Фота Волі Афіцэравай

Андрэй Кавалеўскі падкрэслівае, што асноўны пасыл гучыць так: вяртанне ўласных сродкаў не з'яўляецца прыбыткам і не падлягае падаткаабкладанню.

— Паводле заканадаўства, беларускія банкі, аддзяленні паштовай сувязі прадстаўляюць у падатковыя органы звесткі аб усіх грашовых пераводах, якія паступілі з-за мяжы. Гэта могуць быць і заробак, і падарункі, і пазыкі, і дывідэнды, і выйгрышы, і ў тым ліку вяртанне ўласных сродкаў з розных гандлёвых пляцовак. Гэта Wildberries, AliExpress, гэта нават вяртанне ад Uber — распавядае Андрэй Кавалеўскі. — Гэта значыць, уся інфармацыя аб любым залічэнні з-за мяжы паступае ў падатковыя органы. Але гэта не значыць, што гэтыя сумы абкладаюцца падаткам.

Па словах эксперта, у заканадаўстве выразна вызначана, што прыбытак — гэта эканамічная выгада, а вяртанне уласных сродкаў за тавар, які не падышоў, пасылку, якая не прыйшла, паездку за мяжу, якая не адбылася, да даходу не адносіцца. Тым не менш, звесткі аб гэтых зваротах сапраўды можна ўбачыць у аўтаматычна згенераванай дэкларацыі ў асабістым кабінеце плацельшчыка.

— Але чалавек сам ведае, што гэта вяртанне грошай, таму ён смела гэта выдаляе з праекта падатковай дэкларацыі, і да яго ніякіх прэтэнзій няма. Падаваць дэкларацыю толькі з-за такіх зваротаў чалавеку не патрабуецца. Падаткам не абкладаецца, — удакладняе Андрэй Кавалеўскі.

Разам з тым эксперт звяртае ўвагу на тое, што падатковыя органы ў рамках мерапрыемстваў па кантролі за выплатай падаткаў могуць папрасіць даць тлумачэнні з нагоды гэтых паступленняў. У такой сітуацыі дастаткова будзе «проста гэта пракаментаваць».

— Гэта можна зрабіць анлайн праз асабісты кабінет. Калі ёсць магчымасць, прымацуйце дакументы, якія пацвярджаюць, што першапачаткова адбыўся плацеж, — раіць Андрэй Кавалеўскі.