Фота Сяргея Гудзіліна.

«Палітычныя падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне апошнім часам, прымусілі забыцца на іншыя праблемы, аднак, гэта не азначае, быццам яны перасталі існаваць. Больш за тое — менавіта зараз прымаюцца рашэнні, адмяніць якія пазней ужо не атрымаецца. Гаворка ідзе пра праект другой чаргі рэканструкцыі Старога замка ў Гродна, які, фактычна, ставіць пад пагрозу знішчэння ўнікальны для Беларусі гістарычны помнік.

Распрацаваны яшчэ ў пачатку 1990-х гг. праект адбудовы каралеўскага замка з’яўляецца састарэлым, навукова неабгрунтаваным, распрацаваным без уліку ўжо назапашанага досведу. На жаль, мы не ведаем, як дакладна выглядаў замак у часы Стэфана Баторыя, калі ён толькі паўстаў. Мы не можам пераканаўча сцвярджаць, хто з архітэктараў яго будаваў, пра што было ўжо шмат сказана ды напісана спецыялістамі яшчэ напярэдадні першай чаргі рэканструкцыі. Таму тое, што атрымалася ў выніку работ на першай чарзе рэканструкцыі, нельга назваць інакш, як казачным замкам, створаным фантазіяй сучасных дойлідаў. Тым не менш, сапраўдныя каралеўскія муры, прынамсі збольшага, гэты этап рэканструкцыі перажылі. Зараз жа сітуацыя карэнным чынам змянілася. Той палац, якія мы сёння бачым, — гэта спалучэнне розных эпох, архітэктурных стыляў, рознай унутранай планіроўкі, якія разам ствараюць жывы арганізм, тады як памылковая канцэпцыя, што патрабуе пабудаваць менавіта «палац Баторыя» і ніякі іншы, пагражае знішчэнню гэтага каштоўнага помніка. Нам прапануюць пабудаваць узамен старажытнай камяніцы, дзе кожнае скляпенне захоўвае памяць пра мінулыя стагоддзі, дарагі муляж, пазбаўлены ўсялякага духу гісторыі; замяніць аўтэнтычны, сапраўдны скарб прыкрай падробкай! Гэта як замена залатога самародка на шкляныя пацеркі.

Аднак, адна справа, калі гістарычная бутафорыя паўстае на пустым месцы, і зусім іншая, калі дзеля яе будуць разбіраць — забіваць гісторыю! «Не зрабі горш» — вось пра што мы павінны памятаць сёння, працягваючы рэканструкцыю, пакуль яшчэ магчыма паспець пераглядзець сумнеўныя архітэктурныя рашэнні ды выправіць відавочныя памылкі. Як нельга «для сіметрыі» прышыць чалавеку яшчэ адну галаву, так нельга гістарычнаму будынку дадаць яшчэ адзін паверх. Кожная знятая цагліна, кожны знішчаны метр культурнага слою стане напамінам пра сучасных Герастратаў… Але нават гэта яшчэ не ўсё. Пасля заканчэння другой чаргі будаўніцтва тэарэтычна нас чакае трэцяя чарга рэканструкцыі, пра якую сёння ўслых нават не ўзгадваюць. А ўсё дзеля таго, што, паводле папярэдніх планаў, для пабудовы замка «як у Баторыя», прыйдзецца… дасыпаць частку Замкавай гары, і гэта замест таго, каб ужо сёння ўзяць пад ахову тыя гістарычныя муры, якія разбураюцца наўпрост на нашых вачах!

Заклікаю неадкладна перагледзець як сам праект другой чаргі, так і ўсю канцэпцыю рэканструкцыі Старога замка. Па нашаму меркаванню, трэба адысці ад ідэі аднаўлення Старога замка на «эпоху Стэфана Баторыя», бо ў выніку яе рэалізацыі мы рызыкуем атрымаць суцэльны муляж. Я прапаную паказаць усю унікальнасць Замкавай гары, дзе жыццё не перарывалася вось ужо амаль тысячу гадоў. Гэта значыць — аднавіць будынак замка, максімальна захоўваючы ўсе напластаванні і архітэктурныя элементы 17 — 18 стст.,; а што датычыць трэцяй чаргі, то наогул варта максімальна засяродзіцца не на будаўніцтве, а на кансервацыі аб’ектаў 12 — 17 стст.: Ніжняй і Верхняй цэркваў, Княжацкага церама і інш., стварэнні своеасаблівага падземнага Гродна, якому не будзе роўных не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім рэгіёне. Мы маем шанец збудаваць не прывідны замак, але атрымаць унікальны археалагічна-архітэктурны ансамбль аб’ектаў 12 — 17 стст. (трэцяя чарга), рэканструкцыі на эпоху 16 ст. (першая чарга) і замка 16 — 19 стст. (другая чарга). Заклікаю абмеркаваць гэтае пытанне як мага шырэй з удзелам навукоўцаў і грамадскасці», — кажа гісторык. 

Аднаўляюць Стары замак у Гродне па праекце архітэктара Уладзіміра Бачкова. Мяркуецца, што абарончае збудаванне павінна ў выніку атрымацца такім, якім яно было ў часы жыцця Стэфана Баторыя. Аднак рэканструкцыя замка ў Гродне з самага пачатку выклікала шмат спрэчак у навуковых колах.

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?