Як стала вядома, Уладзімір Куліковіч з канца мая больш не з’яўляецца галоўным рэдактарам часопісу «Роднае слова».

Паводле яго слоў, з гэтай пасады, якую займаў два гады, ён сышоў па ўласным жаданні.

— Проста ў мяне ёсць іншыя планы на жыццё, — патлумачыў прычыну Куліковіч.

Разам з тым ў атачэнні рэдакцыі ходзяць размовы, што галоўнага рэдактара папрасілі сысці пасля размяшчэння на старонках часопісу рэкламы грамадскай кампаніі «Будзьма». Сам Уладзімір Куліковіч адмовіўся гэта каментаваць.

— Не ведаю, ці так гэта. Прыдумайце адказ самі! — параіў ён нам.

Замест Куліковіча рэдактарам «Роднага слова» прызначана былая галоўная інспектарка Міністэрства адукацыі Зоя Падліпская. Прычыны звальнення свайго папярэдніка яна таксама не называе.

— Кожнага новага рэдактара прызначае міністр, — адзначае Падліпская. — Больш за ўсё мне б не хацелася, каб нешта дрэннае фігуравала пра Уладзіміра Куліковіча. Мы ўсё жывём у адной краіне і робім адну справу.

Цікава, што гэта не першая змена галоўнага рэдактара часопісу, ахутаная таямніцай. У 2006 годзе з пасады сышоў Міхась Шавыркін. Афіцыйная фармулёўка гучала як «пагадненне бакоў». Але ж сам былы рэдактар сцвярджаў, што прапанова пакінуць пасаду звязана са «зместавым напаўненнем часопісу» — маўляў, тут друкуюцца аўтары, якія апошнім часам не ў пашане ў беларускіх уладаў. З 8 жніўня 2007 года загадам Мінадукацыі галоўным рэдактарам быў прызначаны Уладзімір Куліковіч.

Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0