Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Уздзеянне гучнага шуму перш за ўсё звязваюць з пагаршэннем слыху. Аднак дарожны шум уплывае не толькі на слых. Гэта адзін з наймацнейшых стрэсагенных фактараў, які выклікае праблемы са здароўем, піша BBC.

За апошняе дзесяцігоддзе было праведзена шмат даследаванняў, якія выявілі, што шум ад транспарту павышае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Прыкладна трэць людзей у Еўропе падвяргаюцца ўздзеянню нездаровага ўзроўню шуму. Нездаровым лічыцца шум ад 70 дэцыбел. Звычайная размова, як правіла, складае 60 дэцыбел, шум ад легкавікоў і грузавікоў — ад 70 да 90 дэцыбел, а сірэны і самалёты могуць дасягаць да 120 дэцыбел.

Пастаяннае ўздзеянне павышанага шуму прыводзіць да праблем з сэрцам. Нямецкія даследчыкі прааналізавалі медыцынскія звесткі больш за мільён чалавек і выявілі, што тыя, хто жыве побач з аэрапортам Франкфурта, маюць большую рызыку інсульту на 7%. Навукоўцы знайшлі гэтаму тлумачэнне.

Калі шум дасягае мозгу, то ён актывізуе дзве важныя вобласці — слыхавую кару і міндалепадобнае цела, якое адказвае за эмацыйныя рэакцыі. Калі шум становіцца гучным, асабліва падчас сну, міндалепадобнае цела запускае рэакцыю арганізма на барацьбу або ўцёкі, чаго чалавек можа не ўсведамляць.

Гэта рэакцыя прыводзіць да выкіду адрэналіну і картызолу. У выніку адны артэрыі звужаюцца, іншыя пашыраюцца, павышаецца крывяны ціск, запавольваецца страваванне, а цукар і тлушчы запаўняюць крываток.

Такая каскадная рэакцыя на стрэс таксама выклікае ўтварэнне шкодных малекул, якія акісляюць эндатэлій — аднаслойны пласт клетак, які высцілае ўнутраную паверхню крывяносных судзін. Гэты дысфункцыянальны эндатэлій уплывае на крываток, што выклікае шмат парушэнняў у арганізме, ад якіх развіваюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Даследаванні паказалі, што эндатэлій пачынае горш функцыянаваць пасля начнога ўздзеяння шуму самалёта на працягу некалькіх дзён. Таму начны шум уяўляе сабой яшчэ большую небяспеку, чым дзённы.

У дакладзе СААЗ за 2018 год адзначалася, што еўрапецы ў сукупнасці губляюць 1,6 мільёна гадоў здаровага жыцця штогод праз шум дарожнага руху. І гэта лічба, улічваючы сучасныя працэсы ўрбанізацыі, будзе расці.

Даследчыкі адзначаюць, што людзі хутка прызвычайваюцца да гучнага шуму. Аднак калі вы прывыкаеце да шуму псіхалагічна, то гэта не значыць, што вы пазбаўляецеся ад яго негатыўных наступстваў.

Таму эксперты раяць выбіраць больш спакойныя раёны для жыцця. Таксама могуць дапамагчы вокны, якія не так прапускаюць шум. Мае сэнс выкарыстоўваць затычкі для вушэй, асабліва падчас начнога сну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0