15.06.2009 / 11:35

Ці лёгка Крамлю скінуць Лукашэнку? 82

Крэмль закусіў губу. «Выглядае на тое, што некаму проста надакучыла быць прэзідэнтам гэтай краіны», — злавесна заявіла крыніца ў атачэнні Мядзведзева. Але ці так лёгка Маскве скінуць Лукашэнку? Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Крэмль закусіў губу. «Выглядае на тое, што некаму проста надакучыла быць прэзідэнтам гэтай краіны», — злавесна заявіла крыніца ў атачэнні Мядзведзева. Гэта адбылося пасля таго, як Лукашэнка байкатаваў саміт АДКБ і даў зразумець, што гатовы паставіць пагранцоў ды мытнікаў на расійскай мяжы.

У ролі Касандры традыцыйна выступае «КоммерсантЪ». Падтэкст заявы крамлёўскага ананіма болей чым празрысты. З яго вынікае, што памяняць фігуру на чале нашай краіны крамлёўцам як раз плюнуць.

Але ці сапраўды так? Ці сапраўды Крэмль здольны скінуць Лукашэнку адной левай? Нарэшце, наколькі расійская кіроўная эліта ў гэтым зацікаўлена?

Лукашэнка ж яшчэ для Пуціна стаў косткай у горле. Аднак узяць ППРБ ні голымі рукамі, ні ў яжовых рукавіцах так і не пашэнціла.

Спробы стварыць у нас нейкую прарасійскую пятую калону за ўвесь пастсавецкі час не прынеслі бачнага плёну. Усе адпаведныя грамадска-палітычныя структуры былі маргінальнымі і ціха завялі. Моцнага прарасійскага кандыдата на выбарах таксама вылучыць не атрымалася. Ды і якія тут, к чорту, выбары?

Варыянты нейкай спецаперацыі ці палацавага перавароту таксама малаімаверныя (чаму — асобная тэма).

Пусціць танкі, як на Тбілісі? Але ж перад гэтым трэба зрабіць сепаратысцкі анклаў з якога-небудзь там Шклоўскага раёна. Не, і гэты сцэнар не коціць :)

Дык як жа тады, кажучы па-крамлёўску, «мачыць у сарціры»?

Застаецца эканамічная душылаўка. Той самы «КоммерсантЪ» ужо прадракае газавую вайну. Але ж гэта бумеранг. Тым болей на фоне цяперашняга альянсу Мінска з Кіевам. Ды і Еўропа на дыбкі ўздымецца.

Дарэчы, менавіта еўрапейскі, заходні чыннік зараз выглядае выратавальным. Захад мог бы нават адкласці выхаваўчыя размовы і проста дапамагчы ўтрымаць незалежнасць. Але унікальны гістарычны шанец на рэзкае збліжэнне з Еўропай — не для гэтага палітычнага рэжыму. Персаналісцкай, антыдэмакратычнай сістэме няма чаго лавіць у садружнасці Старога Свету. Хаця гульня на еўрапейскім чынніку зараз, канечне, актывізуецца.

Разам з тым, найболей імаверным выглядае варыянт, што пасля абмену ўдарамі адбудзецца нейкае ўлагоджванне стасункаў з Расіяй. Там спрацуюць традыцыйныя вялікадзяржаўныя фобіі. Прычым страшна страціць не толькі РЛС пад Ганцавічамі, аб'ект пад Вілейкай, увогуле увесь гэты стратэгічны «беларускі балкон». Мусіць, найстрашней, што іншы ўрад сапраўды возьме курс на Еўропу.

Яшчэ і таму Расіі нявыгадна абвальваць беларускую эканоміку.

Так што пасля фазы вайны чакайма нейкіх узаемных саступак, нейкага варыянту замірэння. І зноў будзе поціск рук з крывымі ўсмешкамі ды поўнымі нянавісці поглядамі.

Аляксандр Класкоўскі.

0
Янка / Адказаць
15.06.2009 / 11:50
"злавесна заявіла крыніца ў атачэнні Мядзведзева." Аааа, гаварашчая крыніца, якую атачае мядзьведзяў!!!!
0
Аляксандр Класкоўскі 2 Янка / Адказаць
15.06.2009 / 11:55
Бачыце, вось ужо і напалохалі! :)
0
Aleś Jurkaviec / Адказаць
15.06.2009 / 11:57
Тут яшчэ цікава, у якой форме пагроза Лукашэнку была перададзена. У форме выказвання нейкай ананімнай "крыніцы". Сам Мядзведзеў, натуральна, такога публічна не сказаў, а выказванне "крыніцы" з часам можна будзе проста дэзавуяваць. Маўляў, нічога такога не казалася, гэта толькі домыслы журналістаў ці іхная няправільная інтэрпрэтацыя.
Паказаць усе каментары/ 82 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру