Ведамства паведаміла, што падчас асабістага дагляду ў Андрэя знайшлі газавы і сігнальны пісталеты, патроны, лазерную ўказку і нож. Сам хлопец на пакаяльным відэа кажа, што купіў гэты набор праз інтэрнэт, каб абараняцца, а ў мітынгах ніколі не ўдзельнічаў.

Андрэй Сялюн. Скрыншот з відэа МУС

Яго маці Тамары 66 год, яна ўжо на пенсіі. Разам з сынам яны жывуць у доме ў Вілейцы. Андрэя маці бачыла ранкам у суботу. Калі вярнулася з крамы, сын ужо некуды з’ехаў. А пасля ў той жа дзень прыехала міліцыя.

«Сказалі, што ім з Мінска пазванілі, але мне пакуль ніхто нічога не тлумачыў. Можа, вы ведаеце? Яны толькі сказалі, што ён удзельнічаў у мітынгу, і ў іх пастанова праверыць дом. Усё дагары нагамі паднялі. Міліцыя забірала сцягі, нейкія ножыкі, кнігі. Знайшлі майку Паўлушы з гербам «Пагоня», але яе я не аддала», — распавядае Тамара «Нашай Ніве».

Фота Настассі Храловіч, 2013 год

У Андрэя, кажа яна, няшмат сяброў. Жаніцца яшчэ не паспеў, працаваў у Мінску.

«Ён у палітэху вучыўся, на павышанай стыпендыі. Але як з Паўлушам тое здарылася, не пайшоў на абарону дыплома. Андрэй скончыў музычную школу па класе баяна. Музыку любіць і разумее. Спортам займаецца, такі дужы хлопец. Чытае шмат. І ў грамадскім плане, канечне, таксама прывучаны быў слухаць тое, што на карысць ідзе. 

Я адна сыноў расціла. У мяне самой прагрэсіўныя бацькі былі, выхоўвалі ў духу мець сваё меркаванне. Памятаю, маленькай чула, як «Голас Амерыкі» заглушалі, а яны слухалі».

Пасля расстрэлу брата Андрэй доўга не мог прыйсці ў сябе.

«Яны ўвесь час разам былі. Яшчэ на першых курсах калі прыязджалі дадому, я ўжо чую — радасць, смех. Пасля пойдуць пакупацца, на веласіпедах пакатацца, у футбол паганяць, — згадвае Тамара і зрываецца на плач: — Я Паўлушкін труп не бачыла, дагэтуль не веру, што яго няма…

Да мяне ў рэгіёне такое стаўленне… «О, так, ёй і трэба, справядлівая, вязглівая». Каб суседзі дапамаглі, дык ніхто. Міліцыянты толькі як прыязджалі, то суседзі з падваротняў глядзелі, чым усё скончыцца. Я наогул не веру ў нармальныя адносіны — нашай сям’і здаўна зайздросіцілі, бо бацькі мае працавітыя былі».

Маці Андрэя ў разгубленасці, бо не мае навін пра сына.

«Цяпер вось апетыту ніякага. Трэба хоць гарбаты папіць. І пайду працаваць — не ведаю, за што схапіцца. У нас вялікі участак, шмат што трэба рабіць. Дый па доме таксама. Летась ужо пачалі рамонт, бо падмурак развальваўся. Вельмі шмат працы, а калі няма рук, грошай, то цяжка.

Я сяжу дома адна. Учора пайшла ў лазню, ледзьве вымылася. Не магу спаць. Я не выжываю, няма сіл ніякіх. Прабачце, я не магу».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?