14.06.2009 / 18:44

Маршруты па Беларусі: Слонім і Жыровічы 10

Адзін з найцікавейшых маршрутаў выходных дзён. Піша Сяргей Харэўскі.

Фота dariuss.livejournal.com

Назва гораду паходзіць, вераемна, ад славянскага «услона» — засланіць, абараніць. Хоць некаторыя дасціпнікі выводзяць яе ад сланоў, што тут нібы вадзіліся. У кожным жарце ёсць каліва рацыі. Так, у ваколіцах Слоніма знаходзяць парэшткі дагістарычных сланоў. Але вось людзей тады тут не было…

Дабрацца да Слоніма можна і цягніком, праз Баранавічы. Заадно будзе нагода разгледзець слонімскі вакзал — помнік дойлідства міжваеннага часу ў духу неабарока. Калі ж ехаць у Слонім машынаю — гэта блізу 200 км на паўднёвы захад ад Мінску па Брэсцкай шашы.

Мала хто ведае, што Слонім быў калісьці сталіцай беларускіх земляў. Дакладней, цэнтрам найвялікшай беларускай губерні. Менавіта старажытны Слонім расійская імператрыца Кацярына ІІ зрабіла ў 1795 г. цэнтрам вялізарнага абшару, у які ўваходзіла амаль уся заходняя Беларусь.

І сапраўды, нешта сталічнае адчуваецца тут, у горадзе над Шчараю. Ну, у якім яшчэ райцэнтры ёсць вуліцы Студэнцкая, Оперная? Тут збераглося нешта большае, чым проста дамы ці святыні. Ацалеў традыцыйны распарадак жыцця.

Прайсціся пагодным днём па слонімскіх мастах, падзівіцца хуткаплыннай Шчары — адна асалода. Галоўная частка старога гораду месціцца на высокім левым беразе ракі. Гарысты краявід, шчыльная старажытная забудова, купалы і званіцы надаюць Слоніму віленскі выгляд.

Ідучы па мосце вуліцаю Янкі Купалы, можна пацешыцца і старасвецкімі камянічкамі, і густымі садамі, і далінаю ракі, і паўмесяцам мінарэту, што ўзнёсся над Шчараю на вуліцы Кірава, былой Татарскай. Мусульмане жывуць тут спрадвеку. Колішні слонімскі джума‑мячэт з трыма мінарэтамі быў спалены ў працэсе вызвалення Заходняй Беларусі. Ад ісламскае старасвеччыны ў Слоніме захаваўся старадаўні мізар — мусульманскія могілкі у прадмесці Лабзоўка, за гарадскімі агульнымі могілкамі. За зялёнай брамай з паўмесяцамі — старыя‑старыя клады… Наогул, слонімскія могілкі — габрэйскія, каталіцкія, праваслаўныя, нямецкія — цікавая частка тутэйшае спадчыны. Найстарэйшыя — Ружанскія, могілкі на Лабазоўцы і могілкі ў Альбярціне. Калі хопіць часу, агле¬дзець іх варта. Бо часам старадаўнія могілкі, і тое, як іх і хто іх даглядае, могуць распавесці нам пра дзень сённяшні больш, чым якая газета…

Горад чатырох Ленінаў

З моста над Шчараю відаць высачэзны купал толькі адбудаванага Спасаўскага сабору, што прысеў акурат на краі стромае гары. Гэты фундаваны яшчэ Сапегамі касцёл пасля паўстання 1863 г. перарабілі на праваслаўную царкву, а ў хрушчоўскія часы ўзарвалі. На тым пляцы паставілі помнік Леніну, што паказваў рукою на далёкія разлогі над Шчараю, на слонімскае Замосце. Але на мяжы тысячагоддзяў сабор аднавілі. І Ленін цяпер паказвае рукою акурат на яго. Маўляў, слушнай дарогай ідзяце, таварышы.

Дарэчы, Ленінаў у Слоніме чатыры. Самы стары, у натуральную велічыню, прысеў ля Шчары, у парку, дзе самотна бавіць вечары.

Ад старога‑новага сабору цягнецца сімпатычны бульвар у бок плошчы Леніна, вуліца Першамайская, на якой таксама нямала помнікаў розных эпох, а таксама кавярняў.

Спыніцца тут можна ў гасцініцы «Шчара» — нятанна, ці ў санаторыі «Сонечны» — танней.

У свеце Слонім ведамы як радзіма Маркса. Міхаіл Маркс — адзін з сузаснавальнікаў кампаніі «Marks & Spencer», што валодае сеткаю супермаркетаў. Маркс вынайшаў ідэю крамы‑складу. Першая крама‑склад была адчыненая ім у Манчэстэры ў 1897 г. У Марксавай імперыі працуе 70 000 чалавек, яе абарот вымяраецца мільярдамі фунтаў. А гандляваць Маркс, пэўна, вучыўся на славутых слонімскіх кірмашах.

Слонім Агінскага

У Слоніме засталося куды больш помнікаў дойлідства, чым у іншых нашых гарадах. Стаіць будынак магістрату. Пры кляштары бернардынак аднаўляюць раскошную манументальную браму. Сам касцёл таксама варты самае пільнае ўвагі, бо тут перахавалася аўтэнтычная барочная пластыка.

І ў тых касцёлах, у Траецкай царкве і нават у аблупленай і закінутай Вялікай сінагозе, засталіся старыя аздобы, ляпніна і роспісы часоў росквіту Слоніму!

А росквіт тут быў у сярэдзіне XVIII ст., калі ў Слоніме гаспадарыў вялікі гетман Міхал Казімір Агінскі, дзядзька славутага кампазітара. Пры Агінскім тут былі пабудаваныя прадпрыемствы па вытворчасці ядвабовых тканін, дываноў і габеленаў. Гэта ён арганізаваў будаўніцтва першага Балтыйска‑Чарнаморскага калектару — каналу, што цяпер носіць яго імя. У горадзе Агінскі пабудаваў палац, школу, тэатр, друкарню, парк і конны манеж. Фінансаваў два оперныя калектывы і аркестр. Слонімская опера гастралявала ў Варшаве! Зрэшты, і цяпер тут ёсць уласны Слонімскі драматычны тэатр. Мо і універсітэт неўзабаве паўстане…

Альбярцін

Як будзеце ў Слоніме, не абмініце Альбярцін. Гэта адно з найцікавейшых слонімскіх прадмесцяў, што нельга ўявіць без знакамітай паперні. Завод «Альбярцін» — адно з найстарэйшых адобных прадпрыемстваў Беларусі. Ад яе праз раку Ісу — сядзіба Пуслоўскіх з манументальнай брамай. Тут усё выдатна захавалася: можна ўявіць сабе, як жылі паны 150 гадоў таму. Палац, стайня, флігелі. А навокал — вялікі стары парк з маляўнічым штучным возерам. Тут пры жаданні можна і пакупацца.

У палацавай калекцыі колісь былі карціны Рубенса і Брэйгеля, нават эскізы да Вінчы. У часе першае сусветнае вайны скарбы былі вывезеныя ў Маскву. На гэтым іх сляды губляюцца.

У лесе побач захваўся легендарны валун, у які на вачах пана Пуслоўскага шуганула маланка, абмінуўшы панскі вазок. Камень расколаты, сапраўды, напалам, нібы сякераю. Тутсама ў лесе, пры Белай крыніцы, ляжыць яшчэ адзін камень, з каваным крыжам… Месца гэтае лічыцца святым.

Альбярцін — гэта таксама месца адраджэння уніі ўш міжваенны час і пакутніцтва грэка‑каталіцкага экзарха Антонія Неманцэвіча, расстралянага нацыстамі ў 1942 годзе.

Жыровічы — праваслаўная святыня

Слонімскі стараста Леў Сапега спрычыніўся і да стварэння манастыру ў недалёкіх адсюль Жыровічах. Гісторыя згадвае мястэчка Жыровічы ад 1470 г. Тады, паводле падання, у лесе, на дзікай грушы, пастухі ўгледзілі абраз Маці Божае. На тым месцы пан Солтан пабудаў драўляны храм з манастыром і кляштар. Леў Сапега падараваў манастыру зямлю, на якой паўстала і мястэчка. А з будаўніцтвам мураванага Успенскага сабору Жыровічы сталі магутным цэнтрам грэка‑каталіцкае царквы ў Рэчы Паспалітай. Першым архімандрытам тутэйшага базыльянскага манастыру быў сам Язафат Кунцэвіч.

Цудам, нягледзячы на войны, наезды Хмяльніцкага, нямецкіх і савецкіх войскаў, Жыровічы і ўсе тутэйшыя храмы ацалелі… Нават драўляная Георгіеўскага царква XVII стагоддзя на могілках. З‑пад яе, з высокай гары, адкрываецца найлепшая панарама Жыровічаў.

Пабываць там і не пабачыць цудадзейны абраз, што захоўваецца ў манастыры, — марнаванне часу. Гэта маленькі каменны абразок, увабраны ў дарагія шаты. Тутсама бруіць крынічка, вада якой лічыцца святою.

Жыровіцкі манастыр — цэнтр праваслаўнага жыцця Беларусі. Тут вучацца на святароў. Тут моляцца манахі. Кідаецца ў вочы колькасць пілігрымаў. Яны рушаць сюды без розніцы ў веравызнанні… Для манашак з Жыровічаў у 2002 годзе ўтварылі жаночы праваслаўны манастыр у слонімскім прадмесці Лабазоўка. Пры гэтым манастыры ёсць і іканапісная школа для дзяўчат.

Завітайце і ў суседнія Старыя Дзявяткавічы. Тут збераглася драўляная Пятніцкая царква 1778 г., дзіўна спалучаная з з чатырма мураванымі калонамі. У тутэйшых ваколіцах яшчэ шмат чаго можна ўбачыць. Напрыклад, сціплы, але дагледжаны драўляны касцёлік на ўскрайку далёкае вёскі Сялявічы. У ім нейкім цудам удалося аднавіць колішняе хараство, урачысты алтар. Сённяшні храм Святой Барбары быў пабудаваны ў 1877 г., зачынены ў 1950 г., асвечаны наноў у 1989 г. Вось такія святыні, выпакутаваныя і вынесеныя з полымя гісторыі, кранаюць часам душу болей, чым вялізарныя каменныя спаруды. Сваёй шчырасцю і някідкай беларускай годнасцю. Як і ўвесь тамтэйшы край.

Сяргей Харэўскі

***

Слонім горад у Гродзенскай вобл., на рацэ Шчара пры ўпадзенні ў яе р.Іса. Раённы цэнтр. 50,8 тыс. жыхароў (2008). 1102 — першая згадка ў летапісах (Услонім і Васлонім). У 1531 Жыгімонт Стары дараваў месту Магдэбургскае права. У 1655 разбураны маскоўскім войскам. З 1795 увайшоў у склад Расійскай імперыі, цэнтр Слонімскай губерні. У1886 праз Слонім прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток.

Глядзі ранейшае:
Ваўкавыская готыка
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

0
wint / Адказаць
14.06.2009 / 19:36
Езьдзілі мінулым годам сямьей па маршруце Косава-Ружаны-Слонім-Жыровічы. Пра Слонім можна чытаць прыгожага, але ў мяне вельмі адмоўнае ўражаньне ад горада. Мы праехалі ўвесь горад ад кавярні да кавярні, але нідзе так і не змаглі паесьці, хоць у канцы гатовыя былі пагадзіцца нават на сталоўку. Жэсьць. На конт паесьці у падарожжы горад не прыстасаваны. А так, пандраваць прышпільна. Асабліва, калі выязджаеш і дакладна ня ведаеш, якім маршрутам і куды дакладна ты паедзеш.
0
Пятрусь / Адказаць
14.06.2009 / 20:21
Вельми добры горад. много архитектуры. а по пооду нечего поесть - пишите в мэрию города!
0
Danik / Адказаць
14.06.2009 / 21:44
wint напiсаў(ла) Чэрвень 14, 2009 у 19:36 На конт паесьці у падарожжы горад не прыстасаваны. ---------------------------------------------------------------------------------- Трэба "зсабокі" браць. Як гэта раблю я.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру