У Жыткавічах 31 сакавіка судзілі лекарку-пэдыятра з 36-гадовым стажам Ірыну Цішкоўскую. Паводле вэрсіі міліцыі, яна парушыла закон аб масавых мерапрыемствах — «разьвесіла на дрэвах стужкі бел-чырвона-белага колеру», чым выказала свае «грамадзка-палітычныя інтарэсы», піша Радыё Свабода.

Ірыну Цішкоўскую судзяць ужо пяты раз. Чатыры разы яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (раней — артыкул 23.34, цяпер — 24.23 КаАП). Адзін раз — у абразе прадстаўніка ўлады. Лекарка ўжо атрымала штрафы: 5, 30, 50 і яшчэ раз 50 базавых велічынь.

Гэтым разам да пэдыятра прыйшлі спачатку з вобшукам. «Перавярнулі ўсю хату. Знайшлі на лядоўні — і вельмі ўзрадаваліся — магніцікі з надпісамі «Вожыкі з народам» і «Жыве Беларусь». Магніцікі забралі. Я ім сказала: «Ну, цяпер за магніцікі дакладна генэралаў атрымаеце». Каторы раз забралі бел-чырвона-белы парасон. Знайшлі недашытую мной сумачку. Бо яна была ў маіх любімых колерах — белым і чырвоным. Забралі яе. Забралі стужкі — белыя і чырвоныя. Мне, калі дораць падарункі, то абвязваюць такімі стужкамі. І ўсё гэта пайшло як рэчавыя доказы», — расказала Свабодзе Ірына Цішкоўская.

31 сакавіка міліцыя прыйшла да яе на працу. Хоць на прыёме чакалі дзеці з тэмпэратурай, але лекарку забралі на апытаньне ў міліцыю, потым — у суд. Але на судзе Ірына Цішкоўская запатрабавала адваката, таму паседжаньне адклалі на 1 красавіка.

У пратаколе напісана, што жыхарка Жыткавічаў вечарам 20 сакавіка «наўмысна парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, што выявілася ў прыняцьці ёй удзелу ў несанкцыянаваным пікетаваньні без адпаведнага дазволу райвыканкаму з мэтай публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў, падчас якога Цішкоўская разьвесіла на дрэвах стужкі бел-чырвона-белага колеру».

Але гэта ня ўсё. Супрацоўнік міліцыі Дземянчук праводзіў агляд дрэва, аб чым напісаў адпаведны дакумэнт.

«Аб’ектам агляду зьяўляецца ўчастак мясцовасьці 3 на 3 мэтры, які знаходзіцца па вуліцы Сацыялістычнай за 6 мэтраў ад правага боку жылога пяціпавярховага будынку нумар 12а, за чатыры мэтры ад аўтобуснага прыпынку «Школа № 1» у паўночным накірунку. На ўчастку, які аглядаецца, расьце дэкаратыўнае дрэва каштан пяць мэтраў вышынёю. На гэтым дрэве на адной з галінаў у верхняй частцы дрэва знаходзіцца выраб, які складаецца з трох стужак сынтэтычнага матэрыялу даўжынёй кожная зь якіх 32 сантымэтры, шырынёй — 2,5 сантымэтры, дзьве зь якіх — белага колеру, адна — чырвонага. Канец усіх трох стужак зьвязаны ў адзін пучок, з аднаго боку ніткай 25 сантымэтраў, са зваротнага боку ніткі прывязаны болт з разьбой. Галоўка балта ўяўляе сабой пяцікутнік шырынёй 1,5 сантымэтра. Даўжыня балта — 2,5 сантымэтра. Гэты выраб быў выняты з дрэва і ўпакаваны ў цэляфанавы пакунак. Агляд скончаны»,

— апісаў месца правапарушэньня міліцыянт.

«Пасьля міліцыі і суду я вярнулася на працу і сказала бацькам, якія чакалі прыёму з хворымі дзецьмі, каб пачыталі — за што мяне затрымалі. Бо і заўтра прыёму, мусіць, ня будзе. У нас толькі два лекары. Я бацькам прапанавала ісьці на суд, бо гэта справа тычыцца ня толькі мяне. Хутка будуць на ўсіх складаць пратаколы за тое, што жывём і дыхаем», — зазначыла лекарка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?