Фота з фэйсбука Дзмітрыя Багаслаўскага

— Кантэкст, у якім знаходзяцца героі п’есы, і кантэкст, з якога з’язджаюць беларусы ў апошнія месяцы, адрозніваюцца. Вы неяк падладжвалі п’есу пад нашу рэчаіснасць?

— У нас зменены фінал, тут ён абсалютна не радасны. Не буду спойлерыць, магу хіба сказаць, што цягам спектакля блізкія зацюкваюць галоўнага героя, маўляў, «трэба станавіцца на ногі, шукай працу, я хачу ў рэстаран». А паколькі ён знаходзіцца ў стане няспыннага бегу і праз шэраг перыпетый перажывае эмацыйны напал, пакідаць яго ранейшым было б няправільна.

— Вы ў спектаклі даяце ўцямны адказ на пытанне, з’язджаць ці не?

— Не, сама тэма з’яўляецца прапанаванымі абставінамі, хоць некаторыя акцэнты, вядома, задаюць гледачу гэтае пытанне. Сам я не магу на яго адказаць, на мой погляд, трэба рабіць, што робіш — і няхай будзе, што будзе. Агульнага адказу ўвогуле быць не можа, кожны мусіць вырашыць для сябе. Я не асуджаю тых, хто па пэўных прычынах з’ехаў: калі чалавек шукае шчасця і цяпла — гэта яго справа, тым большкалі ён з’язджае праз небяспеку. Мы зараз усе знаходзімся пад чорт ведае якім назіраннем, я не разумею, як мы ўвогуле дажылі да такога гуманістычнага і гуманітарнага крызісу. Калі на Еўрабачанне прапануюцца «Галасы ЗМеста» — гэта катастрофа, гэта значыць, што ў нас не хапае адукацыі, культуры і пачуцця прыўкраснага.

— Я разумею актуальнасць тэмы, але калі ўбачыла анонс вашага спектакля, мне стала балюча ад «афіцыйнага» прызнання яе актуальнасці.

— Яна актуальная не толькі для беларусаў, мне падаецца, так цяпер жыве ўвесь свет. Працоўная міграцыя — незваротны сусветны працэс, проста ў нас, напэўна, яшчэ сядзіць савецкае стаўленне да эмігрантаў і дысідэнтаў, таму дагэтуль шырока тэма не падымалася. Але, канешне, сёння ў нас новая хваля і хвалюе яна нас зусім па-іншаму, паглядзець толькі, што адбываецца з IT-сектарам, які да жніўня цудоўна сябе пачуваў, а цяпер вымушаны займацца рэлакейтам.

— Вы пачалі працу над спектаклем перад звальненнем акцёраў Новага драматычнага тэатра. Гэта быў жэст салідарнасці?

— Так, я тады вярнуўся з пастаноўкі ў Кіеве, мы звязаліся з акцёрамі, і яны расказалі мне пра сваю сітуацыю. Мне трэба было зрабіць чытку ў Цэнтры беларускай драматургіі, і я прапанаваў тым, хто падпісаў ліст аб забастоўцы, у ёй паўдзельнічаць. Яны ўсе адгукнуліся, мы зрабілі чытку, а потым вырашылі працягнуць працу, таму што тэатр — гэта не ўстанова і не шыльда на сцяне, а людзі, якія яго робяць. Такім чынам мы працягваем рабіць тэатр, прычым, на маё меркаванне, важны тэатр. Пазіцыя ўстановы, што падае ў суд на сваіх жа артыстаў, дзіўная: ёсць жа інструмент дыялогу, тым больш тэатр і ёсць дыялог, ён з дыялогу пачынаецца і на ім трымаецца — два артысты выйшлі на сцэну, пачалі размаўляць, вось і тэатр.

Чытка п'есы.

— Калі ў нас на актуальную тэму ставіцца ўкраінская п’еса, узнікае пытанне, ці з’яўляюцца тым часам беларускія, бо час выглядае багатым на ўражанні. Для вас як драматурга цяпер прадуктыўныя месяцы?

— Восень была вельмі складанай: вакол адбываецца столькі падзей, усё расслойваецца на шматтэм’е, і ты не можаш ахапіць неабсяжнае. Да таго ж калі нехта можа адрэагаваць і нешта напісаць у той жа дзень, для мяне важны момант рэфлексіі. У снежні я скончыў п’есу, якая, на маё меркаванне, проста пранізана тым, што з намі адбывалася і адбываецца, хаця наўпроставага выказвання ў ёй няма. Калі я пачынаў тлумачыць артыстам, што гэта і чаму, яны казалі: «Слухай, усё і так зразумела». Мне здаецца, усе нашы аўтары сёння знаходзяцца ў нейкай унутранай рабоце, але разумею, што многія пішуць у стол, бо апублікаваць ці прачытаць іх работы са сцэны дзяржаўнага тэатра немагчыма, а трэба разумець, што тэатр у Беларусі дзяржаўны на 99 працэнтаў. Думаю, досвед, які мы цяпер атрымліваем, у выніку выльецца ў асобную драматургічную хвалю.

— А вашую п’есу можна было б сёння паставіць?

— Так, бо там усё вісіць у атмасферы. Я пачаў пісаць яе яшчэ ў красавіку, а з канца мая мне стала ўсё цяжэй выконваць пастаўленую лабараторыяй задачу, а не адгукацца на рэчаіснасць. Са жніўня па лістапад быў перапынак, урэшце я адкарэктаваў задуму і нешта перапісаў, каб п’еса магла перадаць нашу атмасферу такой, якой я яе адчуваю.

— Якія рэчы з сённяшняй Беларусі там увасабляюцца?

— На жаль, даводзіцца казаць пра нейкую безвыходнасць. П’еса называецца «Катапульта» — гэта такі вобраз, калі ты сядаеш, як ты думаеш, на атракцыён, а ён аказваецца катапультай. Наша жыццё спрацоўвае прыкладна гэтаксама: мы ніколі не ведаем, калі і што з намі адбудзецца, як не маглі прадказаць тое, што адбываецца сёння. Жыццё цячэ па сваім сцэнары і як бы мы не выбудоўвалі свае правілы гульні, яно ім падпарадкоўвацца не будзе. Канечне, у п’есе ёсць і тэматычныя адгалінаванні, як каранавірус альбо адсутнасць грошай у звычайнай сямейнай пары за сорак.

— Як гэта цяпер — працаваць над незалежным праектам?

— Да прэм’еры мы знаходзімся ў абсалютным напружанні і не ведаем, ці прыйдзе да нас МУС правяраць пашпарты альбо МНС правяраць разеткі. Альбо, можа, нам патэлефануюць і скажуць, што нашыя гастрольныя пасведчанні ануляваныя. Так, мы жывём у такіх умовах, але мы хочам рабіць тэатр, бо гэта тое, чаму мы вучыліся і чаму прысвячаем жыцці, нягледзячы на звальненні і іншае. На чале тэатра стаіць чалавек, ён уласна і займаецца чалавекам. Таму дзіўна казаць, што тэатр павінен быць па-за палітыкай, бо палітыка не можа нас не закранаць. Спектакль «З’язджаць нельга застацца» — гэта сацыяльнае выказванне, але я ўпэўнены, нехта змяшае яго з палітыкай. І калі ласка, такім чынам можна чарговы раз упэўніцца, што гэтыя паняткі нельга раздзяліць. Не можа быць тэатр па-за палітыкай ці па-за нечым яшчэ, а калі ў палітыцы толькі палітыка, давайце забаронім палітыкам вырашаць нешта датычна культурнай сферы і закрыем гэты дыялог.

— Вы перад сабой ставіце пытанне, з’язджаць ці не?

— Не, пакуль не стаўлю. Спадзяюся, што ў нас усё вырашыцца. Я хачу, каб мая дачка расла тут. Думаю, тых, хто жыве надзеяй, вельмі шмат. Таму важна не падаць духам, давайце безнадзейнасць пакінем мастацкай выдумцы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?