У студзені ў Міністэрстве ўнутранай бяспекі ЗША знайшлі алгарытм распазнавання твару, эфектыўнасць якога ацэньваецца ў 96%. Паведамляецца, што гэты алгарытм працуе пры праверцы фотаздымкаў, нават калі людзі на фота не здымаюць маску, піша ВВС.

Варта пазначыць, што некаторыя службы паліцыі карыстаюцца праграмамі распазнавання твару. Лонданская паліцыя не ўжывала іх ужо год, але ёсць звесткі, што амерыканскія праваахоўнікі выкарыстоўвалі адпаведныя алгарытмы падчас пратэстаў Black Lives Matter мінулым летам. Патэнцыйная небяспека тэхналогіі выклікае трывогу праваабаронцаў — як і той факт, што некаторыя арганізацыі лічаць кавід апраўданнем для яе пашыранага выкарыстання.

Прыклад такой арганізацыі — японская карпарацыя NEC, якая яшчэ да пачатку пандэміі пачала распрацоўку алгарытмаў распазнавання твару ў выпадку з людзьмі, якія носяць маску па прычыне алергіі. У студзені кампанія заявіла, што сістэма ўжо паказвае добрыя вынікі: яе эфектыўнасць складае 99,9%. Праграма працуе наступным чынам: яна высвятляе, ці носіць чалавек маску, і, калі так, распазнае твар праз даступныя для назірання рысы, напрыклад, праз характарыстыкі вачэй і лба.

NEC плануе прадаваць праграму для выкарыстання пры праверцы бяспекі ў офісных будынках і іншых установах. Прадстаўнікі карпарацыі сцвярджаюць, што ў час пандэміі (а значыць, паўсюднага нашэння масак) дакладнае распазнаванне твару стала асабліва важным.

Прыватныя арганізацыі таксама не адмаўляюцца ад падобных праграм. Так, у адным з тэматычных паркаў Disney World на працягу месяца будуць карыстацца тэхналогіяй распазнавання твару, каб зменшыць чэргі наведвальнікаў на ўваходзе ў парк. Пры гэтым гасцей парка таксама не будуць прасіць здымаць маскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?