Пракуратура палічыла даказанай віну васьмі чалавек па ч. 1 арт. 342 КК і папрасіла прызначыць наступныя пакаранні:

  • Генадзь Місюта — 1 год і 6 месяцаў хатняй хіміі;
  • Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатыннік — 1 год і 6 месяцаў «хіміі»;
  • Дзмітрый Абрамук і Віталь Брух — 2 гады «хіміі»;
  • Аляксей Арцецкі — 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
  • Буневіч Дзмітрый — 1 год 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Прысуд для гэтых абвінавачаных будзе абвешчаны 15 сакавіка ў 11:00. Для двух абвінавачаных (Валянціны Жукоўскай і Сяргея Наліўкі) прысуд будзе вынесены пазней.

У чым іх абвінавачваюць?

Паводле абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Брэсцкі Аўтобусны парк».

Што з астатнімі фігурантамі справы?

Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай «справе карагодаў». Суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку — да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:

  • Ярашук Яраслаў, палітзняволеная Марына Глазава — 1,5 года абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія»)
  • Варановіч Вадзім, Жараў Максім — 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»)
  • Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай — 1,5 года з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»)
  • Сірэцан Марына — 1 год абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія»).

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што двух берасцейцаў па «справе карагодаў» 9 лютага пасля выкліку ў Следчы камітэт змясцілі ў СІЗА. Гаворка ідзе пра Рамана Яхіна і Арсенія Сіняка. На дадзены момант гэта адзіныя затрыманыя абвінавачаныя па гэтай справе. Марыну Глазаву, якую ўтрымлівалі ў СІЗА два месяцы, перавялі пад хатні арышт. У адносінах да астатніх абвінавачаных выбраныя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Таксама завершана папярэдняе следства па «трэцяй» партыі. У гэты раз абвінавачаных адзінаццаць чалавек: 63-гадовая актывістка Алена Гнаук, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юрый Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кірыл Луда, Радзівон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка над імі таксама адбудуцца суды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?