Паводле яе слоў, праца па дыскрэдытацыі вакцын вядзецца адразу на некалькіх інтэрнэт-платформах і за імі стаяць расійскія спецслужбы.

Аб расійскай дэзінфармацыі заявіў у панядзелак і прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс.

«Вызначаны чатыры расійскія анлайн-платформы, якія працавалі пад кіраваннем разведслужбаў і распаўсюджвалі дэзінфармацыю аб вакцынах, ухваленых Упраўленнем па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША», — сказаў ён.

Цэнтр глабальнага ўзаемадзеяння (GEC) пры Дзярждэпартаменце ЗША выявіў тры такія платформы, якія, як сцвярджаюць у GEC, распаўсюджваюць дэзінфармацыю не толькі аб вірусе, але і аб міжнародных арганізацыях, ваенных канфліктах, пратэстах і аб усім, што можа патэнцыйна спрыяць расколу ў заходнім грамадстве.

«У гэтых агенцтваў розны ахоп, тон і мэтавая аўдыторыя, але ўсе яны распаўсюджваюць расійскую прапаганду і дэзінфармацыю», — заявіў прадстаўнік GEC.

Арганізацыя яшчэ ў жніўні 2020 года выпусціла адмысловую справаздачу на гэтую тэму, у тым ліку і на расійскай мове, пад назвай «асноўныя элементы экасістэмы расійскай дэзінфармацыі і прапаганды».

Пра гэта таксама паведаміла нядаўна газета Wall Street Journal. Выданне прыйшло да высновы, што гэта мэтаскіраваная кампанія дэзінфармацыі, скаардынаваная расійскім спецслужбамі, якая стала нарастаць па меры таго, як у ЗША і іншых заходніх краінах пачалася актыўная вакцынацыя насельніцтва прэпаратамі ад Pfizer/BioNTech, Moderna і Johnson and Johnson.

У якасці прыкладу такой дэзінфармацыі газета прыводзіць публікацыю адной з трох згаданых медыйных платформаў — так званага народнага інфармацыйнага агенцтва Навінавы фронт (у ангельскай версіі — News Front).

Гэта агенцтва сыграла на міжнародных паведамленнях і перабольшыла рызыку развіцця паралічу Бэла, які паражае мускулы твару ў людзей, якім зрабілі прышчэпкі Pfizer або Moderna. Хоць спецыялісты прызнаюць, што ў рэдкіх выпадках такое ўскладненне на самай справе бывае, гэта практычна не адбіваецца на бяспецы і эфектыўнасці вакцыны.

Аналітычную справаздачу аб тым, як Расія, Кітай і Іран маніпулююць інфармацыяй аб вакцынах, апублікавала на днях і няўрадавая арганізацыя «Альянс за бяспеку дэмакратыі» (ASD). Гэтая блізкая да амерыканскіх уладаў аналітычная арганізацыя была створаная ў 2017 годзе для супрацьстаяння расійскім дэзінфармацыйным кампаніям, накіраваным на падрыў дэмакратычных інстытутаў у ЗША.

«З тых часоў, як у сакавіку мінулага года з-за ўспышкі віруса вялікая частка свету апынулася ў локдаўне, Расія, Кітай і Іран выкарыстоўвалі камбінацыю публічнай дыпламатыі, прапаганды, а таксама адкрытых і схаваных кампаній дэзінфармацыі, каб прадставіць меры ў адказ на пандэмію ў гэтых краінах як больш эфектыўныя, чым на Захадзе», — паведамляецца ў справаздачы.

Арганізацыя вывучыла ў «Твітары» амаль паўмільёна паведамленняў з гэтых трох краін. Найбольшыя нападкі, па падліках аўтараў даследавання, па не зусім зразумелай прычыне зведала вакцына фірмы Pfizer. Пры гэтым з трох краін менавіта расійскія крыніцы часцей ўвязвалі гэтую вакцыну са смерцю пацыентаў.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адмёў абвінавачванні на адрас спецслужбаў Расіі, назваўшы гэта поўнай лухтой і заявіўшы, што яны не маюць ніякага дачынення да нагнятання хвалі крытыкі ў адрас вакцын.

На гэта Джэн Псакі адказала, што спробы дэзінфармацыі з боку Расіі для амерыканцаў — не навіна, што падыходы і тактыка Крамля вядомыя, што ЗША будуць ім усімі сіламі супрацьстаяць і што адпаведныя крокі ў гэтым кірунку ўжо робяцца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?