15.06.2009 / 15:56

Трэці лішні 1

Падкрэсленая Малочная вайна можа быць часткай гульні Лукашэнкі па штурханні Мядзведзева да канфлікту з Пуціным. Піша Віталь Тарас.

Падкрэсленая Малочная вайна можа быць часткай гульні Лукашэнкі па штурханні Мядзведзева да канфлікту з Пуціным.

Незадоўга да падзеяў вакол маскоўскага саміта АДКБ некаторыя расійскія палітолагі выказвалі думку, што Аляксандр Лукашэнка гуляе ў разрэз паміж Пуціным і Мядзведзевым – спрабуе, так бы мовіць, разбурыць «тандэмакратыю». Што ж, калі перад тым расійскі прэм’ер Пуцін і міністр фінансаў Кудрын сапраўды гулялі ў Мінску ў добрага і злога следчых, як пра тое многія пісалі, чаму б Лукашэнку было не згуляць у тую ж самую гульню? Толькі паводле сваіх правілаў і з больш высокімі стаўкамі.

Прэзідэнту Мядзведзеву ў гэтай гульні адводзіцца роля «добрага хлопца», а Пуціну – «кепскага». Нездарма ж Лукашэнка запрашаў Мядзведзева на 65‑годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў.

Праўда,

як лічаць некаторыя палітолагі, гульня ў кіраўніка РБ не ўдалася, бо прэзідэнт РФ адназначна выступіў у абарону Кудрына, а пасля дэмаршу беларускіх уладаў у адносінах да АДКБ выказаў асабістую крыўду на Лукашэнку. Але гэта гледзячы пра якую гульню весці размову. Як даў зразумець ён сам, гульня пайшла па‑буйному. І не ў добрага і злога следчых, але, хутчэй, у «трэці лішні».

Калі задумацца, цяперашні расійскі‑канфлікт дэстабілізуе сітуацыю не столькі ў Беларусі, колькі ў Расіі. У Беларусі ўлада кансалідаваная. А ў Расіі апошнім часам мы назіраем на фоне эканамічнага крызісу ўсё больш зацятую барацьбу «тандэмакратаў» паміж сабой за ўладу. Напрыклад, выязное пасяджэнне Рады бяспекі пад старшынствам Мядзведзева ў Дагестане стала беспрэцэдэнтнай падзеяй. Прэзідэнт, фактычна, упершыню зайшоў на «каўказскую тэрыторыю» якая заўсёды лічылася «тэрыторыяй» Пуціна і яго сілавікоў. Пуцін жа ў сваіх інтэрвью усё больш яўна крытыкуе палітыку свайго былога стаўленніка.

Крызіс у адносінах з галоўным і, бадай, апошнім хаўруснікам на постсавецкай прасторы фактычна азначае ўнутрыпалітычны крызіс Расіі. Нехта за яго павінен адказаць.
(Як казаў некалі Беразоўскі – «за казла адкажаш»). На ролю «ахвярнага казла» цалкам падышоў бы галоўны санлекар РФ Анішчанка, на якога лёгка можна зваліць выдаткі «малочнай вайны». Але гаворка цяпер ужо не толькі пра эканамічны крызіс. Стаўкі, наколькі можна зразумець з апошніх падзеяў, сапраўды ўзляцелі вельмі высокія. І
трэцім лішнім у рызыкоўнай гульні можа быць прызначаны адзін з кіраўнікоў Расіі, а можа – кіраўнік саюзнай дзяржавы. Калі тандэмакраты хоць бы з пачуцця самазахавання дамовяцца паміж сабой дзейнічаць супраць упартага суседа сумесна, не выбіраючы сродкаў і метадаў псіхалагічнай дый не толькі псіхалагічнай вайны.

Цяжка прагназаваць вынікі гульні, якая вядзецца пад коўдрай, ды яшчэ без правілаў. Ясна адно – партыя ўваходзіць у стадыю эндшпіля, і хутка мы пабачым развязку. Шкада толькі, што беларусы, як заўсёды, застаюцца ў ролі маўклівых гледачоў.

Віталь Тарас

0
Кнехт / Адказаць
15.06.2009 / 17:25
"Убіваць клін" трэба па-сур'ёзнаму. Прапаную такі варыянт. Падчас вайсковых вучэнняў наш галоўнакамандуючы бярэ на сябе камандаванне і расійскай групоўкі і йдзе на Маскву - вызваляць расійскі народ ад «тандэмакратаў». :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру