Фота Depositphotos.com

Стваральнікі эксперыментальнага прэпарату ад кавіду заявілі, што таблеткі далі станоўчы вынік падчас даследаванняў.

Таблеткі распрацоўваюць амерыканскія фармацэўтычныя кампаніі Ridgeback Biotherapeutics LP і Merck. Лекі значна аслабілі сімптомы каранавіруса на працягу 5 дзён падчас тэставых выпрабаванняў, піша The Wall Street Journal.

Даследаванні прэпарату працягваюцца. Калі і далей таблеткі будуць паказваць станоўчыя вынікі ў лячэнні людзей з кавідам, то гэты прэпарат стане эфектыўным метадам у барацьбе з пандэміяй і першым пераральным сродкам у лячэнні каранавіруса.

Эксперыментальны прэпарат назвалі мольнупіравір (molnupiravir). Ён можа адыграць важную ролю ў дапамозе пацыентам, якія маюць сімптомы кавіду, але могуць лячыцца дома.

Мольнупіравір атакуе не спайкавы бялок віруса, як гэта робяць іншыя супрацьвірусныя прэпараты, а тую частку віруса, якая дапамагае яму распаўсюджвацца ў арганізме.

Прэпарат прайшоў другую стадыю выпрабаванняў, у якіх узялі ўдзел 182 пацыенты, тэст на каранавірус якіх паказаў станоўчы вынік на працягу апошніх чатырох дзён перад выпрабаваннямі. Ніводны з пацыентаў не быў шпіталізаваны.

Валанцёры прымалі мольнупіравір два разы на дзень. У выніку праз пяць дзён тэсты паказалі адмоўны вынік у кожнага, хто прымаў прэпарат. 24% пацыентаў прымалі плацэба — іх тэст застаўся станоўчым.

Да канца гэтага месяца навукоўцы правядуць трэцюю стадыю даследаванняў, якія мусяць паказаць, ці дапамагаюць гэтыя таблеткі прадухіліць шпіталізацыі і смяротныя выпадкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?