Грамадства

Былы «зубровец», адлічаны са школы, варыць кампоты ў СІЗА. Гісторыя палітвязня Паўла Юхневіча

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Павел Юхневіч за кратамі пяць месяцаў. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» — па гэтым артыкуле яму пагражае да васьмі год калоніі. «Наша Ніва» згадвае гісторыю актывіста — пра бунтарскія школьныя гады, працу ў штабе ў 2010-м, прыход у аўтабізнэс і сям'ю.

У 11 класе адлічылі за палітыку — здаваў экзамены экстэрнам праз некалькі год

Павел — мінчук. Яго бацька — рабочы на прадпрыемстве, маці — фармацэўт, але ўжо год як на пенсіі.

У палітычны рух Юхневіч уліўся ў 8 класе. «Малады фронт», «Зубр» (у апошнім хлопец каардынаваў дзейнасць па Маскоўскім раёне). Калі ўпершыню ўбачыў Паўла Севярынца, то ўразіўся ім — пераканаўчы выступоўца. 

Павел на пярэднім плане са сцягам

Бацькі гэты падлеткавы бунт напачатку не ўхвалялі. З пастарункаў юнака часта забірала мама.

«Прыязджала па мяне, а ў выніку часам забірала яшчэ пяцярых — такіх жа непаўналетніх. Тата быў «лукашыстам», але ягоныя сябры «паўплывалі», і ўрэшце ў 2001 годзе ён ужо галасаваў за адзінага кандыдата», — расказваў Павел «Свабодзе».

Апошні год у школе ён не давучыўся — выключылі праз палітычную актыўнасць. Экзамены экстэрнам Павел здаў толькі праз некалькі год. Калі была магчымасць бясплатна навучацца ў ЕГУ, паступіў на паліталогію, але сышоў, не скончыўшы першы курс. Потым шкадаваў, што несур’ёзна паставіўся да гэтага ды так і не атрымаў вышэйшую адукацыю.

З лепшым сябрам Яўгенам Афнагелем пасля першай адседкі ў 2004 годзе.

Пасля «зуброў» быў рух «За свабоду» і «Еўрапейская Беларусь».

«Мы збіраліся па некалькі разоў на тыдзень і вырашалі, што з акцый варта правесці, якія налепкі надрукаваць. Зразумела, што інтэрнэтам у тыя часы актыўна не карысталіся, таму хацелі данесці да людзей, якая сітуацыя — што актывістаў збіваюць, што ёсць палітвязні, — згадвае паплечніца па «Еўрапейскай Беларусі» Ірына Аліева. — Павел быў завадатарам. Ён смелы — на акцыях ішоў наперадзе і верыў у тое, што рабіў. Гэта было не для таго, каб заняць нейкую пасаду».

Што да заробкаў, то кожны круціўся як мог. Юхневіч падпрацоўваў на будоўлі, на канвеернай вытворчасці. 

У выбарчую кампанію 2010 года актывіст далучыся да штаба Уладзіміра Някляева, які ў той момант узначальваў грамадскую арганізацыю «Гавары праўду». Адказваў за палову Мінска. Кажуць, «Еўрапейская Беларусь» тады на яго пакрыўдзілася. 

Па іншай версіі, Павел збіраў подпісы і ладзіў пікеты адначасова для двух штабоў — Някляева і Саннікава. 

Застаўся ў Беларусі, прадаваў шыны і запчасткі для аўто

Пасля 2010 года Юхневіч крыху адышоў ад палітыкі. 

«У тых, хто прыйшоў у палітыку толькі летась, ёсць расчараванне, бо яны вельмі верылі, што нешта адбудзецца. Так і пасля 2010-га было. Таму Павел стаў больш займацца працай. А потым пайшлі дзеці, патрэбны былі грошы, было не да таго», — расказвае былая жонка Рамуальда.

Пасля тых выбараў частка актывістаў аказалася за кратамі, частка з’ехала за мяжу. Адлічаныя студэнты паступалі ў польскія ўніверсітэты па праграме Каліноўскага. Павел застаўся.

«Казаў, што калі будзе пагражаць небяспека, то, можа, мне з дзецьмі варта будзе пакінуць краіну. Але паколькі ён беларус, то павінен быць тут».

Павел знайшоў сябе ў аўтабізнэсе — у прыватнай кампаніі прадаваў шыны, дыскі і запчасткі. Прадажнік ён добры, бо камунікабельны. З машынамі ён наогул даўно звязаны: калі гэта яшчэ не было так дорага, дапамагаў сябрам прыганяць аўто з-за мяжы. І пасля сярод яго пастаянных кліентаў было шмат прыяцеляў па змагарскай дзейнасці.

«У яго былі розныя машыны. Апошняе, што ён купіў для сябе — «Лянча». Гэта не тыповае для нашых шырот аўто — у нас не так шмат майстроў, якія ўмеюць іх рамантаваць, дызайн на аматара. Але Паша кайфаваў: «Бачна, што італьянскія дызайнеры папрацавалі». Ён не той чалавек, які будзе абіраць тое, што і ўсе», — дзеліцца журналіст Зміцер Міцкевіч.

Сябра ён апісвае так: спакойны, харызматычны, не схільны да хітрыкаў.

«Ён ніколі не адмаўляў у дапамозе. Мне мінулым летам трэба было завезці мэблю на лецішча. Паша сам знайшоў бус, дапамог усё загрузіць, сеў за стырно і паехаў за 200 кіламетраў. Прысвяціў гэтаму два дні».

У Юхневіча ёсць малодшы брат, але яны не блізкія. Той трымаўся іншых поглядаў, лічыў, што не варта лезці ў палітыку. Брат працаваў намеснікам дырэктара ў школе, але нядаўна сышоў.

У 2019-м Павел балатаваўся ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў.

Старэйшая дачка папракае малодшую: «Табе важней цацка ці каб тата вярнуўся?»

Павел любіць жаночую ўвагу. «Думаю, ён прыцягваў дзяўчат харызмай і цвёрдасцю. Плюс заўжды ў добрай фізічнай форме сябе трымаў», — кажа Міцкевіч.

Першай жонкай Юхневіча была фатограф Юлія Дарашкевіч. Другой — біёлаг Рамуальда. Цяпер яна працуе ў інтэрнэт-сферы.

«Мы пачыналі разам працаваць у «Гавары праўду», — згадвае яна знаёмства. — Сябравалі каля года да таго, як пачалі сустракацца. Потым я пайшла на «Еўрарадыё». А Паша ужо не памятаю куды — быў такі час, што сталага месца не было, розныя падпрацоўкі».

У актывіста дзве дачкі — 8-гадовая Ева і 5-гадовая Адэля.

«Ён добры бацька. Дапамагаў мне, калі дзеці былі маленькія. У той час, калі першая дачка нарадзілася, я скончвала магістратуру ў ЕГУ. Я магла з’ехаць на пару дзён сесію здаць, а Павел заставаўся з ёй дома. Усіх гэта вельмі ўражвала, — дзеліцца Рамуальда. — 

Калі быў вольны час, то мы часцей за ўсё з’язджалі ў Вільню пагуляць, Паша любіць гэты горад. Заўсёды ездзілі з дочкамі: Ева першы раз выехала, калі ёй было тры месяцы.

Ён шмат часу праводзіў з дзецьмі, гульні прыдумляў, і гэта не змянілася, калі мы сталі паасобку жыць.

На дзень народзінаў Адэлі, які 18 лютага быў, ён дамовіўся з сябрамі, каб ёй перадалі кветкі. І для маці Паўла таксама — у яе ў адзін дзень з унучкай дзень народзінаў. На Новы год ён перадаваў падарункі.

Дзеці ведаюць, дзе іх тата. Нават адзін раз разам з бабуляй хадзілі перадачку адносіць. Ведаюць, наколькі гэта можна растлумачыць, за што ён сядзіць. Калі мы гуляем і недзе афіцыйны сцяг вісіць, крычаць: «Лукашэнскі сцяг!» Па-свойму разважаюць. Малодшая Адэля неяк кажа: «Напэўна, Лукашэнка нядрэнны чалавек, можа, не разумее проста нечага?» Яе вельмі непакоіць пытанне, хто добры, а хто дрэнны. Перыядычна пытаецца, калі прыйдзе тата: у іх жа таксама былі планы (усміхаецца)!

Старэйшая, канечне, больш разумее. Калі Адэля просіць нешта дарагое купіць, яна робіць заўвагу: вось табе што важней, гэтая цацка або каб бацька вярнуўся? У сэнсе, што калі ўжо і прасіць зашмат, то гэта».

У СІЗА варыць кампоты і глядзіць «Арол і рэшка»

Перадачкі блізкія носяць па чарзе. Апроч самага неабходнага, кладуць свежую выпечку, бо Павел любіць салодкае, чырвоную рыбу, кроп і пятрушку — ежа ў СІЗА не мае выразнага смаку.

У лістах Павел пытаецца пра дзяцей, жартуе, а яму пішуць пра зімовы дрыфт і новую сацсетку Clubhouse. Сяброўка Юлія кажа, што іх перапіску можна назваць стабільнай: з больш чым 50 лістоў у абодва бакі згубіўся толькі адзін. Вось што яна распавяла пра цяперашні быт і настрой актывіста:

«Заўсёды марыў жыць у цэнтры горада!» — так пачынаецца першы Пашаў ліст з СІЗА. Магу сказаць, што за ўвесь гэты час хутчэй ён падбадзёрвае нас, чым мы яго.

Паша прывык спаць пры святле, адрозніваць раніцу ад вечара па гадзінніку, паколькі дзённае святло ў камеру не трапляе, знаходзіцца ў пастаянна накураным памяшканні, дзяліць хлеб і забавы з малазнаёмымі людзьмі.

На перапахаванні Каліноўскага ў Вільні, 2019 год

Мы неяк размаўлялі пра ўспрыняцце часу. І ён напісаў, што напачатку стандартная рэакцыя на дзень сурка ў СІЗА — чакаць, калі ён хутчэй скончыцца і пачнецца наступны. Калі на волі час — гэта галоўны рэсурс, то ў зняволенні ён не мае ніякай каштоўнасці. Таму выйграе і не скочваецца ў маркоту той, хто знаходзіць спосабы яго нечым заняць.

У Пашы гэта спорт, калі дазваляе колькасць людзей у камеры, кнігі, лісты. Дарэчы, дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у зборы кніг для турэмнай бібліятэкі. У нейкі момант зняволеным на Валадарцы забаранілі перадаваць нават вучэбную літаратуру.

Ну і, канечне, тэлевізар. Раніца ў камеры пачынаецца з прагляду мульцікаў. А асаблівай папулярнасцю карыстаецца «Арол і рэшка» і ўсялякія украінскія рэаліці-шоу. Наогул Паша як чалавек, які ўжо шмат год жыў без тэлевізара, быў вельмі здзіўлены, што многія перадачы 20-гадовай даўніны ўсё яшчэ ў эфіры. Папрасіў таксама падпісаць яго на часопісы па аўтамабільнай тэматыцы, каб не адставаць у прафесійным плане.

Паколькі спатканняў да суда не даюць, прыходзіцца прыдумляць спосабы сувязі, апроч лістоў. Напрыклад, свежыя фотаздымкі, падпіска на выданні з гаворачымі назвамі, нататнікі з малюнкамі дзяцей на вокладцы ці сімвалічнымі ілюстрацыямі, перадачы ў пэўны дзень і час, прывітанні ад былых сукамернікаў. А яшчэ я ведаю, што, калі а 7-й вечара б'юць званы Чырвонага касцёла, Паша таксама іх чуе.

Я пакуль не паспела спытаць, што ён збіраецца рабіць у першую чаргу, калі акажацца на волі. Але я дакладна ведаю, чаго ён рабіць не будзе: галіцца — месяц, а есці боршч, аўсянку і бульбяное пюрэ — 2-3 месяцы мінімум.

А цяпер ён варыць кампоты, радуецца вясне і верыць, што мы назіраем працэс істотных змен свядомасці, які проста так ужо не спыніцца».

***

Рэквізіты карткі, каб дапамагчы дзецям палітвязня:

картка 4061 2740 1006 3492 да 07/22 Ramualda Yukhnevich

або рахунак, каб пералічыць праз АРІП: BY48ALFA30147133170010270000 у Альфа-Банку

(АРІП — Банкаўскія і фінансавыя паслугі — Банкі, НКФА — Альфа-банк — Папаўненне рахунка.)

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Усе навіны →
Усе навіны

У Рэчыцы гарэў прыватны сектар1

Макс Корж выступіць на стадыёне ў Варшаве. Некалькі вуліц перакрыюць і зменяць рух транспарту 9 жніўня9

Генплан Мінска будуць змяняць. Гараджане могуць агучыць прапановы7

Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды пятай гадавіны пратэстаў24

У Мінску ўзброеныя сілавікі затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка1

«Байсол» выставіць на аўкцыён лімітаваную серыю гадзіннікаў6

ChatGPT прадставіў новую мадэль GPT-5. Вось што ў ёй новага і што абяцаюць распрацоўшчыкі2

Ізраільскія ўлады ўхвалілі план Нетаньяху па акупацыі горада Газа16

Трамп анансаваў падпісанне мірнай дамовы паміж Азербайджанам і Арменіяй сёння ў Белым доме2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам9

«Пра сустрэчу Луку заўсёды прасілі перадаць Пуціну». Шустэр расказаў, як Лукашэнка прапаноўваў свае паслугі амерыканцам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць