NASA

NASA

Гэта касмічнае цела, памерамі з два футбольныя палі, адкрылі ў 2004 годзе. У NASA яго лічылі адным з самых небяспечных астэроідаў для Зямлі.

Сутыкненне з ім пагражала планеце катастрофай. Найбольш магчымыя даты сутыкнення навукоўцы прагназавалі на 2029 і 2036 гады, а таксама ў 2068 годзе.

Але сёння навукоўцы, атрымаўшы новыя звесткі аб астэроідзе, гэтыя пагрозы выключылі.

«Нашы разлікі не паказваюць ніякай рызыкі прынамсі на працягу наступных 100 гадоў», — сказаў Давідзе Фарночыа, навуковец, які вывучае калязямныя аб'екты для NASA.

Названы ў гонар старажытнаегіпецкага бога хаосу і цемры, Апофіс, паводле ацэнак, мае 340 метраў у шырыню.

Нядаўна астэроід праходзіў адносна недалёка ад Зямлі. 5 сакавіка ён прайшоў за 17 млн км ад планеты. Падчас праходжання астраномы змаглі ўдакладніць арбіту астэроіда, што дазволіла ім з упэўненасцю выключыць любую рызыку ўдару ў 2068 годзе і яшчэ доўгі час пасля гэтага.

У наступны раз Апофіс падыдзе адносна блізка да зямлі 13 красавіка 2029 года. Ён будзе ў 32 000 км ад планеты. Гэта прыкладна адна дзясятая адлегласць паміж Зямлёй і Месяцам.

Падчас гэтага набліжэння Апофіс будзе бачны ва ўсходнім паўшар'і, у Азіі, Афрыцы і частцы Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0