Скрыншот з відэазвароту

Скрыншот з відэазвароту

Людзей заклікаюць прагаласаваць у сістэме «Голас», як і ў жніўні-2020.

— Кожны з вас ведае, што ў краіне крызіс. І вырашыць яго мы можам мірным шляхам — праз перамовы пры міжнародным пасярэдніцтве. Перад 25 сакавіка мы разам з Каардынацыйнай радай, «Байпол», фондамі салідарнасці і іншымі дэмакратычнымі сіламі, мы запускаем вялікае галасаванне на платформе «Голас». Наша з вамі агульная задача — зрабіць так, каб прагаласаваў кожны адказны беларус — і тады ўжо да Дня Волі мы ўбачым першыя вынікі, — заявіла Ціханоўская.

Па яе словах, перамовы дапамогуць вырашыць крызіс у краіне, прычына якога ў тым, што «ўладу ўтрымлівае чалавек, які прайграў выбары».

— Ён адмовіўся сыходзіць з пасады, ён спрабуе кіраваць краінай з дапамогай гвалту і рэпрэсій. І цяпер у нас закрываюць бізнэсы, цэны растуць, а пенсіі і заробкі падаюць. З Беларусі сыходзяць інвестары і гандлёвыя партнёры. А галоўнае — у краіне ніхто не адчувае сябе бяспечна. У сваіх дамах людзі ўздрыгваюць, калі чуюць шум за дзвярыма. І баяцца выкліку да начальства, таму што кожны раз чакаюць, што ім не падоўжаць кантракт, — заявіла Ціханоўская.

Экс-кандыдатка падкрэсліла, што беларусы выбіраюць не зброю, а негвалтоўны пратэст і сумленны голас.

— І чым больш галасоў, тым гучней для ўсяго свету гучыць патрабаванне вырашыць крызіс мірна і без новых ахвяр. Бо голас за перамовы — гэта голас за выратаванне сотняў зняволеных, якія пакутуюць у турме за сваё меркаванне. Гэта крок да дзяржавы, дзе паважаюць людзей і іх погляды. Дзе справядлівыя зарплаты і цэны. І што вельмі важна — гэта пэўны сігнал для міжнародных партнёраў — да дзеяння, — лічыць экс-кандыдатка.

Галасаванне запускаецца, каб правесці перамовы «з тымі прадстаўнікамі рэжыму, якія гатовыя думаць пра будучыню і прымаць сталыя рашэнні», а не зацягваць крызіс да поўнай катастрофы. Такія людзі, па словах Ціханоўскай, ёсць.

Перамовы будуць прадстаўляць сабой серыю сустрэч на розных узроўнях. Перагаворныя групы розных бакоў змогуць выпрацаваць рашэнні, як вывесці краіну з крызісу — не дапусціўшы новых ахвяр і не складаючы таемных здзелак.

— Каб зрабіць гэтую заяву, я сем месяцаў працавала з замежнымі палітыкамі і арганізацыямі, распавядала аб рэальнай сітуацыі ў Беларусі і заручылася падтрымкай, збірала магутную, прафесійную каманду. Усе яны на нашым баку. І прыйшоў час скарыстацца гэтай дапамогай. Вашы галасы дапамогуць нам дамагчыся рашучых крокаў з боку міжнародных структураў — АБСЕ і ААН. Яны гатовыя арганізаваць пляцоўку і выступіць пасярэднікамі, а таксама прымусіць рэжым пайсці на перамовы, — мяркуе Святлана Ціханоўская.

Каб прагаласаваць неабходна ўсталяваць чат-бот платформы «Голас» або адразу прагаласаваць, калі ён ужо ўсталяваны. Галасаванне будзе ананімным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0