Сёння суд Кастрычніцкага раёна Мінска на чале з Вольгай Няборскай вырашыў, што Кацярына аказвала непадпарадкаванне міліцыянерам, якія прыйшлі па яе ў інтэрнат, і вынес пастанову: 15 сутак зняволення па артыкуле 24.3 КаАП.
Кацярына сваю віну не прызнала.
«Мы, канечне, радуемся таму, што гэта не 30 сутак. Але сама сітуацыя страшная — чалавеку ні за што даюць 15, калі ён ціха знаходзіўся ў сябе дома. Добра, што Каця сабрала з сабой нейкія рэчы, не пайшла ў міліцыю з пустымі рукамі, як у мінулы раз, калі яе забралі перад «Усебеларускім народным сходам» — таксама нібыта для прафілактыкі, пагутарыць», — каментуюць блізкія Каці.
Як распавяла «НН» сяброўка Кацярыны, міліцыянеры абыходзілі і іншых іх знаёмых, якія раней ужо адбывалі адміністрацыйны арышт. Падобныя меры яны звязваюць з ізаляцыяй актыўных грамадзян напярэдадні Дня Волі.