«Важным тэстам» назваў таварыскі матч з Малдовай галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге. Гульня прайшла 10 чэрвеня ў Барысаве і завяршылася ўнічыю 2:2 (Радзівонаў, 4, Блізнюк, 27 — Калінкаў, 77, Андронік, 83).

«Сёння зборная паказала два абліччы. У першым тайме яна прадэманстравала клас, а ў другім згуляла адкрыта дрэнна», — заявіў трэнер на прэс‑канферэнцыі пасля матчу.

Паводле яго слоў, у перапынку былі замененыя Аляксандр Кульчы і Цімафей Калачоў, якія ў суботу згуляюць у матчы чэмпіянату Расіі. «Пасля гэтага мы страцілі ініцыятыву. Футбалісты, якія гулялі ў другім тайме, змаглі ўбачыць, як далёка яны ад міжнароднага ўзроўню», — заявіў Б.Штанге.

Нямецкі спецыяліст «крыху расчараваны», што яго каманда не перамагла.

«Нават калі гэта трэніровачны матч, трэба вучыцца выйграваць, не спыняцца, а забіваць, трэці, чацвёрты мяч», — падкрэсліў Б.Штанге.

Матч з Малдовай стаў апошняй праверкай перад паядынкам адборачнага турніру чэмпіянату свету‑2010 супраць Харватыі 12 жніўня ў Мінску.

«Калі да гэтага часу ў нас будуць усе здаровыя, а гледачы будуць зацікаўленыя ў матчы, можна будзе настройвацца на аптымістычны лад», — сказаў трэнер.

Б.Штанге паведаміў, што адпраўляецца ў Швецыю на фінальны турнір маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, што пройдзе з 15 па 29 чэрвеня. «Там гуляюць шэсць футбалістаў нацыянальнай зборнай, і для мяне важна паглядзець на іх», — адзначыў Б.Штанге.

Галоўны трэнер зборнай Малдовы Ігар Дабравольскі назваў гульню сваіх падапечных «абуральнай», першым чынам у абароне. «Калі б беларусы забілі яшчэ мячы тры, я б не здзівіўся. Нам пашанцавала, што першы тайм скончыўся з такім лікам. Мы дапусцілі шмат памылак, але для гэтага і існуюць таварыскія матчы», — заявіў трэнер.

***

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Бернд Штанге таксама выказаў здзіўленне невялікай колькасцю гледачоў на таварыскім матчы.

Стадыён у Барысаве, разлічаны на 5,5 тыс. гледачоў, быў запоўнены толькі на траціну.

«Як чужаземец я наогул гэтага не разумею, — заявіў Штанге на прэс‑канферэнцыі пасля матчу. — Магчыма, мне хто‑небудзь растлумачыць, чаму пасля двух адборачных матчаў чэмпіянату свету, дзе мы забілі 10 мячоў, ніхто не прыйшоў паглядзець на гульню нашых зорак, якія атрымліваюць мільёны, у тым ліку Аляксандра Глеба. Я такога не магу ўявіць».

Паводле слоў Штанге, гэта пытанне ён мае намер падняць у Беларускай федэрацыі футбола. Пры гэтым трэнер не змог адказаць, ці з’яўляецца прычынай нізкай цікавасці да матчу высокі кошт білетаў (10—20 тыс. рублёў).

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Глядзі яшчэ:
Зборная Беларусі згуляла ўнічыю з Малдовай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0