Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Студэнтаў мінскіх ВНУ, выкладчыцу БДУІР і выпускніцу медуніверсітэта абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што прывяло да парушэння працы ўстаноў і транспарту (частка 1 артыкула 342 КК).

Пакаранне па артыкуле прадугледжвае штраф, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.

Як паведамляе пракуратура, адна з абвінавачаных — былая асістэнтка кафедры адной з ВНУ. Верагодна, гаворка пра выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкову. На думку следства, яна каардынавала дзеянні ўдзельнікаў пратэстаў «у частцы іх перамяшчэння і мінімізацыі затрыманняў, інфармавала пра месцазнаходжанне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Заяўленая пры гэтым мэта — «сабраць больш людзей і ісці зрываць заняткі»».

Астатнія 11 абвінавачаных — маладыя людзі 1996-2001 года нараджэння, у тым ліку студэнты мінскіх універсітэтаў.

Як сцвярджаецца ў паведамленні Генпракуратуры, абвінавачаныя выпрацавалі план для дасягнення «супрацьпраўнага выніку» і прымалі меры да яго рэалізацыі. У ім былі наступныя пункты:

— прыцягненне прадстаўнікоў асобных сацыяльных груп — студэнтаў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі да ўдзелу ў супрацьпраўных дзеяннях;

— інфармацыйнае забеспячэнне акцый пратэсту — іх наступнае шырокае асвятленне ў выгадным для сябе святле з мэтай уплыву на масавую свядомасць;

— арганізацыя мерапрыемстваў, якія з улікам рытмічнасці і паўтаральнасці вялі да выпрацоўкі ў іх удзельнікаў псіхалагічных установак на супрацьпраўную мадэль паводзінаў, дапамагалі фармаваць пратэсную актыўнасць, дазвалялі апрабаваць спосабы кіравання моладдзю.

— Пры гэтым распрацаваны злачынны механізм прадугледжваў прыцягненне студэнтаў адных навучальных устаноў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах у іншых установах адукацыі. Мэта — распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб колькасці пратэстоўцаў, спрыяць дасягненню відавочнага для абвінавачаных супрацьпраўнага выніку: непадпарадкавання законным патрабаванням адміністрацыі ВНУ, у якім праводзіліся акцыі пратэсту, — піша Генпракуратура.

Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў Генпракуратуры прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці выстаўленага абвінавачвання. Усе фігуранты справы застаюцца пад вартай.

Tut.by нагадвае, што дзевяць студэнтаў мінскіх ВНУ, выпускніцу БДМУ Алану Гебрамарыям і выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкову затрымалі 12 лістапада 2020 года. Пазней у лістападзе была затрыманая яшчэ адна студэнтка мехмата БДУ. З таго часу — ужо больш за чатыры месяцы — яны знаходзяцца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0