Чужаземец, затрыманы 12 чэрвеня ў Мінску за напад на аддзяленне ААБ «Беларусбанк» у Баранавічах, — гэта грамадзянін ПАР 1969 года нараджэння, які знаходзіўся ў Беларусі без рэгістрацыі. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС.

Як БелаПАН паведамляў раней, 10 чэрвеня каля 14.00 невядомы ў чорнай шапачцы з проразямі для вачэй увайшоў у аддзяленне банка па вуліцы Паркавая ў Баранавічах. Пагражаючы нажом і прадметам, падобным на пісталет, ён стаў патрабаваць аддаць яму грошы і адкрыць сховішча.

Калі работнікі банка адмовіліся выканаць гэтыя патрабаванні, злачынец пабіў іх.

Наведвальнікаў у момант учынення разбойнага нападу ў аддзяленні не было.

Паводле інфармацыі МУС, выявіць асобу падазронага, яго месца жыхарства і кола зносін аператыўным супрацоўнікам дапамаглі сведкі здарэння.

Пры праверцы на замешанасць у іншых злачынствах было выяўлена, што ён расшукваецца праваахоўнымі органамі ПАР за ўчыненне згвалтавання, махлярства, а таксама за вытворчасць і захоўванне дзіцячай парнаграфіі.

У студзені—маі 2002 года затрыманы падаў у шэраг дзіцячых дамоў Прэторыі заведама несапраўдныя звесткі аб сваім сямейным становішчы, каб атрымаць магчымасць забіраць дзяцей да сябе дадому. Замест аказання ім матэрыяльнай і маральнай дапамогі ён прымушаў непаўналетніх прымаць наркотыкі, катаваў, гвалтаваў і вырабляў матэрыялы парнаграфічнага зместу. Пасля арышту злачынца быў адпушчаны пад заклад і незадоўга да судовых слуханняў пакінуў тэрыторыю ПАР.

Улічваючы характар і цяжкасць учыненых злачынстваў, а таксама шырокі грамадскі рэзананс гэтых спраў, міжнародны вышук грамадзяніна ПАР быў арганізаваны на тэрыторыі ўсіх краін — членаў Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі — Інтэрпол.

На гэты момант у адносінах да затрыманага выбрана мера стрымання ўтрыманне пад вартай. Ён знаходзіцца ў ІЧУ Баранавіцкага ГАУС. Бліжэйшым часам яму будзе прад`яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 207 КК (разбой). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Следства працягваецца, праваахоўныя органы не выключаюць замешанасці грамадзяніна ПАР ва ўчыненні іншых злачынстваў на тэрыторыі Беларусі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0