10.06.2009 / 13:16

Неасарматы ў Мінску 1

Творчае аб’яднанне «Жалезны воўк» адраджае жанр жывапісу XV—XVIII ст. Плён іх працы можна пабачыць у мінскім Музеі кіно, дзе праходзіць выстава «Неа-Сармацкі партрэт».

Творчае аб’яднанне «Жалезны воўк» адраджае жанр жывапісу XV—XVIII ст. Плён іх працы можна пабачыць у мінскім Музеі кіно, дзе праходзіць выстава «Неа-Сармацкі партрэт».

“Сармацкі партрэт” — форма параднага рыцарскага партрэту, ўласьцівая выяўленчаму мастацтву ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Мастакі звярталі ўвагу не столькі на рысы твару выяўленага на партрэце чалавека, колькі на элементы яго адзення, прадметы, што яго атачаюць. Сармацкі партрэт насычаны сімволікай. Праз дэталі мы можам разгадаць характар выяўленага, яго маёмасны стан, нават пасаду.

Ідэя адраджэння “Сармацкага партрэту” узнікла ў кіраўніка наваполацкага рыцарскага клубу “Жалезнага воўка” Андрэя Мікалаева. За справу ўзялася група маладых мастакоў. Напачатку пераапраналі сяброў і паплечнікаў у рыцарскія строі і малявалі з іх, максімальна набліжана да стылю «сармацкага партрэту».

Паступова ў карціны пачалі пранікаць ідэі і асаблівасці мадэрновага мастацтва.«Сарматызм» эвалюцыянаваў у «неасарматызм»: пачаўся адыход ад рэалістычнай манеры жывапісу, з'явіліся палотны ў стылі аналітычнага кубізму, абстрактныя і супрэматычныя партрэты.

Самыя рэалістычныя і жывыя на выставе партрэты напісаныя Юліяй Хінтэман і Георгіем Танковічам. Асабліва уражвае “Партрэт капітана пяхотнай харугвы Лінуса” Юліі Хінтэман, які стварае уражанне, што вы сядзіце за адным сталом з рыцарам і вось-вось ён вам працягне куфаль піва і распавядзе пра сваю нялёгкую долю. Але варта адыйсці колькі крокаў ад стала капітана Лінуса, і падпадаеш пад уражанне ад “Стомленага ваяра” Андрэя Мікалаева. І хочацца пазяхнуць разам з тым рыцарам, намаляваным у стылі дзікіх фарбаў фавізму ды лепшых традыцыях кубізму.

Хоць “Жалезны воўк” малюе сармацкія партрэты ўжо дзевяць гадоў, гэта першая такая выстава ў сталіцы. Дэбют неасарматаў можна пабачыць на свае вочы на працягу гэтага тыдня ў Музеі гісторыі беларускага кіно, вул.Свярдлова 4. Тамсама выстаўляюцца звыклыя дасягненні рыцарскай народнай гаспадаркі: мячы, шаломы, даспехі. Усё з сучасных матэрыялаў, але функцыянальнае. Не парэжцеся.

Настасся Шамрэй

0
Кнехт / Адказаць
10.06.2009 / 20:40
Асабліва уражвае “Партрэт капітана пяхотнай харугвы Лінуса” Юліі Хінтэман, які стварае уражанне, што вы сядзіце за адным сталом з рыцарам і вось-вось ён вам працягне куфаль піва і распавядзе пра сваю нялёгкую долю. ================ ДРУГОЕ ЎРАЖАННЕ стварае уражанне, што вы сядзіце за адным сталом з рыцарам і вось-вось ён вам ...тыцне пад рабро сваім жалезным локцем. :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру