Аляксандра Аграйцовіча абвінавацілі ў тым, што ён узвёў паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе — 12 супрацоўніц школы №187 г. Мінска (выбарчы участак — пяць жылых дамоў па вуліцы Веры Харужай). А менавіта — апублікаваў на сваім youtube-канале «Дзённікі назіральніка» ў маі 2020 года загадзя лжывыя звесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, што зневажаюць іх гонар і годнасць.

У відэа Аграйцовіч адзначыў, што яны з'яўляюцца фальсіфікатарамі выбараў і ў перыяд датэрміновага галасавання здзейснілі падробку дакументаў.

Аляксандр Аграйцовіч у апошнім слове віну не прызнаў. «На момант майго ўдзелу ў кампаніі ў якасці назіральніка, як і на момант здымкаў відэа, я ўпэўнены, што выбары сфальсіфікаваныя, — падкрэсліў ён. — 11 чалавек з камісіі потым былі ў камісіі па прэзідэнцкіх выбарах: па іх даных, на парламенцкія выбары ў асноўны дзень прыйшло больш людзей, чым на прэзідэнцкія — што тут казаць. Адміністрацыя знішчыла адзіныя дакументы, якія пацвярджалі фальсіфікацыю на выбарах: спісы выбаршчыкаў, якія маюць права голасу».