Абвінавачаныя — Ганна Задорская, Эліна Карыцька, Ігар і Сяргей Сідаровічы, палітвязні Рыгор Саладоўнікаў і Дзмітры Карабейнік. Пад вартай да суда ўтрымліваліся двое апошніх жыхароў Маладзечна, астатнім былі абраныя іншыя меры стрымання: асабістае паручальніцтва ці падпіска аб нявыездзе.

Адзін з абвінавачаных — Ігар Сідаровіч — чалавек з інваліднасцю: ён мае адну нагу. 

Справу разглядае суддзя Вікторыя Паляшчук, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор Пяркоўскі. Пацярпелымі па справе выступаюць кіроўцы маладзечанскага аўтапарку і хуткай дапамогі, якія ў той дзень знаходзіліся на дарозе: Герасімюк, Мілашэвіч, Якімюк, Кацярына Дубіна, Сяргей Тумель. Яны не выказалі ніякіх матэрыяльных і маральных прэтэнзій. 

Дзяржаўны абвінаваўца пачаў агалошванне пісьмовых доказаў па справе. Пяркоўскі зачытаў допісы з тэлеграм-чату, дзе абвінавачаныя абмяркоўвалі правядзення акцыі, што пісаць на банеры, дамаўляліся пра сустрэчы. Там жа планавалася правесці яшчэ адну акцыю.

Над справай працавала следчая група з трох следчых Маладзечанскага РАСК. Адвакаты звярталі ўвагу суда, што ў матэрыялах справы ёсць недакладнасці ў дакументах (дзесьці адсутнічаюць штампы і нумары выходнай карэспандэнцыі, некаторыя недакладна агалошваў дзяржабвінаваўца).

Перакрыццё Вялікага Гасцінца 21 лістапада. Фота СК

Перакрыццё Вялікага Гасцінца 21 лістапада. Фота СК

У судзе дэманстравалі рэчавыя доказы: балончыкі з фарбай, банер, мабільныя тэлефоны і флэшку. Сярод доказаў былі аўдыязапісы гутарак міліцыянераў з Сяргеем Сідаровічам і Элінай Карыцькай, відэа з камеры банка на скрыжаванні. Уключалі званок пацярпелай Герасімюк у міліцыю: «Тут гэтыя бел-чырвоныя перакрылі дарогу са сцягамі сваімі!»

Суддзя Паляшчук адхіліла напрыканцы пасяджэння два хадайніцтвы: аб паўторнай псіхічнай экспертызе Сяргея Сідаровіча і аб выключэнні пацярпелых з працэсу, бо, на думку абаронцаў, яны такімі не з’яўляюцца.

25 сакавіка давалі паказанні пацярпелыя Уладзімір Якімовіч, Аксана Герасімюк, Кацярына Дубіна, Сяргей Тумель, Віктар Мілашэвіч.

Якімовіч і Тумель — фельчар і кіроўца хуткай дапамогі. Яны ўспамінаюць, што бачылі, як Гасцінец перакрылі, але абурэння не было. Абодва сказалі, што, хутчэй за ўсё, ставіліся да гэтага нейтральна.

Тумель расказаў, што следчы звязаўся з ім, калі ён быў на самаізаляцыі праз каранавірус. Тумель папрасіў следчага, каб той па яго просьбе ўзяў паказанні калегі, бо яны павінны быць падобныя. Ліст з паказаннямі Тумель падпісаў у машыне следчага, іх не чытаў.

Дубіна таксама была падчас перакрыцця Гасцінца ў сваім аўтамабілі. Кажа, што ў яе ніякіх прэтэнзій да людзей не было. На яе думку, яны выказвалі свае погляды.

Мілашэвіч кіраваў грамадскім аўтобусам. Пасажыры не выказалі сваёй нязгоды, што аўтобус затрымаўся. Сам Мілашэвіч нейтральна адрэагаваў на выхад людзей.

21 лістапада Герасімюк спяшалася на сустрэчу, у выніку пад’ехала пад банер. Як сцвярджае, яго ніхто не падымаў. Яна ўпэўнілася, што нікому не пашкодзіць і праехала праз яго. Пасля сустрэчы патэлефанавала на лінію 102.

— Так, я патэлефанавала на лінію 102. Спынілася каля Гастранома, патэлефанавала. Чаму не раней? Таму што была за стырном.

26 сакавіка ў разбіральніцтве заслухоўвалі паказанні сведак, суд вывучаў пісьмовыя і рэчавыя доказы.

Паказанні сведак

Аляксандр Францкевіч — міліцыянер патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС. Падчас інструктажу ў аддзяленні на наступны дзень пасля акцыі далі арыенціроўку. У гэты дзень Францкевіч знаходзіўся ва аўтапатрулі. Ля Чырвонага касцёла па радыёсувязі паведамілі, што па прыкметах з арыенціроўкі ідуць падобныя мужчыны. Іх затрымалі ў дварах ля вуліцы Магістральнай. Францкевіч не памятае, каго дакладна затрымаў. Відэа затрымання бачыў, але не памятае, хто яго здымаў.

Мікалай Адашкевіч — кіроўца аўтобуснага парка. Ён не бачыў моманту акцыі, бо ехаў у тым месцы крыху пазней пасля падзей. У той дзень быў на маршруце №9. Скрыжаванне Вялікі Гасцінец — Багдана Хмяльніцкага праехаў без праблем.

Марына Саладоўнікава — маці абвінавачанага — прыйшла ў зал пасяджэння з паперкай. Яна падышла да трыбуны і адразу зачытала, што скарыстаецца артыкулам 27 Канстытуцыі, сведчаць супраць сына не будзе.

Вікторыя Сідаровіч — дачка Ігара Сідаровіча і сястра Сяргея Сідаровіча. У той дзень была на працы ў школе. Ёй даслалі фотаздымак акцыі. Вікторыя не пазнала нікога на ім. Сідаровіч заўважыла, што ў яго брата ёсць псіхічнае расстройства, яму неабходны курс лячэння. Пра гэта ж казаў сам Сяргей Сідаровіч, калі даваў паказанні.

Аляксандр Кушаль — камандзір роты патрульна-паставой службы Маладзечанскага РАУС. 22 лістапада заступіў на службу па ахове грамадскага парадку. На інструктажы расказалі пра перакрыццё Вялікага Гасцінца днём раней. Падчас службы ў радыёэфіры паведамілі пра мужчын, якія былі падобныя па прыкметах да тых, хто перакрыў вуліцу.

— Не памятаю, як рабілі відэазапіс. Але ў інтэрнэце відэа ёсць, я яго глядзеў, то-бок відэафіксацыя была. Не ведаю, хто рабіў відэа. Не гатовы зараз адказаць.

Кушаль не памятае, каго з абвінавачаных затрымаў.

29 сакавіка бакі перайшлі да спрэчак.

Дзяржаўны абвінаваўца Пяркоўскі запатрабаваў для ўсіх абвінавачаных аб перакрыцці Вялікага Гасцінца хатнюю «хімію». Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Сяргею і Ігару Сідаровічам — па аднаму году і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Эліне Карыцька, Ганне Задорскай — год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Адвакаты настойвалі, што дзеянні абвінавачаных не парушылі графік руху грамадскага і спецтранспарту, не прынеслі ніякай шкоды жыццю і здароўю ўдзельнікам руху. Ніякага намеру для наўмыснага блакавання дарогі ў абвінавачаных таксама не было, аб чым сведчаць матэрыялы справы. Ніякіх прэтэнзій ніхто не выстаўляў.

Апошняе слова абвінавачаных

У апошнім слове Карабейнік прызнаў віну і раскаяўся. Карыцька адзначыла, што не лічыць, што здзейсніла злачынства. Сяргей Сідаровіч пагадзіўся са словамі абароны і просіць вызваліць арыштаваных з-пад варты. Ігар Сідаровіч пацвердзіў, што не ўдзельнічаў у акцыі. Задорская сказала, што ніхто не ставіў мэтай парушыць правілы дарожнага руху, а таксама папрасіла змяніць меру стрымання для арыштаваных. Саладоўнікаў адмовіўся ад апошняга слова.

Прысуд будзе абвешчаны 31 сакавіка ў 17.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0