Максім Знак — самы круты палітычны вязень: ён можа бачыцца з жонкаю ледзь не штодня. Надзея — адна з ягоных адвакатаў, таму справы, побыт і стан мужа «вядзе» асабіста: «Мая галоўная роля — падтрымліваць ягоны добры настрой і бадзёры дух, а потым, зразумела, рабіць тое, што робяць адвакаты». У дзелавых касцюмах і на абцасах яна носіць перадачы ды ходзіць на сустрэчы са зняволеным мужам, а пасля едзе да сваіх кліентаў. «Белсат» пагаварыў з Надзеяй Знак пра тое, як яна перажывае апошнія месяцы, дзе Максім знайшоў сабе ўжытак у турме ды які падарунак іхны сын папрасіў на дзень народзінаў.

Гэта спадабаецца аматарам тэорыяў змоваў

Спачатку адваката і сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Максіма Знака абвінавацілі ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. А ў лютым выставілі два новыя абвінавачванні — у змове з мэтаю захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам ды ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіравання ім.

Максім Знак, Марыя Калеснікава, Ілля Салей. Фота Надзеі Бужан. 

«Для мяне кожнае абвінавачванне альбо працяг тэрміну арышту — гэта эмацыйная кантузія, — кажа Надзея. — Пагатоў ты амаль нічога не здольны зрабіць: можна, вядома, пісаць скаргі, знаходзіць падставы і прыводзіць аргументы, чаму гэта няправільна, але ты нічога не зменіш».

Надзея не чакала затрымання мужа, усё ж «ён не рабіў нічога супрацьзаконнага, жыў адкрыта і заўсёды быў добрым грамадзянінам». Але раніцаю 9 верасня, калі яна амаль даехала да свайго офісу, убачыла званок ад калегі і зразумела, што той тэлефануе не проста так.

Надзея Знак, жонка адваката Максіма Знака. Фота Белсата.

«Ён сказаў, што Максіма арыштавалі, а ў кватэры будзе ператрус. Я адразу развярнулася і паехала дадому, у падʼездзе ўжо дзяжурылі людзі ў чорным, у кватэру мяне не пусцілі. Праз прачыненыя дзверы я ўбачыла Максіма: ён стаяў з вялізнымі вачыма, маўляў, як так, няўжо гэта ўсё са мной адбываецца. Адчуванне было, быццам ты ў нейкім серыяле, глядзіш і думаеш: «Гэта ўсё насамрэч?» Пасля двух ператрусаў засталося адчуванне бруду і агіды. Сын нават не захацеў начаваць удома і, пакуль я не прывяла кватэру ў добры стан, на некалькі дзён з’ехаў да дзядулі».

Спачатку Надзея думала, што Максіма проста пужаюць і выстаўляць абвінавачвання не стануць, бо ўласна ніякіх падставаў для распачынання справы не было. Але з першым працягненнем тэрміну арышту з’явілася разуменне, што ўсё сурʼёзна.

«Гэта было 12 лістапада. Выдаўся вельмі цяжкі дзень: Максіму працягнулі арышт, памёр Раман Бандарэнка, таксама ад кавіду памёр добры знаёмы нашай сям’і. У мяне было нейкае страшнае адчуванне, здавалася, што ты бездапаможны».

Першыя месяцы ў якасці жонкі палітычнага вязня Надзея паглыбілася ў юрыдычныя ды побытавыя справы: «Як сапраўдная жонка і моцная жанчына я ўзялася ўсё цягнуць і ўвесь час была моцна занятая. Здавалася, што майго жыцця не існуе альбо яно мне не належыць, і ўвогуле тое, што трэба мне, — другаснае і няважнае. Праз два месяцы я стамілася, стала зусім цяжка: быў лістапад, шэрая пара, мне не хацелася ні з кім размаўляць і нікога бачыць. Але потым прыйшоў нейкі спакой: раней ці пазней усё будзе добра. Да таго ж падтрыманне ўвесь гэты час было велізарнае. Пра мяне з Максімам успомнілі нават тыя, хто сышоў з гарызонту дзесяць, дваццаць ці трыццаць гадоў таму. Незнаёмыя людзі дасылалі на Новы год пакункі з падарункамі. Гэтая салідарнасць уражвае і не дазваляе здавацца і апускаць рукі».

«Смяёмся, што гэта ў яго творчы адпачынак»

Надзея з Максімам пазнаёміліся ва ўніверсітэце, яны вучыліся на юрыдычным факультэце. Аб’яднала перадусім музыка. Неяк на перапынку колам аднакурснікаў абмяркоўваліся беларускія гурты: высветлілася, што некалькі людзей, у тым ліку Надзея і Максім, слухаюць «N.R.M.», «Ulis» і «Краму». І ўсё. Будучыя сужэнцы сталі абменьвацца касетамі, у адной кампаніі хадзілі на канцэрты і ў паходы, ездзілі ва Украіну. А на трэцім курсе яны ўбачылі адно аднаго не толькі сябрамі. З 2002 года яны разам, з 2003-га ў іх сям’я.

Сыну Алесю трынаццаць гадоў, ён ужо самастойны хлопец, які чытае медыя, усё ведае і дапамагае маці цягаць прадукты з крамы, пакаваць іх і насіць перадачы ў СІЗА. «Яму, зразумела, цяжкавата. Увосень, калі суседзі адчынялі дзверы ў тамбур, часам казаў: «Мама, гэта тата ідзе». А я ж ведаю, што гэта не ён. Было балюча. Алесь піша бацьку лісты, адпраўляе малюнкі, кожны дзень пытае мяне, ці схадзіла я да таты. Напрыканцы снежня ў яго быў дзень народзінаў. Я запытала: «Што ты хочаш на свята?» Ён сказаў, каб тату адпусцілі хаця б на пяць дзён. Нават збіраўся пісаць прэзідэнту».

Паштоўкі з СІЗА ад адваката Максіма Знака. Зялёны колер на бела-чырвоным шаліку меркавана дамаляваў цэнзар. Фота Белсата.

Надзея паказвае лісты і паштоўкі ад мужа з турмы. На бела-чырвоным шаліку пінгвіна на адной з паштовак цэнзары дамалявалі зялёныя рыскі. А паштоўка са Шчаўкунком на кані абвешчаная «навагодняю Пагоняй». Штодня Максім Знак атрымлівае каля сарака лістоў і да ліставання ставіцца сурʼёзна: адказвае цытатамі, вершамі, назіраннямі або жартамі.

«Максім наагул герой: добра трымаецца і не дае сабе адпачыць. У яго вельмі шмат справаў: адказвае на лісты, піша вершы і песні, піша апавяданні — іх ужо больш за семдзесят, піша раман — гатовыя ўжо два тамы. Мы смяёмся, што гэта ў яго творчы адпачынак, праўда, крыху зацягнуўся. Астатні час Максім чытае і перавыхоўвае тых, хто побач. У яго была мэта, каб два чалавекі ў камеры кінулі паліць. І, ведаеце, удалося. Праўда, потым склад людзей змяніўся, але і новыя суседзі паляць усё менш. Ён прыдумляе гульні і спартовыя спаборніцтвы. Калі выходзяць на вуліцу, гуляюць у нешта накшталт «Брэйн-рынгу» і «Што? Дзе? Калі?». Усякае бывае, вядома, але большую частку Максім на пазітыве».

Паштоўкі з СІЗА ад адваката Максіма Знака: «Шчаўкунчык» у вобразе «Пагоні». 25 лютага 2021. Фота Белсата.

Надзеі смешна бачыць мужа ў асяроддзі СІЗА: інтэлігент Максім Знак піша вершы, а потым размаўляе на турэмным жаргоне і просіць «вальнячай» ежы — белага хлеба, напрыклад, ці нейкай рыбы.

З перадачамі дапамагае бацька Максіма: адмыслова ездзіць на Камароўку, набывае найлепшыя харчы, нешта раіць. «Мы з ім вельмі зблізіліся за гэты час. Бывае, і яму робіцца цяжка, тады ўжо я яго падтрымліваю, кажу, што ўсё часова і калісьці зменіцца. Гады насамрэч — гэта не так і шмат».

Справаў у Надзеі, натуральна, стала больш, а часу на працу засталося менш, але пэўныя кліенты таксама праявілі сябе — выказалі падтрыманне і сказалі, што пачакаюць:

«Я зразумела, што ёсць кліенты-кліенты, і гэта нармалёва, бізнес ёсць бізнес, але ёсць і кліенты-людзі. Я наагул шмат цяпер пераасэнсоўваю. Тое, што адбываецца, — цяжка і трагічна, але каштоўна для разумення сябе і жыцця. Уся краіна праходзіць праз выпрабаванні, мы ўсе робімся дарослымі».

«Мама, у цябе зноў сумны твар»

Фота Белсата.

«У нашай сям’і так склалася, што за побытавыя простыя пытанні адказваю я: Максім такі ўзнёслы чалавек, у яго шмат розных інтарэсаў, ён будуе кар’еру, а я магу нават кран адрамантаваць — і мне гэта цікава. Таму ў побыце пераменаў не адчуваю, хіба цяпер трэба яшчэ і перадачы цягаць. А што да эмацыйнага стану, я пастанавіла проста заставацца сабою. То бок калі хочацца выць і біць талеркі — рабіць гэта, але заставацца сабою. Цяпер я думаю, што, пакуль мы жывыя і адносна здаровыя, усё магчыма. Жыццё працягваецца, таму трэба сабрацца і працаваць, тым больш я люблю сваю працу, і мае кліенты для мяне вельмі важныя».

Каб акумуляваць энергію, Надзея сыходзіць у «часовую самаізаляцыю»: ідзе ў лес памаўчаць і паслухаць музыку, тады робіцца лягчэй, а ў галаве фармуюцца планы. Калі ж усё раскладваецца па пунктах і паліцах, Надзеі прасцей, яна называе гэта прафесійнай дэфармацыяй: «Каму дапамагло самашкадаванне? Ніякага сэнсу ў ім няма. Праўда, часам сын кажа: «Мама, у цябе зноў сумны твар».

Найбольш Надзея перажывае, што Алесь у падлеткавым узросце расце без простага кантакту з бацькам. Яна не ведае, як адсутнасць Максіма адабʼецца на ім, але ўвесь час кажа сыну, што тата яго вельмі любіць, што тата заўсёды быў сумленным чалавекам, што татам можна ганарыцца.

Максіму, паводле Надзеі, вельмі баліць праз несправядлівасць і бессэнсоўнасць: «У гэтым узросце з ягонымі ведамі і досведам ён можа шмат зрабіць і для краіны, і для сусвету. Шкада, што замест гэтага ён марнуе час. Добра хаця б, ён знайшоў выйсце ў творчасці. На Валадарцы сядзеў Якуб Колас: колькі яшчэ раманаў накшталт «На ростанях» мы пабачылі б, калі б ён быў на волі? І што наагул было б з Беларуссю, калі б мы не марнавалі час на турмы?»

Пасля пратэстаў 2006 года Максім Знак адседзеў 14 содняў у Жодзіне. У сямейным архіве захоўваецца здымак пасля «адседкі»: яго сустракаюць з кветкамі і шампанскім, а Максім не падобны сам да сябе. Надзея ўяўляе, як яны зробяць здымак дубль два — зноў з кветкамі і бутэлькаю шампанскага: «І з таго часу турма і арышты сямʼю больш ніколі не закрануць». А тым часам купляе заспакаяльныя і асобна рыхтуецца да самага цяжкага — суда.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?