У 11 класе адлічылі за палітыку — здаваў экзамены экстэрнам праз некалькі год

Павел — мінчук. Яго бацька — рабочы на прадпрыемстве, маці — фармацэўт, але ўжо год як на пенсіі.

У палітычны рух Юхневіч уліўся ў 8 класе. «Малады фронт», «Зубр» (у апошнім хлопец каардынаваў дзейнасць па Маскоўскім раёне). Калі ўпершыню ўбачыў Паўла Севярынца, то ўразіўся ім — пераканаўчы выступоўца. 

Павел на пярэднім плане са сцягам

Бацькі гэты падлеткавы бунт напачатку не ўхвалялі. З пастарункаў юнака часта забірала мама.

«Прыязджала па мяне, а ў выніку часам забірала яшчэ пяцярых — такіх жа непаўналетніх. Тата быў «лукашыстам», але ягоныя сябры «паўплывалі», і ўрэшце ў 2001 годзе ён ужо галасаваў за адзінага кандыдата», — расказваў Павел «Свабодзе».

Апошні год у школе ён не давучыўся — выключылі праз палітычную актыўнасць. Экзамены экстэрнам Павел здаў толькі праз некалькі год. Калі была магчымасць бясплатна навучацца ў ЕГУ, паступіў на паліталогію, але сышоў, не скончыўшы першы курс. Потым шкадаваў, што несур’ёзна паставіўся да гэтага ды так і не атрымаў вышэйшую адукацыю.

З лепшым сябрам Яўгенам Афнагелем пасля першай адседкі ў 2004 годзе.

Пасля «зуброў» быў рух «За свабоду» і «Еўрапейская Беларусь».

«Мы збіраліся па некалькі разоў на тыдзень і вырашалі, што з акцый варта правесці, якія налепкі надрукаваць. Зразумела, што інтэрнэтам у тыя часы актыўна не карысталіся, таму хацелі данесці да людзей, якая сітуацыя — што актывістаў збіваюць, што ёсць палітвязні, — згадвае паплечніца па «Еўрапейскай Беларусі» Ірына Аліева. — Павел быў завадатарам. Ён смелы — на акцыях ішоў наперадзе і верыў у тое, што рабіў. Гэта было не для таго, каб заняць нейкую пасаду».

Што да заробкаў, то кожны круціўся як мог. Юхневіч падпрацоўваў на будоўлі, на канвеернай вытворчасці. 

У выбарчую кампанію 2010 года актывіст далучыся да штаба Уладзіміра Някляева, які ў той момант узначальваў грамадскую арганізацыю «Гавары праўду». Адказваў за палову Мінска. Кажуць, «Еўрапейская Беларусь» тады на яго пакрыўдзілася. 

Па іншай версіі, Павел збіраў подпісы і ладзіў пікеты адначасова для двух штабаў — Някляева і Саннікава. 

Застаўся ў Беларусі, прадаваў шыны і запчасткі для аўто

Пасля 2010 года Юхневіч крыху адышоў ад палітыкі. 

«У тых, хто прышоў у палітыку толькі летась, ёсць расчараванне, бо яны вельмі верылі, што нешта адбудзецца. Так і пасля 2010-га было. Таму Павел стаў больш займацца працай. А потым пайшлі дзеці, патрэбны былі грошы, было не да таго», — расказвае былая жонка Рамуальда.

Пасля тых выбараў частка актывістаў аказалася за кратамі, частка з’ехала за мяжу. Адлічаныя студэнты паступалі ў польскія ўніверсітэты па праграме Каліноўскага. Павел застаўся.

«Казаў, што калі будзе пагражаць небяспека, то, можа, мне з дзецьмі варта будзе пакінуць краіну. Але паколькі ён беларус, то павінен быць тут».

Павел знайшоў сябе ў аўтабізнэсе — у праватнай кампаніі прадаваў шыны, дыскі і запчасткі. Прадажнік ён добры, бо камунікабельны. З машынамі ён наогул даўно звязаны: калі гэта яшчэ не было так дорага, дапамагаў сябрам прыганяць аўто з-за мяжы. І пасля сярод яго пастаянных кліентаў было шмат прыяцеляў па змагарскай дзейнасці.

«У яго былі розныя машыны. Апошняе, што ён купіў для сябе — «Лянча». Гэта не тыповае для нашых шырот аўто — у нас не так шмат майстроў, якія ўмеюць іх рамантаваць, дызайн на аматара. Але Паша кайфаваў: «Бачна, што італьянскія дызайнеры папрацавалі». Ён не той чалавек, які будзе абіраць тое, што і ўсе», — дзеліцца журналіст Зміцер Міцкевіч.

Сябра ён апісвае так: спакойны, харызматычны, не схільны да хітрыкаў.

«Ён ніколі не адмаўляў у дапамозе. Мне мінулым летам трэба было завезці мэблю на лецішча. Паша сам знайшоў бус, дапамог усё загрузіць, сеў за стырно і паехаў за 200 кіламетраў. Прысвяціў гэтаму два дні».

У Юхневіча ёсць малодшы брат, але яны не блізкія. Той трымаўся іншых поглядаў, лічыў, што не варта лезці ў палітыку. Брат працаваў намеснікам дырэктара ў школе, але нядаўна сышоў.

У 2019-м Павел балатаваўся ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў.

Старэйшая дачка папракае малодшую: «Табе важней цацка ці каб тата вярнуўся?»

Павел любіць жаночую ўвагу. «Думаю, ён прыцягваў дзяўчат харызмай і цвёрдасцю. Плюс заўжды ў добрай фізічнай форме сябе трымаў», — кажа Міцкевіч.

Першай жонкай Юхневіча была фатограф Юлія Дарашкевіч. Другой — біёлаг Рамуальда. Цяпер яна працуе ў інтэрнэт-сферы.

«Мы пачыналі разам працаваць у «Гавары праўду», — згадвае яна знаёмства. — Сябравалі каля года да таго, як пачалі сустракацца. Потым я пайшла на «Еўрарадыё». А Паша ужо не памятаю куды — быў такі час, што сталага месца не было, розныя падпрацоўкі».

У актывіста дзве дачкі — 8-гадовая Ева і 5-гадовая Адэля.

«Ён добры бацька. Дапамагаў мне, калі дзеці былі маленькія. У той час, калі першая дачка нарадзілася, я сканчвала магістратуру ў ЕГУ. Я магла з’ехаць на пару дзён сесію здаць, а Павел заставаўся з ёй дома. Усіх гэта вельмі ўражвала, — дзеліцца Рамуальда. — 

Калі быў вольны час, то мы часцей за ўсё з’язджалі ў Вільню пагуляць, Паша любіць гэты горад. Заўсёды ездзілі з дочкамі: Ева першы раз выехала, калі ёй было тры месяцы.

Ён шмат часу праводзіў з дзецьмі, гульні прыдумляў, і гэта не змянілася, калі мы сталі паасобку жыць.

На дзень народзінаў Адэлі, які 18 лютага быў, ён дамовіўся з сябрамі, каб ёй перадалі кветкі. І для маці Паўла таксама — у яе ў адзін дзень з унучкай дзень народзінай. На Новы год ён перадаваў падарункі.

Дзеці ведаюць, дзе іх тата. Нават адзін раз разам з бабуляй хадзілі перадачку адносіць. Ведаюць, наколькі гэта можна растлумачыць, за што ён сядзіць. Калі мы гуляем і недзе афіцыйны сцяг вісіць, крычаць: «Лукашэнскі сцяг!» Па-свойму разважаюць. Малодшая Адэля неяк кажа: «Напэўна, Лукашэнка нядрэнны чалавек, можа, не разумее проста нечага?» Яе вельмі непакоіць пытанне, хто добры, а хто дрэнны. Перыядычна пытаецца, калі прыйдзе тата: у іх жа таксама былі планы (усміхаецца)!

Старэйшая, канечне, больш разумее. Калі Адэля просіць нешта дарагое купіць, яна робіць заўвагу: вось табе што важней, гэтая цацка або каб бацька вярнуўся? У сэнсе, што калі ўжо і прасіць зашмат, то гэта».

У СІЗА варыць кампоты і глядзіць «Арол і рэшка»

Перадачкі блізкія носяць па чарзе. Апроч самага неабходнага, кладуць свежую выпечку, бо Павел любіць салодкае, чырвоную рыбу, кроп і пятрушку — ежа ў СІЗА не мае выразнага смаку.

У лістах Павел пытаецца пра дзяцей, жартуе, а яму пішуць пра зімовы дрыфт і новую сацсетку Clubhouse. Сяброўка Юлія кажа, што іх перапіску можна назваць стабільнай: з больш чым 50 лістоў у абодва бакі згубіўся толькі адзін. Вось што яна распавяла пра цяперашні быт і настрой актывіста:

«Заўсёды марыў жыць у цэнтры горада!» — так пачынаецца першы Пашаў ліст з СІЗА. Магу сказаць, што за ўвесь гэты час хутчэй ён падбадзёрвае нас, чым мы яго.

Паша прывык спаць пры святле, адрозніваць раніцу ад вечара па гадзінніку, паколькі дзённае святло ў камеру не трапляе, знаходзіцца ў пастаянна накураным памяшканні, дзяліць хлеб і забавы з малазнаёмымі людзьмі.

На перапахаванні Каліноўскага ў Вільні, 2019 год

Мы неяк размаўлялі пра ўспрыняцце часу. І ён напісаў, што напачатку стандартная рэакцыя на дзень сурка ў СІЗА — чакаць, калі ён хутчэй скончыцца і пачнецца наступны. Калі на волі час — гэта галоўны рэсурс, то ў зняволенні ён не мае ніякай каштоўнасці. Таму выйграе і не скатваецца ў маркоту той, хто знаходзіць спосабы яго нечым заняць.

У Пашы гэта спорт, калі дазваляе колькасць людзей у камеры, кнігі, лісты. Дарэчы, дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у зборы кніг для турэмнай бібліятэкі. У нейкі момант зняволеным на Валадарцы забаранілі перадаваць нават вучэбную літаратуру.

Ну і, канечне, тэлевізар. Раніца ў камеры пачынаецца з прагляду мульцікаў. А асаблівай папулярнасцю карыстаецца «Арол і рэшка» і ўсялякія украінскія рэаліці-шоу. Наогул Паша як чалавек, які ўжо шмат год жыў без тэлевізара, быў вельмі здзіўлены, што многія перадачы 20-гадовай даўніны ўсё яшчэ ў эфіры. Папрасіў таксама падпісаць яго на часопісы па аўтамабільнай тэматыцы, каб не адставаць у прафесійным плане.

Паколькі спатканняў да суда не даюць, прыходзіцца прыдумляць спосабы сувязі, апроч лістоў. Напрыклад, свежыя фотаздымкі, падпіска на выданні з гаворачымі назвамі, нататнікі з малюнкамі дзяцей на вокладцы ці сімвалічнымі ілюстрацыямі, перадачы ў пэўны дзень і час, прывітанні ад былых сукамернікаў. А яшчэ я ведаю, што, калі а 7-й вечара б'юць званы Чырвонага касцёла, Паша таксама іх чуе.

Я пакуль не паспела спытаць, што ён збіраецца рабіць у першую чаргу, калі акажацца на волі. Але я дакладна ведаю, чаго ён рабіць не будзе: галіцца — месяц, а есці боршч, аўсянку і бульбяное пюрэ — 2-3 месяцы мінімум.

А цяпер ён варыць кампоты, радуецца вясне і верыць, што мы назіраем працэс істотных змен свядомасці, які проста так ужо не спыніцца».

***

Рэквізіты карткі, каб дапамагчы дзецям палітвязня:

картка 4061 2740 1006 3492 да 07/22 Ramualda Yukhnevich

або рахунак, каб пералічыць праз АРІП: BY48ALFA30147133170010270000 у Альфа-Банку

(АРІП — Банкаўскія і фінансавыя паслугі — Банкі, НКФА — Альфабанк — Папаўненне рахунка.)

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?