Капітан Дзяніс Урад. Скрыншот з тэлеканала АНТ

Як паведаміў тэлеканал АНТ, арыштаваны капітан Дзяніс Урад, які 14 сакавіка на дзяжурстве на пасту спецсувязі Генштаба сфатаграфаваў сакрэтнае пісьмо ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны — можна меркаваць, што гэта дакумент аб ахове сілавых будынкаў на 25 Сакавіка.

Тэлеканал паведамляе, што копію дакумента афіцэр «адправіў польскаму тэлеграм-каналу».

Так дзяржаўныя СМІ называюць адзін з апазіцыйных каналаў, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.

Тэлеканал не паведаміў, якім чынам беларускія спецслужбы выявілі крыніцу гэтай інфармацыі. Магчыма, дадзены тэлеграм-канал апублікаваў дакумент цалкам, а доступ да яго мела абмежаванае кола людзей, што палегчыла выяўленне аўтара.

Раней за мяжу выехаў высокапастаўлены афіцэр ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, які перадаў «БайПолу» вялікі масіў інфармацыі, у тым ліку аўдыязапісы. Лупаносаў паведаміў, што ў цэнтральным апараце МУС каля 400 чалавек паставілі подпісы за Віктара Бабарыку. А адначасова з інфармацыяй пра капітана Урада стала вядомае імя падпалкоўніка КДБ, які перадаваў інфармацыю замежным апазіцыйным асяродкам, — гэта Аляксей Храловіч.

Паводле інфармацыі АНТ, супраць капітана Урада заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб здрадзе радзіме, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Ад адваката і сям'і затрыманага інфармацыі пакуль няма. Паколькі невядома, каму менавіта і што ён перадаў, то немагчыма сказаць, якое абвінавачванне дойдзе да суда. Калі гаворка толькі пра апублікаванне дакумента пад грыфам «сакрэтна», то наўрад ці гэта можа кваліфікавацца як «здрада радзіме».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?