Справу Ігара разглядае суддзя Наталля Козел. Пацярпелы — кіроўца-міліцыянер Сяргей Багдзевіч, які непасрэдна і ўбачыў палавыя органы Ігара ў момант нясення службы. Такім чынам абвінавачаны «наўмысна праявіў непавагу да прадстаўнікоў улады, грэбуючы агульнамаральнымі нормамі». Але сам Ігар называе гэта арт-перформансам.

Пагутарылі з Анжалікай пра жыццё пад адным дахам з панкам і перформерам, які ўсё жыццё імкнецца да свабоды.

Ігар Банцар

Ігар Банцар

Крыху фактаў з біяграфіі Ігара

Ігар Банцар нарадзіўся ў 1980 годзе. Вучыўся ў Польшчы на міжнародных адносінах, быў сябрам «Маладога фронту», працаваў у якасці журналіста ў газеце «Пагоня», а пасля — у выданнях незалежнага Саюза палякаў («Głos znad Niemna», «Magazyn Polski», які ён нават узначальваў як рэдактар). За акцыі ў падтрымку свабоды слова і пікеты ў абарону польскай школы ў Гродна яго затрымлівалі яшчэ ў нулявых. Ужо тады мужчына ў знак пратэсту абвесціў сваю першую галадоўку і страціў каля васьмі кілаграмаў.

Асобную, вельмі важную старонку ў яго біяграфіі займае музыка. Спавядаючы антыфашызм і панк, у 2003 годзе Банцар сабраў свой гурт Mister X. Арганізаваў «Гарадзенскі рок-клуб», дзе і працаваў апошнім часам, дапамагаючы мясцовай моладзі запісваць музыку і ладзіць канцэрты. Ігар называў сябе «дырэктарам гарадзенскага андэграўнду» і марыў адысці ад палітыкі, каб займацца выключна творчасцю, але яго моцна закранулі падзеі пасля выбараў-2020. Сябры расказваюць, што аргументаваў ён гэта проста: «Калі палітыка прыходзіць да цябе, нельга сядзець дома ці казаць, што пойдзеш у новую модную кавярню». Спроба адсядзецца дома была б для яго здрадай уласным перакананням — хадзіць па вуліцах свабодна, не аглядваючыся.

Першы раз яго затрымалі 10 жніўня і выпусцілі са штрафам. Пазней ён атрымаў 10 сутак. Марафон затрыманняў працягнуўся, калі ён прыйшоў абскарджваць свае прысуды: у будынак яго не пусцілі, і тады Ігар станчыў каля яго з ружовым сцягам, у шортах — яго зноў забралі. Апошні раз супрацоўнікі міліцыі прыйшлі за ім 20 кастрычніка — ужо дадому, каб арыштаваць па крымінальнай справе за другі, верасеньскі танец без шортаў.

— Анжаліка, ці вядома нешта пра сённяшні стан Ігара? 

— Адвакат быў у яго 7 сакавіка, на чацвёрты дзень галадоўкі. Тады ж да яго ўпершыню завітаў доктар, замяраў ціск — казаў, што тады усё было ў норме. Ад той пары не ведаю, што з мужам і я. Адвакат зноў выбярэцца да яго толькі 10-га, а працяг суда — 12 сакавіка.

Сама я ўпершыню ўбачыла яго жыўцом ад моманту затрымання менавіта на судзе. Праўда, ён стаяў ад мяне вельмі далёка, быў у клетцы, цяжка было разглядзець нешта. Але ўжо 5 сакавіка сам Ігар казаў суддзі, што цяжка размаўляць, сліны не хапае.

Анжаліка разам з Ігарам і дзецьмі

Анжаліка разам з Ігарам і дзецьмі

— А ліставанне ў вас было з восені?

— Першыя месяцы лісты даходзілі рэгулярна — і да мяне, і да дзяцей. Пасля, калі Ігара забралі на агляд ў Навінкі (каб праверыць, ці мог ён адказваць за свае ўчынкі), больш за месяц была цішыня. І нашы з бацькамі лісты вярталіся, зусім ніякай інфармацыі пра яго не было.

— Якія ў гарадзенскай турме ўмовы расказвае?

— Ëн асабліва нічога пра гэта не піша. Па восені прасіў перадаць пярцовыя пластыры і для горла ледзяшы, бо хварэў яшчэ тады, калі яго забіралі, не далячыўся. Плюс шапку прасіў перадаць, цёплыя боты, бо спаць было немагчыма, холадна. У карцары, канечне, яму было цяжка: ані ложку днём, ані алоўкаў, ані кніг. Сам-насам са сваімі думкамі.

Апошнім часам Ігар прасіў перадаць толькі анучы, рукавіцы — усё, з чым можна камеру пачысціць, прывесці неяк у парадак.

— Як вы самі перажываеце яго затрыманне?

— Вядома, што нервуюся. І дзеці таксама нервуюцца — яны чакалі мінулую пятніцу і суд — думалі, можа, што вырашыцца. Цяпер трэба чакаць новую пятніцу. Хаця Ігар і не першы раз за кратамі.

Дзеці былі сведкамі ператрусу. З аднаго боку, яны ведаюць, што адбываецца. Тата ім загадзя распавёў, што да чаго, чаму яго могуць затрымліваць. Мы былі разам на першых мірных акцыях, сын і дачка бачылі людзей з кветкамі, спявалі «Перамен» Цоя ў машыне і хаце. Але цяпер сын усё ж пачаў баяцца міліцыі: калі недзе бачыць людзей у форме здалёк, баіцца ісці ў той бок.

Бацькі перажываюць больш за ўсіх. Усё ж малады хлопец, а невядома, якім выйдзе пасля турмы і галадовак. Гэта ўсё на арганізме адаб’ецца ўсё радно.

— У верасні сам Ігар пісаў у сацыяльных сетках, што вы прасілі развод, што ён і сам не хоча падстаўляць дзяцей сваім актывізмам, таму плануе жыць асобна. Гэта быў часовы разлад?

— Усе былі на эмоцыях, восень выдалася цяжкай і для мяне, і для Ігара. Але ён як бацька сапраўды вельмі перажывае за дзяцей. Ëн быў упэўнены, што за ім сочаць, думаў, што гэта з КДБ, бо, як ён расказваў, да яго на сутках прыходзілі супрацоўнікі ў камеру. І муж хацеў неяк засцерагчы сям’ю.

А перформансы… У артыста свой погляд на тое, што адбываецца і як можна гэтаму супрацьстаяць. Я, можа, не ўсё ўхваляю з яго дзеянняў, але прымаю яго такім, які ён ёсць: ён — мой муж і бацька нашых дзяцей.

— Як вы адрэагавалі на яго апошні перформанс, калі ён зняў шорты перад міліцыянерамі?

— Калі ўбачыла тое відэа, то шчыра пасмяялася. Ведаеце, у краіне і так штодзень адбываецца цырк, нават у судах тых жа.

 

Відэа з танцам Ігара, за які яго судзяць

— Але міліцыянерам гэтая, як аказалася, «дэманстрацыя геніталій» не падалася смешнай, гэта трактуецца як непавага да органаў, і ў горшым выпадку вашаму мужу пагражае да трох год пазбаўлення волі.

— Для мяне гэтая справа цалкам палітычна матываваная. Вядома, што Ігар прымаў актыўны ўдзел у розных акцыях пасля выбараў. І думаю, што апошні перформанс паслужыў толькі нагодай, каб яго арыштаваць і ізаляваць, спыніць.

Калі ўсё ж яго пакараюць па максімуме, будзем абскарджваць, канечне, рабіць усё, што магчыма. Я буду яго чакаць і змагацца далей. Цяпер у нашай краіне не адна я такая буду — жонка асуджанага па дзіўнай справе.

Пакуль мяне хвалюе нават не гэты магчымы тэрмін і не тое, як застануся адна з малымі дзецьмі (нас усё ж падтрымліваюць і сябры Ігара, і зусім незнаёмыя людзі), а яго здароўе. Калі ён абвесціў сухую галадоўку, то адразу сказаў, што гатовы ісці да канца. А ён чалавек слова: як кажа, так і робіць.

Ігара актыўна падтрымлівае не толькі панк-тусоўка, але і футбольныя фанаты з усяго свету

Ігара актыўна падтрымлівае не толькі панк-тусоўка, але і футбольныя фанаты з усяго свету

Чытайце. Што адбываецца з чалавекам падчас галадоўкі? Расказваюць доктар і беларус, які галадаў на пратэст пяць разоў

— На судзе міліцыянер-сведка выказваў здагадку, што Ігар быў п’яны, таму пайшоў на такі ўчынак. Але ён сам сцвярджаў, што даўно адмовіўся ад алкаголю.

— Ëн сапраўды шмат год ужо не п’е, гэта засталося ў мінулым. Калі мы пазнаёміліся, то ён вёў здаровы лад жыцця, займаўся спортам. І гэта можа пацвердзіць кожны.

— Як вы, дарэчы, пазнаёміліся? Ці было праблемай для вас ці вашых бацькоў, што ваш будучы муж меў першы шлюб і вельмі бурную маладосць з алкаголем? 

— Я з 17 год самастойны чалавек, з таго моманту, як паехала вучыцца з Ліды ў Польшчу (я на палову полька па лініі маці). Бацькі заўжды казалі: гэта тваё жыццё — рабі, што хочаш.

А пазнаёміліся мы ў 2005-м якраз у Саюзе палякаў, калі Ігар працаваў там журналістам. Я на той момант займалася асветніцтвам: была дырэктарам школы пры Саюзе, навучала польскай мове. Спачатку ў нас былі проста працоўныя адносіны, а ў 2009 годзе мы ажаніліся.

Мы адразу разумелі, што зусім розныя людзі. Але вось неяк жа сышліся: прынялі адно аднаго такімі, якія мы ёсць. Ігар выразна размяжоўвае: сям’я — гэта сям’я, а панк-рок — гэта панк-рок. Я нават не хаджу на яго канцэрты, ён сам не хоча, каб гэта перакрыжоўвалася.

— Які Ігар бацька і муж?

— Ëн вельмі любіць сваіх дзяцей, ён — клапатлівы тата. Пры гэтым заўсёды дае дзецям свабоду выбару — ніколі не цісне на іх (гэта я магу больш іх абмяжоўваць у нечым). Галоўнае, чаму ён вучыў дзяцей, — быць сабой, быць свабоднымі, умець жыць самастойна, каб не залежыць ад кагосьці. Ëн і сам сябе так паводзіць. Хлусня — гэта не для яго. Ëн вельмі шчыры, часам да болю.

У вольны час мы маглі ў настолкі гуляць усёй сям’ёй, вандраваць. На ноч Ігар любіў расказваць дзецям розныя байкі, кароценькія апавяданні, якія сам прыдумваў.

— Ëн неяк казаў, што збіраецца пісаць кнігу. Ведаеце, пра што?

— Калі шчыра — не. Ведаю толькі, што даўно хацеў, але часу не хапала зрабіць гэта. Можа, якраз у турме нешта атрымліваецца пісаць, калі ў яго ёсць магчымасць.

— Вы — намесніца рады Саюза палякаў, які ўлада даўно не прызнае, на вас пастаянна ціснулі, але вы працягваеце жыццё ў Беларусі. Некаторыя ў вашых абставінах даўно б з’ехалі… 

— Так, наша арганізацыя ўжо з 2005 года нібыта ў падполлі — мы нелегальныя для беларускіх уладаў. Не першы год нам, палякам, спрабуюць забараніць навучанне на польскай. Як маці я мусіла ісці да ўладаў і патрабаваць, каб мой сын мог навучацца па-польску. Забараняюць нам ужо праводзіць і народныя святы.

За гэтыя гады я прызвычаілася да таго, што ўлады могуць зрабіць з табой што заўгодна ў гэтай краіне. Але з гэтым трэба змагацца, адстойваць свае правы. Я ніколі не думала пра тое, каб з’ехаць. І Ігар і раней, і цяпер агучвае, што Беларусь — гэта яго краіна, ён хоча тут жыць. 

— Што зробіце ў першую чаргу, калі Ігар выйдзе на волю? 

— Калі шчыра, проста хочацца закрыцца, забрацца ў глуш і адпачыць ад усяго, што адбываецца навокал. Мы ўсе стомленыя маральна — і я, і дзеці.

Глабальна, канечне, хочацца, каб усё нарэшце змянілася на лепшае. Каб у сваёй краіне можна было свабодна рабіць, што хочаш (згодна з тым, што дае Канстытуцыя). Каб дзеці свабодна навучаліся на любой мове. І каб мы смела маглі выказваць свае думкі, не аглядаючыся на наступствы. Спакойна хадзіць па вуліцах, не перажываючы, што можам быць затрыманыя, таму што неяк не так апранутыя.

Чытайце таксама:
«Хацеў паказаць, што гэта — фарс». Гродзенскі музыка Ігар Банцар прыйшоў у суд у ружовым, яго забраў АМАП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?