Як піша РБК, у офісе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага спрабавалі перашкодзіць выхаду фільма-расследавання Bellingcat аб спецаперацыі захопу ўдзельнікаў ПВК «Вагнера» пры дапамозе брытанскіх спецслужбаў. Пра гэта паведамляе zn.ua са спасылкай на ўласныя крыніцы. 

Паводле звестак выдання, аўтару будучага фільма-расследавання аб спецаперацыі Хрыста Грозеву тэлефанаваў асабіста кіраўнік офіса Зяленскага Андрэй Ярмак, які хацеў даведацца пра падрабязнасці расследавання.

Акрамя гэтага, як паведамляе zn.ua, Кіеў спрабаваў перашкаджаць выхаду фільма праз брытанскую выведку. Выданне піша, што ў лютым 2021 года Украіну наведваў намеснік кіраўніка Мі-6 Лі Лоўрэнс. Падчас перамоваў дзейны кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў і намеснік кіраўніка офіса Зяленскага Раман Машавец прасілі Лоўрэнса, каб Брытанія паўплывала на Bellingcat, не дапусціўшы выхаду будучага фільма. Аднак, па дадзеных журналістаў, брытанскі бок адмовіў у просьбе ўкраінскіх уладаў, патлумачыўшы, што ў Брытаніі свабода слова. Выданне накіравала адпаведны запыт у пасольства Брытаніі ва Украіне, але там адмовіліся каментаваць пытанні, звязаныя з працай спецслужбаў.

Нагадаем, групу з 33 чалавек затрымалі ў Беларусі 29 ліпеня 2020 года. У беларускім КДБ заявілі, што затрыманыя аказаліся супрацоўнікамі ПВК, у дачыненні да іх распачалі крымінальныя справы аб падрыхтоўцы тэракту і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. БелТА пісала, што расейцы прыехалі ў краіну, каб дэстабілізаваць абстаноўку напярэдадні выбараў 9 жніўня. У Крамлі затрыманне назвалі беспадстаўным. 14 жніўня Мінск перадаў расейцаў Маскве.

У той жа час у Кіеве патрабавалі выдачы часткі затрыманых, паколькі іх улады Украіны падазраюць у тэрарызме і ўдзеле ў канфлікце на Данбасе. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі назваў рашэнне Мінска перадаць затрыманых Маскве несправядлівым.

Пазней прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што расейцаў «выкарыстоўвалі наўгад», выманіўшы ў Беларусь. Паводле яго слоў, за аперацыяй стаяць украінскія і амерыканскія спецслужбы.

У канцы снежня экс-прэзідэнт Украіны, лідар партыі «Еўрапейская салідарнасць» Пятро Парашэнка заявіў, што менавіта ён ініцыяваў аперацыю затрымання ў Беларусі 33 расейцаў. Па яго словах, зрыў аперацыі з'яўляецца дзяржаўнай здрадай, за якой стаяць «пэўныя асобы».

У снежні расследвальнік міжнароднай арганізацыі Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ён працуе над фільмам пра спецаперацыю «вагнераўцаў» у Беларусі. Аднак пра падрабязнасці расследавання ён не распавёў, удакладніўшы, што выхад фільма запланаваны на першую палову 2021 года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?