Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

У здаровых людзей мікробы, якія дамінуюць у кішачніку ў раннім узросце, складаюць усё меншую долю па меры старэння арганізма. Аднак адсотак іншых, менш распаўсюджаных відаў, расце.

У той жа час у людзей, якія маюць шмат праблем са здароўем у пажылым узросце, назіраецца адваротны працэс: склад іх мікрабіёму застаецца пастаянным, што, у сваю чаргу, прыводзіць да больш ранняй смерці, піша The New York Times.

Мікрабіём кішачніка, які змяняецца з узростам, з’яўляецца прыкметай здаровага старэння, сцвярджае адзін з аўтараў даследавання Шон Гібанс, даследчык Інстытута сістэмнай біялогіі ў Сіэтле.

Многія даследаванні працэсу старэння канцэнтруюцца на тым, каб як мага даўжэй захаваць чалавека «маладым». Аднак новае даследаванне дае іншыя высновы. Мікрабіём, які здаровы для дваццацігадовага, не здаровы для пажылога чалавека. Калі мікрабіём змяняецца, то гэта значыць, што ўсе дэфекты, якія з’яўляюцца з узростам, прыстасоўваюцца да арганізма, што не выклікае сур’ёзных праблем са здароўем.

Навукоўцы прааналізавалі звесткі аб мікрабіёме ў прыкладна 9 тысяч дарослых ад 18 да 101 года.

Мікрабіём кішачніка хутка змяняецца ў першыя тры гады жыцця. Затым на працягу дзесяцігоддзяў яго склад застаецца адносна стабільным. Аднак калі людзі дасягаюць сярэдняга ўзросту, ён хутчэй змяняецца ў здаравейшых людзей, але мала змяняецца ў тых, хто мае праблемы са здароўем.

Вынікі даследавання паказалі, што тыя, хто меў больш за ўсё змен у мікробным складзе, мелі больш высокі ўзровень вітаміну D і ніжэйшы ўзровень халестэрыну. Яны ўжывалі менш лекаў і былі мацнейшыя фізічна.

Больш за тое, даследчыкі выявілі ў такіх людзей больш метабалітаў у крыві, якія выпрацоўваюцца кішачнымі мікробамі. У папярэдніх даследаваннях метабаліты ўводзіліся мышам, што дазваляла ім захоўваць фізічную актыўнасць і ўстойлівасць да хвароб.

Таму навукоўцы раяць надаваць увагу рэгулярнай фізічнай нагрузцы, а таксама менш ужываць моцна апрацаваныя прадукты і часцей уключаць у рацыён рыбу і клятчатку. Усё гэта мае станоўчы ўплыў на мікрабіём кішачніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0