Фота Depositphotos.com

Чалавечы мозг — орган, у якім назіраецца электрычная актыўнасць. Усё, што адбываецца ў мозгу, — вынік хуткай перадачы мілівольтаў ад аднаго нейрона да іншага ў адпаведнасці з пэўным узорам. Гэта наводзіць навукоўцаў на думкі, што калі расшыфраваць гэтыя ўзоры, то іх пасля можна навучыцца настройваць з дапамогай электрычных імпульсаў так, каб лячыць псіхічныя захворванні — ад хваробы Альцгеймера да шызафрэніі. Да таго ж, гэта магло б дапамагчы палепшыць іншыя якасці, напрыклад, інтэлект або псіхалагічную ўстойлівасць, піша The New York Times.

Вядома, што будова мозгу настолькі складаная і цяжкадаступная, што нашмат прасцей гэта ўявіць, чым рэалізаваць. Аднак два даследаванні, вынікі якіх былі апублікаваныя ў студзені ў часопісе Nature Medicine, прадэманстравалі, што электрычная стымуляцыя мозгу можа з неймавернай хуткасцю пазбавіць чалавека сімптомаў дэпрэсіі і абсэсіўна-кампульсіўных разладаў.

Адсочванне мазгавой актыўнасці ўдзельнікаў даследавання дазваляла навукоўцам індывідуальна вызначаць электрычную стымуляцыю і тым самым змяняць настрой і звычкі ўдзельнікаў больш эфектыўна, чым з дапамогай тэрапіі і лекаў. Больш за тое, вынікі паказалі, што пэўныя сімптомы, якімі класіфікуецца адзін і той жа псіхічны разлад, уключаюць у сябе электрычныя працэсы, унікальныя для кожнага чалавека.

У першым даследаванні каманда з Каліфарнійскага ўніверсітэта хірургічным шляхам імплантавала электроды ў мозг жанчыны, што хварэла на дэпрэсію ў зацяжной форме, з якой не маглі справіцца традыцыйныя метады лячэння. На працягу 10 дзён даследчыкі падавалі электрычныя імпульсы праз электроды ў розныя ўчасткі мозгу з рознай частатой. Пацыентка, у сваю чаргу, павінна была запісваць свой настрой, узровень трывогі і энергіі.

Даследчыкі таксама фіксавалі, які тып мазгавой актыўнасці супадаў з перыядамі дрэннага настрою і адсутнасці энергіі. Мэта была ў тым, каб улічваць гэтыя рэакцыі падчас метаду, вядомага як глыбокая стымуляцыя мозгу. Гэты метад аднаўляе страчаныя функцыі нейронаў шляхам электрычных імпульсаў. На сённяшні дзень гэты метад паспяхова прымяняўся пры лячэнні хваробы Паркінсана. Цяпер жа даследчыкі выявілі яго патэнцыял у лячэнні дэпрэсіі.

Аднак дэпрэсія праяўляецца ў розных людзей па-рознаму. Менавіта таму даследчыкі лічаць, што індывідуальны падыход можа зрабіць лячэнне больш эфектыўным. Таму на аснове мазгавой актыўнасці жанчыны, навукоўцы запраграмавалі электроды на выяўленне яе дэпрэсіўнага стану і стымуляцыю ў адказ на гэты стан. Гэта падобна да таго, як кардыястымулятар уздзейнічае на сэрца. Такое эксперыментальнае лячэнне займае доўгі час, але пацыентка можа займацца сваімі штодзённымі справамі.

Глыбокая стымуляцыя мозгу з’яўляецца інвазіўным метадам, таму выкарыстоўваць яе трэба толькі ў складаных выпадках. Аднак у другім даследаванні навукоўцы паспрабавалі неінвазіўны спосаб — транскраніяльная стымуляцыя пераменным токам. Пры гэтым метадзе электрычныя імпульсы дастаўляюцца ў мозг праз электроды, размешчаныя на скуры галавы.

Мэта даследавання была ў тым, каб выявіць, як гэты метад уплывае на абсэсіўна-кампульсіўныя паводзіны. Папярэднія вывучэнні паказалі, што арбітальная лобная кара адыгрывае сваю ролю ва ўзмацненні такіх паводзін, калі чалавек атрымлівае нейкую ўзнагароду. Даследчыкі прымацавалі электроды да 64 валанцёраў і запісалі частату ў герцах, з якой іх арбітальная лобная кара спрацоўвала, калі ўдзельнікі даведваліся пра грашовы выйгрыш у гульні.

Частата ўдзельнікаў вар’іравалася нязначна. З улікам гэтай частаты, удзельнікі штодня падвяргаліся электрычнай стымуляцыі на працягу 30 хвілін 5 дзён запар. У выніку колькасць прыкмет абсэсіўна-кампульсіўных паводзін знізілася на 30%. Навукоўцы мяркуюць, што электрычныя імпульсы дапамаглі арбітальнай лобнай кары захоўваць свой звычайны рытм, нягледзячы на знешнія стымулы.

Вынікі даследаванняў пацвердзілі, што электрычная стымуляцыя мозгу патрабуе не толькі пэўнага ўчастка, але і правільнага рытму, з якім павінны падавацца электрычныя імпульсы. Навукоўцы перакананыя, што такім чынам можна выправіць многія псіхічныя разлады, на якія не дзейнічаюць лекі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?