Фота з архіва Кацярыны Сныцінай

Фота з архіва Кацярыны Сныцінай

Вось тэкст яе заявы:

«У нашай краіне спорт — гэта прапаганда рэжыму. І я не маю намеру быць яе часткай»

— Я прыняла рашэнне больш не выступаць за нацыянальную каманду і афіцыйна абвяшчаю пра завяршэнне кар'еры ў зборнай Беларусі. Гэта абдуманае і адназначнае рашэнне. Я не хачу больш прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне ў той час, як мой народ пакутуе, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям, калі людзей беспакарана забіваюць, калечаць і трымаюць у турмах. Колькі б чыноўнікі ні сцвярджалі, што спорт па-за палітыкай, менавіта ў нашай краіне спорт — гэта прапаганда рэжыму, і я не маю намеру быць яе часткай.

Як спартсменка я лічу, што магу прынесці нашмат больш карысці грамадству сваімі асабістымі праектамі або сумеснымі ініцыятывамі з SOS.BY. Напрыклад, месяц таму свабоднае аб'яднанне спартсменаў запусціла «Акадэмію чэмпіёнаў», у рамках якой мы дзелімся ведамі і вопытам з падрастаючым пакаленнем.

Я хачу і далей быць карыснай беларускаму грамадству, але не хачу выступаць за нацыянальную каманду. Прычым не хачу гэтага рабіць і ў будучыні — у свабоднай новай Беларусі, — падкрэсліла Кацярына Сныціна.

— 2020 год змяніў мяне, як і многіх беларусаў, як чалавека і грамадзяніна. Мне стала важна, каб людзі вакол мяне, тыя, з кім я праводжу амаль 24/7, падзялялі мае каштоўнасці і жыццёвую пазіцыю. У лютым падчас гульняў за нацкаманду ў Рызе я зразумела, што такой падтрымкі ўнутры зборнай Беларусі па баскетболе ў мяне няма.

Пры гэтым я сумленна выконвала свае абавязкі на пляцоўцы ў кваліфікацыйных матчах, разумеючы, што асабіста адказная за вынік як капітан нацыянальнай каманды. Мы дамагліся неабходнага выніку, прабіліся на чэмпіянат Еўропы. Далей адказнасць з сябе я здымаю. Адзначу: мне не крыўдна, што я не змагу прыняць удзел у чэмпіянаце Еўропы і пазмагацца за медалі, — сказала баскетбалістка.

— Я прыслухалася да сябе і зразумела, што ў мяне няма і ценю суму з-за спынення выступаў за зборную Беларусі. Здаецца, што я ўжо шмат месяцаў знаходжуся ў новай зборнай — SOS.BY, дзе сабраны неверагодныя, свабодныя і сумленныя спартсмены. Я бязмерна ганаруся быць часткай менавіта гэтай каманды.

***

Кантракт Кацярыны Сныцінай з РЦАП па гульнявых відах спорту мінае 31 сакавіка 2021 года. Капітану зборнай Беларусі прапанавалі падпісаць новую працоўную дамову, але яе не задаволіў пункт дадатковага пагаднення, які тычыцца выступленняў спартсменаў у СМІ.

— У лютым мне сапраўды даслалі на подпіс новы кантракт, які я падпісала на кожнай старонцы, закрэсліўшы толькі «Пункт 2.25»: «Не дапускаць публікацый і выступаў у СМІ без узгаднення з наймальнікам», — і запытала па ім дэталёвае тлумачэнне.

15 сакавіка мне прыйшоў адказ з Міністэрства спорту, у якім тлумачэнні былі прыкладна такія: «Узгадненне публікацыі азначае папярэдняе ўзгадненне публікацыі, становішча распаўсюджваецца на каментары замежным СМІ, у тым ліку на прэс-канферэнцыях, следствам неналежнага выканання працоўных абавязкаў можа з'яўляцца прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці…»

На наступны дзень я атрымала загад аб звальненні з нацкаманды, датаваны 11 сакавіка. Увогуле, кантракт са мной не працягнулі, бо «бакі згоды не дасягнулі».

***

Кацярына Сныціна выступала за зборную Беларусі з 2005 года, выйграўшы бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы (пазней яна выставіла яе на дабрачынны аўкцыён), брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях.

Выступала за клубы з Беларусі, Расіі, Францыі, Польшчы, Венгрыі, Турцыі. Зараз гуляе за каманду «Несібе Айдын».

На клубным узроўні станавілася фіналістам, бронзавым прызёрам і паўфіналістам Кубка Еўропы ФІБА. чэмпіёнам Беларусі і Францыі, прызёрам чэмпіянатаў Расіі, Беларусі, Польшчы, уладальнікам Кубка Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0