Пра гэта на прэс-брыфінгу распавёў кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра суседняй краіны Міхал Дворчык, паведамляе Tut.by са спасылкай на wiadomosci.onet.pl.
Міхал Дворчык паведаміў, што ўрад Польшчы будзе прымаць меры з нагоды ўсіх палякаў, які падвяргаюцца рэпрэсіям у Беларусі.
Ён падкрэсліў, што прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі на пасяджэнні Рады Еўропы «падыме тэму рэпрэсій супраць польскай меншасці ў Беларусі».
— У адпаведнасці з указаннямі прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага, суддзі, які прысудзіў Анжаліку Борыс да 15 дзён арышту, бестэрмінова будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Польшча, — паведаміў Міхал Дворчык.
Нагадаем, старшыня незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс была затрыманая 23 сакавіка і на наступны дзень была асуджаная на 15 сутак за правядзенне кірмашу рамеснікаў «гродзенскія Казюкі». Як паведамляў у сваім Twitter журналіст Анджэй Пачобут (ён цяпер затрыманы), яе судзіў Руслан Гурын — суддзя Ленінскага раёна Гродна.
Пазней пракуратура завяла на Борыс крымінальную справу па артыкуле аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні.
Дворчык падкрэсліў, што кожны беларускі чыноўнік і кожны, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць польскай меншасці ў Беларусі, «пацерпяць ад наступстваў».
— На гэты момант мы рыхтуем план дзеянняў, накіраваных на дапамогу пацярпелым, — паведаміў кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы. — Мы таксама разлічваем на салідарнасць нашых еўрапейскіх партнёраў. Згаджацца з пераследам людзей толькі за тое, што яны маюць польскую нацыянальнасць, катэгарычна нельга, — падкрэсліў ён.