25 сакавіка пасольства ЗША павіншавала беларусаў з Днём Волі.

«У цяперашні час тысячы беларусаў усіх узростаў публічна патрабуюць права вызначаць лёс сваёй краіны. Многія плацяць высокую цану за спробу зрабіць свой голас пачутым, бо рэжым звярнуўся да запалохвання, гвалту і ўжывання смяротнай зброі, каб утрымацца ва ўладзе, — адзначалася ў заяве. — …Злучаныя Штаты віншуюць народ Беларусі з 25 Сакавіка і з нецярпеннем чакаюць таго дня, калі беларускі народ зможа самастойна вызначаць сваю будучыню».

Сёння у фэйсбуку Міністэрства замежных спраў з'явіўся каментар. 

«У сувязі з заявай пасольства ЗША ад 25 сакавіка 2021 г. выказваем шчырую ўдзячнасць амерыканскаму боку за праяўленую нарэшце гатоўнасць перавесці двухбаковую рыторыку ў канструктыўнае рэчышча і за віншаванне са значнай датай у гісторыі нашай краіны. Будзем толькі вітаць распаўсюджванне гэтай практыкі і на дзяржаўныя святы.

Мы прызнаём свае памылкі і карыстаемся выпадкам, каб прынесці прабачэнні за адсутнасць віншаванняў з нядаўнім 160-годдзем прыняцця Канстытуцыі Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі, сцяг якіх па-ранейшаму дарагі шматлікім амерыканцам. Пры гэтым рух BLM па ўсёй краіне налічвае дзясяткі мільёнаў удзельнікаў.

На жаль, сёння амерыканскае грамадства глыбока расколатае, як заявіў Дж. Байдэн: «Я цалкам засяроджаны на тым, каб аб'яднаць Амерыку, аб'яднаць наш народ, аб'яднаць нашу нацыю… Сілы, якія падзяляюць нас, вельмі глыбокія і моцныя… Давайце пачнём спачатку. Давайце пачнём слухаць адно аднаго, успрымаць адно аднаго, бачыць адно аднаго»…

Мы таксама падтрымліваем памкненні амерыканскага народа да лепшай будучыні — у гэты дзень і кожны дзень! Таму лічым, што толькі сапраўдны інклюзіўны дыялог дапаможа амерыканскай нацыі аб'яднацца ў гэты складаны момант гісторыі. У якасці бескарыслівага жэсту добрай волі Беларусь, маючы досвед пляцоўкі перамоў у рамках ТКГ, гатовая прапанаваць свае паслугі ў справе арганізацыі такога працэсу. Мы акажам любое пасільнае садзейнічанне, у тым ліку з прыцягненнем нашых партнёраў па інтэграцыйных структурах.

Хоць прайшло больш за два стагоддзі з моманту абвяшчэння незалежнасці, апошнія падзеі ў ЗША паказваюць, што барацьба амерыканцаў за свабоду ўсё яшчэ працягваецца. У цяперашні час сотні тысяч амерыканцаў усіх узростаў публічна патрабуюць права вызначаць лёс сваёй краіны. Многія плацяць высокую цану за спробу зрабіць свой голас пачутым, бо дзейнай адміністрацыі прыйшлося нават прымяніць смяротную зброю і застрэліць некалькі чалавек, каб утрымацца ва ўладзе і замацаваць вынікі выбараў.

Мы захапляемся мужнасцю і рашучасцю амерыканскіх герояў, сярод якіх Дж.Асандж, Э. Сноўдэн і Ч. Мэнінг, якія ахвяравалі практычна ўсім дзеля сапраўднай свабоды і гармоніі ў амерыканскім грамадстве.

Беларусь разам з амерыканскім народам з нецярпеннем чакае таго дня, калі просты амерыканец зможа свабодна і бесперашкодна шпацыраваць каля Капітолія.

Мы ўдзячныя прызначанаму Паслу ЗША ў Беларусі Дж.Фішэр за неацэнную падказку ўсяму беларускаму народу, калі і якім чынам трэба праводзіць выбары. Безумоўна, наша беларускае прымітыўнае і беднае мысленне ніколі б не дазволіла нам самім вырашыць гэтае пытанне. У знак неймавернай удзячнасці МЗС гатовы па-за чаргой прыняць заяўку яе правасхадзіцельства на атрыманне беларускага грамадзянства, каб уключыць яе ў спіс выбаршчыкаў і даць магчымасць удзельнічаць у галасаванні. Гэта ж можна зрабіць і без грамадзянства на якой-небудзь прызнанай Дж.Фішэр электроннай платформе.

Мы не можам не адрэагаваць і на працягнутую амерыканскім бокам руку дапамогі ў правядзенні выбараў. Такія дасягненні амерыканскай выбарчай сістэмы як галасаванне па пошце і Калегія выбаршчыкаў замест прамога волевыяўлення могуць быць запатрабаваныя і вывучаныя беларускім бокам.

Глыбока прасякнуўшыся ўвагай ЗША да лёсу Беларусі, у якасці кроку ў адказ мы можам унесці бескарыслівы ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі Аляскі і эфектыўнае засваенне яе зямель. У гэтай сувязі гатовыя разгледзець магчымасць сумеснага кіравання гэтай тэрыторыяй.

Маглі б перакінуць беларускія будаўнічыя арганізацыі, якія знаходзяцца ў рэгіёне, для перадачы вопыту і дапамогі жыхарам паўднёвых штатаў у пераадоленні наступстваў прыроднай стыхіі.

Шчыра зычым усяму амерыканскаму народу адзінства, а таксама, не спатыкаючыся, падымацца ўверх па лесвіцы амерыканскай мары.

Спадзяёмся, што пазітыўны трэнд у нашых адносінах захаваецца і мы сумесна падыдзем да таго моманту, калі зможам з радасцю сустракаць шосты флот ЗША ля марскіх межаў Беларусі!»

У Міністэрстве замежных спраў журналістам Tut.by пацвердзілі, што гэта не жарт.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?