Фота Depositphotos.com

Балтыйскі флот — адзін з пяці структурных элементаў ваенна-марскога флоту Расіі. Нягледзячы на назву, ён складаецца не толькі з караблёў, але і з ваенна-паветранай часткі. Флот базіруецца ў трох портах: Балтыйску ў Калінінградскай вобласці, а таксама ў портах Кранштадт і Ламаносаў у Ленінградскай вобласці. Сёння флот складаецца з 54 ваенных караблёў, але ў бліжэйшыя гады ён павялічыцца як мінімум на 5 карветаў «Каракурт» і на 3 новыя субмарыны. У дадатак флот мае 6 маленькіх супрацьлодачных караблёў, 6 маленькіх караблёў-ракетаносцаў, 10 мінных тральшчыкаў і 15 дэсантных судоў розных тыпаў, тлумачыць onet.pl.

Расійскаму ваенна-марскому флоту шмат гадоў бракавала інвестыцый, і Балтыйскі флот лічылі адным з яго самых тэхналагічна адсталых элементаў. Але з пачаткам 2010-х справы на Балтыцы пачалі змяняцца. З 2010 года ў Балтыйскі флот былі прызначаныя 16 караблёў, і, калі б не анэксія Крыма і вайна ў Данбасе, іх колькасць магла б быць яшчэ большая. З 2014 года значна вырасла хуткасць мадэрнізацыі Чарнаморскага флоту.

Аднак Балтыйскі флот усё яшчэ адчувае недахоп новых вялікіх надводных караблёў класа фрэгатаў. Па-першае, гэта звязана з агульнай з’явай для ўсяго расійскага ВМФ — гэты флот мае цяжкасці з камплектаваннем фрэгатамі. Па-другое, Расія больш інвестуе ў малыя караблі на Балтыцы, бо ў самой Калінінградскай вобласці ўжо ўсталяваная добрая сістэма супрацьракетнай абароны, таму няма сэнсу забяспечваць яе з дапамогай фрэгатаў. І па-трэцяе, Расія накіроўвае на Балтыку малыя караблі, бо падчас крызісу ці вайны, калі караблі не змогуць праходзіць праз Дацкія пралівы, малыя караблі Расія зможа перакідаць на Балтыку воднымі шляхамі праз Волгу і Няву, а таксама перавозкай па сушы.

Асноўная задача Балтыйскага флоту — захоўваць расійскі ваенны кантроль над Балтыйскім морам. Пры гэтым караблі з Балтыйска выконваюць місіі і ў іншых рэгіёнах, напрыклад, у Міжземнамор’і. Цягам апошняга часу Балтыйскі флот таксама актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі расійскіх энергетычных праектаў, напрыклад, пабудовы газаправода «Паўночны паток». Міхаіл Папоў, першы намеснік сакратара расійскай Рады бяспекі, прызнаў, што флот таксама павінен займацца абаронай гэтых пабудоў «супраць магчымых правакацый». Адзін са шляхоў такой абароны — выконваць рэгулярныя патрулі ўздоўж газаправода з дапамогай надводных караблёў і субмарын.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?