Нагадаем: за кратамі музыка, лідар гурта Mister Х, актывіст з Гародні знаходзіўся з кастрычніка. Яго затрымалі ў межах крымінальнай справы за танец без шортаў перад міліцэйскай машынай (артыкул «Хуліганства»). 3 сакавіка ў знак пратэсту Ігар аб’явіў галадоўку.

Ігар Банцар

Ігар Банцар

— Як адчуваеце сябе?

— Я разумеў, што для мяне пачаўся фінальны рывок, таму эканоміў увесь час сілы, пастаянна седзячы ў камеры ў простым сэнсе на дупе — з 6.00 да 22.00. Абсалютна не рухаўся: сілы маглі знянацку скончыцца. Але ўжо сёння было цяжка.

З суда я выйшаў на адрэналіне, таму што хоць на ўмоўнай, але ўсё ж пакуль на волі. Калі адрэналін спадзе, не ведаю, як усё станецца. Але ўжо пачынаюць адгукацца ўнутраныя органы — ныркі і падстраўнікавая залоза баляць. Ногі таксама, цяжка перасоўвацца.

— Многія не вераць: столькі часу на сухой галадоўцы — і вы так бадзёра выглядаеце.

— Я ж сядзеў у турме, там няма магчымасці схавацца. Калі б нешта спрабаваў есці, то гэта ўжо б даўно стала вядома. Мне кожны дзень прыносілі ежу і гарбату па графіку — думалі, што я спакушуся, але я да яе не дакранаўся.

Першыя хвіліны пасля суда

Першыя хвіліны пасля суда

Дапамагло тое, што я 13 год не ўжываў алкаголь, вёў здаровы лад жыцця, займаўся спортам, вегетарыяніў. Акрамя таго, арганізм падрыхтаваны: раней я неаднаразова галадаў. Апошняя непрацяглая сухая галадоўка была ў 2012 годзе (пасля яе і пачаліся першыя праблемы з падстраўнікавай залозай). У жніўні, калі мне далі 10 сутак, я таксама галадаў. Праўда, тады піў.

Усё гэта вельмі індывідуальна адбіваецца на арганізме. Ведаеце, калі мне білі татуіроўку на галаве летась, пасля выбараў ужо (а я б’ю ўсе без наркозу), я думаў пра тое, як 10 жніўня людзей катавалі, ім не было файна. Таму і я магу ўсё вытрымаць.

— Ну хаця б рот вы паласкалі?

— Я чысціў зубы, нармальна галіўся і мыўся, пакуль былі сілы. Дзве кроплі вады праглынуць — які ў іх сэнс? Тады ўжо трэба нармальна сядаць на кран і паўтара літра піць.

Окей, мог кроплю пасты з'есці і пару кропель вады праглынуць — тады можаце лічыць, што я не галадаў. Хаця апошні тыдзень я нават зубы не чысціў: сілаў не было. Толькі сядзеў і адказваў на лісты.

Я рэальна быў гатовы ісці да канца, але вось мяне выпусцілі з турмы. Цуд? Нехта скажа, што немажліва столькі не есці і не піць. Але я нікому нічога не павінен даказваць. Хто мяне ведае добра, у таго такіх пытанняў не ўзнікне. Можаце сесці на сваю галадоўку і паглядзець, што атрымаецца.

— Шмат лістоў прыйшло?

— Агулам чатыры папкі лістоў з кастрычніка. Не лічыў дакладна колькі. 24 лютага, у мой дзень народзінаў, прыйшло недзе 110 віншаванняў. І з замежжа пісалі, і проста неабыякавыя беларусы.

Цікава, што 85% лістоў — ад жанчын. Не ведаю, радавацца ці плакаць. Жанчыны беларускія — увогуле моц. Згадайце ланцугі салідарнасці ці ролю той жа Ціханоўскай і Калеснікавай. Відаць, у нас хутка матрыярхат будзе. Як прафемініст, падтрымліваю гэта ўсімі рукамі. Нашы цудоўныя жанчыны — адзін з фактараў, чаму я не з’ехаў з краіны. У нас тут усё добра: файная прырода, цудоўныя людзі, толькі з адным высокім кіраўніком не пашчасціла.

— Дактары рэгулярна сачылі за вашым станам?

— Медыкі прыходзілі рэгулярна, мералі ціск. У іх была ўстаноўка: пакуль я не ўпаду там і вочы не закачу, то яны мяне не чапаюць. Калі б гэта здарылася, пачалі б ставіць кропельніцы.

Мой фізічны стан апошнія тыдні не дазволіў накіраваць мяне ў карцар, хаця павінны былі на трое сутак. У мяне быў нізкі пульс і ціск. Дактары рэкамендавалі даць мне адтэрміноўку і размяшчаць у карцары, ужо калі выйду з галадоўкі.

Агулам за час зняволення правёў у карцары 15 сутак за парушэнні ўнутранага рэжыму. Ну парушыў і адбыў, няма нічога незвычайнага. Мае ўмовы ўсё адно не параўнаць з тым, што робяць з астатнімі вязнямі з тых навін, што я ведаю.

— Вы заўсёды знаходзіліся ў камерах-адзіночках?

— Так, за апошні тыдзень змяніў чатыры камеры. Ніхто не мог патлумачыць навошта. На Валадарцы я таксама быў адзін у 25-й камеры для «псіхаў» — перад адпраўкай на экспертызу ў Навінкі. У Навінках я адмовіўся размаўляць з усімі. Тэсты мне рабілі. А большасць часу я проста сядзеў і маляваў дзякуючы маёй сяброўцы з Мінска, якая паспела перадаць фламастары і алоўкі са сшыткам на 40 аркушаў. Атмасфера, канечне, там не вельмі радасная. Я і Новы год адсвяткаваў там. 

Мяне хацелі выставіць шызафрэнікам. Але цяпер у мяне ёсць афіцыйная экспертыза на 10 старонак, дзе гэта аспрэчваецца. За гэта нават магу сказаць міліцыі «дзякуй». Калі нехта скажа, што я псіх, у мяне ёсць афіцыйны адказ ад спецыялістаў, што гэта не так.

— Што было самым цяжкім за месяцы зняволення?

— Калі шчыра — толькі не смейцеся, — але нявырашаная сітуацыя з сябрам, з якім мы пасварыліся і не маглі памірыцца.

Я маляваў, адказваў на лісты, чытаў літаратуру. Пакуль былі сілы, займаўся спортам. Да фізічных і маральных цяжкасцяў я падрыхтаваны. Гэта, мабыць, выглядае ненатуральна, але на мяне не трэба раўнавацца, бо гэта мой досвед. Звычайны чалавек характарызаваў бы ўсё, што я перанёс, як жудасныя падзеі. Але я Банцар, я ненармальны чалавек, як усе кажуць. І я нікому не параю на мяне глядзець як на прыклад. Я — антыпрыклад. І так я жыву ўсё жыццё. Рабіць гэтак — прыдумаць перформанс і ісці ў турму, а пасля галадаць — не варта.

Ігар з жонкай Анжалікай і дзецьмі

Ігар з жонкай Анжалікай і дзецьмі

— Не шкадуеце, што вось за нейкі танец паўголым перад міліцыянерам пойдзеце на «хімію»?

— Слухайце, а за што сядзіць Калеснікава? Ці Ціханоўскі, які легальна збіраў подпісы, а пасля высвятляецца, што ён парушаў законы.

Я разумеў кантэкст: у нашай краіне і з нашым сённяшнім напружаннем такі перформанс выклікае алергічную рэакцыю. Я ж не знянацку гэта здзейсніў, мой учынак быў прадуманы. Мабыць, гучыць дзіўна, але я задаволены, як усё склалася ў выніку. Зразумела, шкада бацькоў, жонку, дзяцей. Але мой абсурдысцкі хэпенінг выдатна паказвае, які наш рэжым абсурдны. Гэта дадатковы ўнёсак для таго, каб пра гэтую абсурднасць даведаліся людзі, якія, мабыць, не да канца разабраліся. Я тут працую на сваёй творчай ніве. Можа, у кагосьці вочы расплюшчацца і ў перспектыве гэта спрацуе дзеля нашай свабоды.

 

— Паедзеце цяпер на абследаванне ў бальніцу? Вас пра гэта адразу на выхадзе з суда прасілі бацькі.

— Я ўжо адмовіўся. Буду ляжаць дома, хачу выйсці з галадоўкі натуральным чынам. Зараз пачаў піць ваду з цукрам, мёдам, каб глюкозы сабе даць.

Спатрэбіцца на аднаўленне тыдні два, думаю. Хаця чым гэта адгукнецца на арганізме далей, невядома. Пакуль у мяне будзе лайтовы рэжым. Вось пачаў глядзець на ютубе фільм пра Лукашэнку «Залатое дно», буду навіны падбіраць. А як аднаўлюся, хачу заняцца сваімі музычнымі справамі, якія адклаліся на паўгода праз маё зняволенне.

— Ваша жонка казала, што вы пішаце кнігі. Пра што? І ці пісалі нешта ў зняволенні? 

— Я пачаў, але там усё ж цэнзура, таму прыпыніў справу. У мяне будзе хімія з накіраваннем: маю месяцы, каб напісаць кніжкі. Адну прысвячу свайму калектыву Mister X: у 2023 годзе яму спаўняецца 20 год. «Рыба» ўжо ёсць. Плюс накідаю невялікія турэмныя дзённікі. Таксама ёсць жаданне напісаць раман, але гэта ўжо на будучыню.

Даведка:

Ігар Банцар нарадзіўся ў 1980 годзе. Вучыўся ў Польшчы на міжнародных адносінах, быў сябрам «Маладога фронту», працаваў у якасці журналіста ў газеце «Пагоня», а пасля — у выданнях незалежнага Саюза палякаў («Głos znad Niemna», «Magazyn Polski», які ён узначальваў як рэдактар). За акцыі ў падтрымку свабоды слова і пікеты ў абарону польскай школы ў Горадні яго затрымлівалі яшчэ ў нулявых. Ужо тады мужчына ў знак пратэсту абвесціў сваю першую галадоўку і страціў каля васьмі кілаграмаў.

Асобную, вельмі важную старонку ў яго біяграфіі займае музыка. Спавядаючы антыфашызм і панк, у 2003 годзе Банцар сабраў свой гурт Mister X. Арганізаваў «Гарадзенскі рок-клуб», дзе і працаваў апошнім часам, дапамагаючы мясцовай моладзі запісваць музыку і ладзіць канцэрты. Ігар называў сябе «дырэктарам гарадзенскага андэграўнду» і марыў адысці ад палітыкі, каб займацца выключна творчасцю, але яго моцна закранулі падзеі пасля выбараў-2020. Сябры расказваюць, што аргументаваў ён гэта проста: «Калі палітыка прыходзіць да цябе, нельга сядзець дома ці казаць, што пойдзеш у новую модную кавярню». Спроба адсядзецца дома была б для яго здрадай уласным перакананням — хадзіць па вуліцах свабодна, не аглядваючыся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?