posterТайна Мунакра (The Secret of Moonacre)
Вялікабрытанія – Венгрыя – Францыя, 2008, каляровы, 103 хв.
Рэжысёр: Габар Чупа
Ролі выконваюць: Дакота Блю Рычардз, Ян Груфад, Цім Кары, Наташа МакЭлгоўн
Жанр: Казка паводле раману Элізабэт Гудж
Адзнака: 4,5 (з 10)

Асірацелая дзяўчынка Марыя пераяжджае ў сядзібу свайго дзядзькі. У старым палацы гераіня даведваецца, што яна – апошняя прынцэса Поўні. Яна мусіць выратаваць даліну ад праклёну й прымірыць сем’і, якія здаўна варагуюць.

Рэжысёр Габар Чупа здымае мілыя гісторыі для ўсёй сям’і. Ягоны дзіцячы фільм «Мост у Тэрабітыю», зняты за невялікія грошы і з мінімумам адмысловых эфектаў, кранаў праўдай і спачуваннем.

У казцы «Тайна Мунакра» нешта не заладзілася.

Стужка патрабавала й большых эфектаў – і танчэйшай распрацоўкі характараў. У фільме ёсць чорны леў, што пераўтвараецца ў сабаку, чароўныя пацеркі, аграмадная й помслівая Поўня – і закаханыя, якія ніяк не замірацца.

Ёсць дзіўны кухар, адзінарог – і, адмысловы цвік, пацешная гувернантка. Кожнае ейнае выйсце – сапраўдны камічны атракцыён з балбатаннем, дурацкімі жэстамі й парасонам.

Але «Тайна Мунакра» – млявая казка для рамантычных дзяўчынак.

І не факт, што глядачкі не заснуць да канца сеансу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?