктуры — фарны Міхайлаўскі касцёл ХVI ст. Трэці па старшынстве мураваны касцёл у Беларусі, пасля касцёлаў ва Уселюбе і Ішкалдзі. Ёсць паданні, што ён заснаваны ў 1121 г. Легендарная дата нават красавалася на фасадзе будынку. Але гэта прыгожы міф, проста Гнезна пад Ваўкавыскам блытаюць з аднайменным старажытным местам у Польшчы.

Храм у Гнезна шматкроць разбуралі, але ён уваскрасаў, бы Фенікс. Яшчэ пры канцы 1980‑х храм быў без даху, закіданы смеццем…

Тутэйшы ксёндз, айцец Людвік Казімір Станішэўскі, чалавек гасцінны, жвавы і дасціпны, гаворыць на дзіўнай польска‑беларуска‑расійскай, уласнай, гаворцы. Ён прыехаў сюды з Польшчы яшчэ ў 1989 г. на пахаванне знаёмага святара, а тагачасны біскуп гродзенскі Тадэвуш Кандрусевіч угаварыў яго застацца на нейкі час. Часовае прызначэнне расцягнулася на дваццаць гадоў. Яго рупнасцю касцёл быў адноўлены і асвечаны. Імша тут вядзецца па‑польску, але шлюбы і хрэсьбіны часцей просяць па‑беларуску. «Як калі», — усміхаецца ксёндз. Ён можа прынагодна працытаваць і Янку Купалу.

А яшчэ ксёндз Людвік распавёў, што аднаго разу прыйшоў да яго горкі п’яніца. Аддаў мех, сказаўшы, што гэта мусіць належаць касцёлу… У мяху было старасвецкае распяцце, што цяпер сустракае вернікаў у прытворы. Там знайшлася і скульптура Святога Антонія Падуанскага XVI ст., што лічылася страчанай… Гэты выдатны твор правінцыйнае готыкі перахоўваецца ў плябані.

У Гнезне ж захаваўся дагледжаны парк пры старасвецкай сядзібе Тарасовічаў. І сам старадаўні палацык, нібы з кніжкі, хоць яму хутка будзе 200 гадоў. Цяпер тут клуб.

Зацішны парк, каналы і ставы, добрыя дарогі — на ўсё гэта варта паглядзець з шыкоўнай галерэі пад калонамі на другім паверсе палацу. Адчуць сябе на досвітку ХІХ стагоддзя… Гатовая дэкарацыя.

Емяльянава і Шылавічы

Яшчэ адзін гатычны храм, царква Аляксандра Неўскага, стаіць у Емяльянаве, што між Дзявяткаўцамі і Кузьмічамі. Гэтая святыня была каталіцкай капліцаю, а пасля паўстання Каліноўскага яе перарабілі на праваслаўную царкву.

Мястэчка Шылавічы мае ўласны цуд — вялізарны касцёл Тройцы. Вялізарны прыгажэзны храм відаць здалёк. Абавязкова падыміцеся на хоры, на вежу, з якой адкрываецца велічны краявід.

Рэпля

Тут нарадзіўся і вырас Язэп Найдзюк — выбітны рэдактар і гісторык. На ўскрайку Рэплі ёсць старыя могілкі з дзіўнай архітэктуры капліцаю‑пахавальняй. Нібы нейкае астранамічнае збудаванне стаіць пасярод крыжоў. Адсюль адкрываецца шыкоўны від на ўсю Рэплю і яе цудоўны храм.

Воўпа

Старажытнае мястэчка Воўпа вядомае з XVI ст. Тут ёсць цікавы драўляны касцёл, старая царкоўка пры могілках і тузін старасвецкіх камяніцаў. Некалі была і вялізарная прыгожая сінагога. Эліза Ажэшка знайшла ў Воўпе тэму для знакамітай навэлы «Гедалі» і тым праславіла яго. Сёння галоўнай рэліквіяй Воўпы ёсць касцёл Святога Яна Хрысьціцеля, пабудаваны ў 1773 г. Нельга застацца абыякавым, гледзячы на шыкоўную аздобу святыні, «мармуровыя» калоны, залатыя і сярэбраныя вінаградныя гронкі, скульптуры святых і анёлаў… І ўсё гэтае хараство цалкам зробленае з дрэва. Такога вы нідзе болей не пабачыце. Сёння гэта самы вялікі драўляны храм на тэрыторыі Беларусі. Выключную каштоўнасць яму надае разьблёны алтар, перанесены сюды з старажытнага касцёла‑папярэдніка. Алтар зроблены ў чорных танах з залачонымі і пасярэбранымі дэталямі.

Адсюль, з Воўпы, карані Ларысы Геніюш.

…Тутсама, у Воўпе, ёсць чысцюткія белыя пляжы, сасновы бор на беразе прыгожага Воўпінскага вадасховішча. Можна выдатна адпачыць, пакарміць лебедзяў ці пагуляцца ў рыбака, палавіўшы ладных падлешчыкаў. На беразе вялікае вады, у маляўнічай даліне, ёсць і санаторый, дзе зусім нядорага можна і заначаваць на пару дзён, і пасталавацца. Адно варта папярэдне замаўляць цёплае месца.

Сяргей Харэўскі

***

Ваўкавыск

Раённы цэнтр, жыве 47 тыс. чалавек. Першая згадка — 1005. У 1052 згадваецца як памежная цвердзь. Атрымаў Магдэбургскае права ў 1503. Герб — у блакітным полі выява галавы ваўка.

Воўпа

Мястэчка. Першая згадка — 1449, калі вялікі князь Казімір Ягайлавіч падараваў Воўпу Алехну Судымонтавічу. Апошні ў 1478 фундаваў там касцёл.

Магдэбургскае права атрымала ў 1792, герб — бабёр у блакітным полі.

Глядзі ранейшае:
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0