Сяргей і Наталля. Фота з сямейнага архіва.

«Два першыя тыдні я ціхенечка сыходзіў у іншы пакой і плакаў ад безвыходнасці — і гэта здаровы мужык, сто дзесяць кілаграмаў. Ты проста закіпаеш ад таго, што не можаш быць побач з сынам, калі на яго ціснуць і патрабуюць «усіх здаць», — прызнаецца Сяргей. За месяцы сужэнцы навучыліся трымацца бадзёра: яны тлумачаць сітуацыю як выпрабаванне і кажуць, што «апосталы таксама сядзелі, а апостал Павел увогуле адматаў некалькі тэрмінаў».

Давіда абвінавачваюць ва удзеле ў масавых беспарадках у Брэсце — ён адправіўся туды 10 жніўня і атрымаў гумовую кулю ў нагу. Па першым часе кульгаў, а калі ўзнавіўся, паспеў паступіць ва Універсітэт натуральных навук у Любліне і адвучыцца там два месяцы. Праз эпідэміялагічную сітуацыю навучанне зрабілася дыстанцыйным, інтэрнат універсітэта абязлюдзеў і Давід вырашыў з’ездзіць дадому.

«Мы яго адгаворвалі, бо тут арышты, і ніколі не ведаеш, што можа здарыцца. Ён сказаў: «Я пытаўся ў сяброў і знаёмых, мяне не шукаюць».

Давід прыехаў як раз у дзень нараджэння сваёй дзяўчыны, каб зрабіць ёй сюрпрыз. «Яна яго не чакала, а ён з сябрамі знайшоў цялежку, улез у нейкую скрыню і зладзіў ёй ля пад’езда «падарунак». Яна ажно крычала, такая радасная была». Давід паспеў прабавіць з блізкімі яшчэ адзін дзень і ў 6:30 панядзелка па яго прыехала міліцыя.

Бацька з той раніцы Давіда не бачыў, маці магла абняць прынамсі на допытах, дзе суправаджала яго як непаўнагадовага. Ужо на першай размове, якая адбылася ў РУУСе, ад хлопца сталі патрабаваць, каб ён назваў іншых удзельнікаў пратэсту.

«На нас крычалі, нецэнзурна выказваліся, пагражалі, што яму свеціць да васьмі гадоў. Мне сказалі: «Вы веруючыя, а так дрэнна выхавалі сына». Я адказала, што мы яго добра выхавалі», — успамінае маці.

Тое самае ад хлопца патрабавалі ў Следчым камітэце, але Давід прызнаўся толькі ў тым, што быў на пратэсце сам. Паводле Наталлі, калі яе сына ўтрымлівалі ў ІЧУ, да яго прыходзіў аператыўнік і намагаўся разгаварыць. «Пасля гэтага Давіда ў кайданках прывезлі ў пракуратуру, пасадзілі, побач сеў канваір — і ўсе былі ўпэўненыя, што ён пачне прызнавацца. Але ён адмовіўся даваць паказанні. Пракурор спытаў: «Ты ўпэўнены?». Давід сказаў, што ўпэўнены. Следчы быў вельмі злы. Потым я даведалася, што аператыўнік зноў прыходзіў ужо ў СІЗА, але Давід не пайшоў на кантакт, і на гэтым іх спробы разгаварыць яго спыніліся».

«Вера не дазваляе мірыцца са многімі рэчамі, напрыклад, з хлуснёй»

Давід у сям’і малодшы сын. Старэйшы жыве з бацькамі: ён не бачыць і пасля медыцынскага каледжа ў Горадні працуе масажыстам у дзіцячай паліклініцы. Сярэдняя дачка ўжо замужам, 16 жніўня яна нарадзіла дзяўчынку, якую назвалі Евай.

Сяргей верыць, што Бог выратаваў іх сям’ю. «У канцы 1990-х з-за пэўных непрыемнасцяў, а, можа, і маладушнасці, я моцна выпіваў і быў далёкі ад нармальнага стану. Але я перажыў сапраўдную сустрэчу з Богам — сур’ёзную, магутную, звышнатуральную, калі мяне быццам абрубіла і я больш не змог ні паліць, ні піць. Я ва ўсім цяпер бачу клопат Бога, нават у тым, што адбываецца ў краіне. Каб да канца зразумець беларускі народ, мне, напэўна, трэба было перажыць апошнія месяцы. Каб ва ўсіх нас расплюшчыліся вочы, напэўна, трэба было праз гэта прайсці. Нашай краіне катастрафічна патрэбны Бог, таму што вера не дазваляе мірыцца са многімі рэчамі, напрыклад, з хлуснёй. У Бібліі напісана, што калі ты беззаконніку не скажаш пра яго беззаконнасць, кроў ад гэтай беззаконнасці на тваіх руках».

Затрыманне і абвінавачванне Давіда бацькі ўспрымаюць як выпрабаванне, якое дапаможа яму перагледзець свае каштоўнасці. «Ён мне нядаўна, напрыклад, напісаў, што цяпер разумее, што грошы не важныя і нічога не вырашаюць, — расказвае Наталля. — У яго змянілася стаўленне да бацькоў: ён бачыць, што мы ў першую чаргу аб ім клапоцімся і перажываем, змяніўся ў камунікацыі з намі. Канешне, яму цяжка, але сам Давід кажа, што ў яго ўсё нармальна, што там ён нават у большай захаванасці, што мы з усім справімся і калі трэба адсядзець, ён адсядзіць».

Сяргей спасылаецца на тое, што Бог не дае чалавеку выпрабаванняў звыш яго сіл, і здзіўляецца таму, як моцна за некалькі месяцаў пасталеў яго сын. «Ён шмат што канкрэтна пераасэнсаваў, і па лістах я бачу, што, ну, мужык. Ён дзякуе за выхаванне, якое мы ў яго заклалі, за тое, што навучылі гонару і годнасці, давялі, што подлыя ўчынкі павінны карацца, а сумленныя, добрыя ўчынкі — гэта норма». 

Наталля і Сяргей просяць сына выкарыстоўваць час за кратамі на карысць: перадалі яму падручнікі па англійскай і польскай мовах, задачнік па шахматах, самавучыцель па маляванні, кнігі для чытання, выпісалі газету «Новы час». На прагулках Давід займаецца на турніках — так, што ўсе рукі ў мазалях. «Ён хоць кнігі пачаў чытаць. Дзякуй Богу, у яго там няма інтэрнэту. Можа, падлеткаў і карысна было б часам адпраўляць у камеру на месяцок, без інтэрнэту і з кнігамі».

«Мая вера кажа мне, што ўсё будзе добра»

Давіда не адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе — бацькам намякнулі, гэта з-за таго, што ён з’яўляецца студэнтам польскага універсітэта, можа збегчы. «Усе непаўнагадовыя, абвінавачаныя па гэтым артыкуле, да суда гулялі, апроч Давіда», — кажа маці. Зрэшты, з універсітэта хлопца адлічылі праз няздадзеную сесію.

«Я ўвесь час думаю пра сына, прачынаюся раніцай і ўжо думаю, як ён там. Хвалююся, што столькі часу страчана дарэмна і невядома, што будзе далей. Хочацца спадзявацца, што ўсе выйдуць, бо калі ўсе выйдуць, то і ён выйдзе, яго ж проста так не адпусцяць. Але часам думаеш, а раптам не, няўжо мой сын будзе столькі сядзець? Мы, канечне, спадзяемся, але ўсё залежыць ад Бога».

«Што адрознівае пратэстоўцаў? — разважае Сяргей. — Толькі вера. У нас рэпрэсіі з усіх бакоў, і што мы можам рабіць, дык гэта верыць. Ну не можа быць, каб гэтыя хлусня, фарс, зло, беззаконне доўга працягваліся. Я веру, што ўсё гэта рухне. З іншага боку, калі б яшчэ Давід навучыўся пісаць сваёй дзяўчыне такія лісты, а не два радкі ў вайберы? Бацькам дзве старонкі, а ёй сорак дзве. Я чытаў вершы, якія яна пісала Давіду, — паверце, Пушкін адышоў у бок і нервова закурыў».

Прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія вядуць справу Давіда, бацькі шкадуюць. «У іх заплюшчаныя вочы, яны не бачаць праўды альбо баяцца яе бачыць. Асабіста ў мяне да іх нянавісці няма, нягледзячы на тое, што яны нам зрабілі: хай Бог з імі разбіраецца», — кажа Наталля.

А Сяргей працягвае: «Ёсць пачуццё шкадавання, бо шмат маладых мужыкоў зламалі сваё жыццё. Мой пацан у сямнаццаць гадоў стаў героем у маіх вачах, а яны ўжо ніколі не стануць героямі. Гэта ж страшна, калі твае дзеці будуць браць іншыя прозвішчы. Калі раней былі ўсе «мы», то цяпер ёсць «мы» і «яны», і прорва паміж намі расце ў геаметрычнай прагрэсіі, калі бачыш, як на судзе пасля прысуда маці, дзядулі і бабулі плачуць наўзрыд, а пракурор смяецца ім у вочы».

Цяпер Наталля і Сяргей гадуюць унучку, пакуль адну — кажуць, там як пойдзе, калі Давід выйдзе. «У мяне адна мара — проста абняць яго і некалькі гадзін не адпускаць, — завяршае Сяргей. — Мая вера кажа мне, што ўсё будзе добра, і калі вакол цемра, хутка будзе святло. Гэтым мы і жывём».

Сям'і Давіда неабходна падтрымка ў аплаце паслуг адваката. Рэквізіты для тых, хто хоча дапамагчы: 

— на картку «Беларусбанка» 4255 1901 5267 0884, тэрмін дзеяння 08/23. Імя — DAVYD ZBARANSKI. 

— праз АРІП: Банкаўскія, фінансавыя паслугі — Банкі, НКФА — Беларусбанк — Папаўненне рахунка —BY81AKBB30140001602661010000

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?