Фота Depositphotos.com

Twitter плануе ўвесці новую платную функцыю Super Follows, дзякуючы якой людзі, што размяшчаюць кантэнт на платформе, будуць атрымліваць ад гэтага даход. Кампанія спадзяецца атрымаць адабрэнне гэтага новаўвядзення сярод уплывовых карыстальнікаў, якія маюць вялікую колькасць падпісантаў, піша The Wall Street Journal.

Платныя падпіскі сацсетка збіраецца ўвесці ўжо сёлета. Аднак кампанія пакуль што не раскрывае падрабязнасцей, як менавіта гэта будзе працаваць і які адсотак з продажу гэтай функцыі будзе атрымліваць непасрэдна Twitter.

Прадстаўнікі кампаніі сцвярджаюць, што такая мадэль, дзе падпісанты фінансуюць кантэнт, які яны цэняць больш за ўсё, задавальняе інтарэсы і стваральнікаў кантэнту, і спажыўцоў.

Кампанія раскрыла свае планы на анлайн-мерапрыемстве для аналітыкаў і адзначыла, што ўвядзенне платнай падпіскі — частка больш амбіцыйнай мэты павялічыць даход кампаніі з $ 3,7 мільярда, што было атрымана летась, да $ 7,5 мільярда да 2023 года.

Пераход на платную падпіску дапаможа сацсетцы менш залежыць ад рэкламы, якая склала 86% ад агульнага даходу кампаніі за 2020 год.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?