Вікторыя Гашко — аніматарка, спартоўка, часта працуе за мяжой, але вярнулася ў Мінск праз каранавірус і крызіс у турыстычнай сферы ў свеце. 

Спыніцца на пару месяцаў яна вырашыла ў гасцініцы «Юбілейная», бо ўгледзела акцыю. Паколькі турыстаў амаль няма, зняць нумар можна танна, фактычна па цане хостэла. 

Фота: booking.com

Вікторыя жыла ў «Юбілейнай» чатыры месяцы, да таго як у лютым з ёй адбылася прыкрая гісторыя, якую яна расказала «Нашай Ніве». 

«Перад гэтак званым «Усебеларускім народным сходам» усіх «доўгажыхароў», якія жывуць па акцыі, папрасілі выселіцца на некалькі дзён. Я выселілася, але рэчы пакінула. І праз нейкі час пасля вяртання выявіла знікненне грошай са свайго нумару — 200 даляраў і 200 еўра, яны былі схаваны ў сподняй бялізне. 

Забралі не ўсе грошы, імаверна, разлік быў на тое, што я не адразу заўважу, сапраўды, я заўважыла толькі 22 лютага. 

Адразу пайшла на рэсэпшн, думала, што злодзеяў хутка знойдуць. Бо на калідорах стаяць камеры, можна ўбачыць, хто заходзіў у нумар. Але дзе там! Аказалася, што з 9 лютага камеры не працуюць, чамусьці якраз з таго дня, калі ўсіх выселілі. 

Калі я звярнулася з праблемай да загадчыцы нумарнога фонду, яна мне нахаміла, сказала, каб я разбіралася сама, маўляў, «гэта дакладна не мае работніцы». Але да мяне ў госці ніхто не прыходзіць! Я выклікала міліцыю.

Склалі пратакол, высветлілі, што замок не ўскрываўся, адкрываўся ключом, праводзіцца разбіральніцтва. 

Дарэчы, некаторыя дэлегаты заехалі, калі я яшчэ была там — была суцэльная жэсць. Чула ад супрацоўнікаў гатэля, што ў плане работы гэта былі іх горшыя чатыры дні.

Пры гэтым незразумела, навошта пастаяльцаў высялялі, хоць казалі, што ў гэтых нумарах ніхто жыць не будзе — каб мы не бачылі, што там адбываецца? Бо мне кажуць, што ў маім нумары ніхто не жыў. 

На наступны дзень пасля няўдалага разбіральніцтва я пайшла працягваць сваё пражыванне, але мне сказалі, што загадана ад мяне грошай не браць. 

Я пайшла да дырэктара, які аказаўся паўнейшым хамлом, сказаў мне, што акцыя скончаная. Але пачакайце, мая сяброўка ўчора аплочвала гэтую акцыю — гэта толькі для мяне скончана? А чаму вы не папярэдзілі хаця б, куды мне ехаць заўтра?

Ён у адказ толькі: «Акцыя скончаная. Я вам нічога не павінен». 

Пачаў чытаць натацыю, што я тут жыву «за капейкі», гэта ён так называе 640 рублёў у месяц. Давёў мяне да істэрыкі. Атрымліваецца, мяне абабралі і выставілі. 

Цяпер я напісала заявы, чакаю вынікаў міліцэйскага разбіральніцтва, пераехала ў суседнюю гасцініцу «Беларусь», — расказала Вікторыя.

На жаль, атрымаць каментар «Юбілейнай» не выйшла — цягам працоўнага дня на неаднаразовыя званкі ў прыёмную ніхто не адказаў. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?