Іранскі Цэнтравыбаркам паведаміў, што дзейны прэзідэнт Махмуд Ахмадзінеджад выйграў выбары, набраўшы 63%.

Асноўным канкурэнтам яму быў кандыдат ад шырокай апазіцыйнай кааліцыі, былы прэм'ер Мірхасэйн Мусаві. Паводле іранскага Цэнтравыбаркаму, ён сабраў 34% галасоў.

Мусаві аспрэчвае перамогу Ахмадзінеджада. Вынік быў дасягнуты спосабамі, падобнымі да тых, што выкарыстоўвалі і беларускія ўлады: дзяржаўнае тэлебачанне працавала на аднаго кандыдата, мітынг прыхільнікаў Мусаві ў Тэгеране разагналі, у краіне была блакаваная мабільная сувязь, каб парушыць сувязь між штабамі апазіцыйнага кандыдата.

Папуліст Ахмадзінеджад сваёй рыторыкай падобны да Лукашэнкі, Чавэса і Мугабэ, аднак у выказванняў ён пайшоў далей за сваіх саюзнікаў. Ён заслужыў ганьбу адмаўленнем Халакосту, а любоў суайчыннікаў - змаганнем з карупцыяй.

Абвяшчэнне вынікаў Цэнтравыбаркамам выклікала хвалю пратэстаў у сталіцы. Ад ранку ў Тэгеране працягваюцца сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй у форме і ў цывільным. Пратэстоўцы гуртуюцца на цэнтральным праспекце сталіцы. На адной з плошчаў невядомыя падпалілі тры аўтобусы. Стала вядома пра арышт прынамсі ста актывістаў апазіцыі, у тым ліку брата былога прэзідэнта краіны Махамеда Хатамі. Прайшлі чуткі пра арышта самога Мусаві.

Аятала Хамэнэі, найвышэйшы духоўны лідэр Ірану, хутчэй-хутчэй у суботу павіншаваў Ахмадзінэджада з перамогай, што было прадказальна.

Выбары прайшлі па тым самым сцэнары, што і аўтарытарных краінах былога СССР. У дзень пасля выбараў у Тэгеране заблакавалі сайты, блізкія да кандыдата ад апазіцыі. Заблакаваная была нават інтэрнэт-супольнасць Facebook. Мусаві нават не далі правесці прэс-канферэнцыю. Аднак назіральнікаў уразіў ужо сам факт прынцыповых дэбатаў аб прынцыпах развіцця Ірану, што адбыліся перад выбарамі. Нават бастыён ісламізму не застаецца чужы духу дэмакратыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?