Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заклікаў расійскіх чыноўнікаў быць карэктнымі ў сваіх выказваннях на адрас Беларусі.
На пасяджэнні прэзідыума ўрада РФ прэм’ер таксама парэкамендаваў чыноўнікам не крыўдзіцца на рэзкія заявы беларусаў, бо, паводле словаў Пуціна, крыўды ў палітыцы – гэта не самы лепшы варыянт развіцця падзеяў.
«Некарэктна, нядобра крыўдзіцца. Крызіс, стамляльнасць, стрэсы. Дарэчы, варта быць акуратней у выказваннях і трэба ведаць, што казаць і дзе казаць, праяўляць стрыманасць. У палітыцы крыўдзіцца – не самае лепшае разгортванне падзей».
Паводле Пуціна, заўсёды трэба дбаць пра дзяржаўныя інтарэсы: «Я выхоўваўся на ленінградскай вуліцы, дзе ў нас у такіх выпадках казалі: «Хто як абзываецца, так і называецца». Але ў палітыцы трэба кіравацца інтарэсамі дзяржавы і народа.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Расія і Беларусь з’яўляюцца адной сям’ёй.
«Мы – адзіная сям’я, у сям’і могуць адбывацца сваркі і скандал, але ўсе роўна жыццё ідзе».
Пуцін заявіў, што трэба незважаючы ні на што працягваць сумесную працу.