Кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі хоча бачыць у якасці свайго пераемніка намесніка старшыні Віктара Івашкевіча. Зараз ідуць актыўныя перамовы на гэты конт. Разам з тым некаторыя іншыя прадстаўнікі Управы могуць пазбавіцца сваіх пасад.

Як стала вядома «Салідарнасці», прапанову падтрымаць Віктара Івашкевіча ў якасці новага кіраўніка партыі Лявон Баршчэўскі агучыў на абласным сходзе ў Гродне.

Праўда, афіцыйнай заявы на гэты конт старшыня рабіць пакуль не бярэцца, хаця і не адмаўляе, што лічыць Івашкевіча добрым пераемнікам.

— Я яшчэ не атрымаў ад Івашкевіча персанальнай згоды, таму не магу каментаваць. Пакуль вядуцца перамовы, — заявіў «Салідарнасці» Лявон Баршчэўскі. — Скажу толькі, што Віктар — гэта адзіны чалавек, які цягне арганізацыйную работу ў Фронце. Без перапынкаў, без адпачынкаў. І ён быў бы добрым у якасці пераемніка. Я па працы бачу, хто працуе, а хто толькі гаворыць. Для мяне гэта абсалютна відавочна.

Сам Віктар Івашкевіч таксама заяўляе, што не прыняў яшчэ канчатковага рашэння.

— Ёсць розныя варыянты, якія зараз абмяркоўваюцца. Калі я пайду на старшыню, я сам пра гэта абвяшчу, як было ў мінулы раз, — паведаміў «Салідарнасці» Віктар Івашкевіч. — Гэта звязана не з тым, што я нешта хаваю, проста зараз ідзе падлік варыянтаў. Давайце пачакаем сходу 20 чэрвеня, калі могуць быць агучаны імёны кандыдатаў на пасаду кіраўніка. Мой намер вылучацца будзе залежыць ад той падтрымкі, якая будзе мне аказана фронтаўцамі, ад таго, наколькі гэта трэба людзям. Бо мне асабіста персанальнай выгоды ад пасады старшыні няма ніякай, акрамя цяжару і галаўнога болю. Аднак у мяне ёсць пачуццё абавязку перад партыяй і разуменне пэўнай місіі. Але калі я і буду выконваць ролю слугі БНФ на дадзенай пасадзе, то павінен ведаць, наколькі я запатрабаваны. Без аналізу гэтай падтрымкі рабіць заявы пра прэтэнзіі на нейкія пасады, лічу несвоечасовым.

Нагадаем, што Віктар Івашкевіч ужо прэтэндаваў на старшынства ў 2007 годзе.

На з’ездзе ў снежні ён здолеў набраць усяго 26 галасоў, у той час як ягоныя канкурэнты Алесь Міхалевіч і тагачасны старшыня Вінцук Вячорка атрымалі больш за сто галасоў, фактычна падзяліўшы партыю напалову. Каб прадухіліць раскол, было прынятае рашэнне прапанаваць альтэрнатыўную фігуру, у выніку чаго старшынёй партыі стаў Лявон Баршчэўскі. Наколькі зараз Віктар Івашкевіч здолее атрымаць падтрымку ў сяброў БНФ, стане вядома 20 чэрвеня.

Разам з тым у партыі ходзяць размовы пра тое, што іншыя яе сябры могуць пазбавіцца сваіх пасад. У

прыватнасці, гэта датычыць намесніка старшыні Юрася Губарэвіча і адказнага сакратара партыі Уладзіміра Лабковіча. Паводле крыніц у партыі, у хуткім часе можа нават паўстаць пытанне пра іх выключэнне.

— Мы нікога не выключаем, — запэўніў «Салідарнасць» Лявон Баршчэўскі. — Адзінае, што мы просім ад іх — даць справаздачу сваёй дзейнасці на Сойме 20 чэрвеня. Калі ім не будзе пра што гаварыць, тады Сойм і будзе вырашаць. Калі Сойм скажа, што яны нічога не рабілі, гэтае пытанне можа ўзнікнуць.

Між тым паводле Юрася Губарэвіча, пытанне з яго выключэннем ўжо даўно вісіць ў паветры.

— Сённяшняе кіраўніцтва спрабуе пазбавіцца ад іншадумцаў, — адзначае Губарэвіч. — Баршчэўскі спрыяў расколу партыі ў 1999‑м. Зараз ён хоча раскалоць яе другі раз. Для Баршчэўскага звядзенне партыі да існавання ў выглядзе пячаткі і статута больш прымальна, чым прыход новых людзей у кіраўніцтва. Пра гэта сведчаць яго сённяшнія дзеянні, якія ідуць у разрэз з рашэннямі кіруючых органаў. На жаль, так сталася, што свае палітычныя няўдачы Баршчэўскі і яго каманда прызвычаіліся спісваць на «крывавы рэжым» і ўнутрыпартыйных ворагаў.

Анастасія Зелянкова, Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0