Еўракамісарка Беніта Ферэра-Вальднер паведаміла: «Прэзідэнт Беларусі сам сказаў мне, што хацеў бы, каб я прыехала як мага хутчэй».

©AFP

Усё памянялася месцамі з дакладнасцю да наадварот. Вясной, як памятаеце, візіт еўракамісаркі ў Мінск двойчы зрываўся. У сакавіку з-пад яе носа Лукашэнка з малодшым сынам паляцеў у Ерэван. Версія: каб не дражніць Маскву «Усходнім партнёрствам».

Яшчэ болей: у дзень адкрыцця саміту «Усходняга партнёрства» Лукашэнка дэманстратыўна сустрэўся з расійскім амбасадарам Сурыкавым. Прага, маўляў, дробязь, узровень Сямашкі, а ўвогуле — мы, беларусы, з братняю Руссю…

Але не дапамагло. Братняя Русь у абліччы доктара Анішчанкі размазала па сценцы нашы тварожныя сыркі і ўсё такое. Мы ім у адказ саміт АДКБ сапсавалі. Нават нялюбае слова «нелегітымны» ўжылі :)

Спадарыня Вальднер прылятае ў Мінск ужо ў гэту нядзелю. І 22 чэрвеня — толькі каб не сурочыць! — сустрэнецца з Лукашэнкам. Нечаканая сімволіка. Акурат 22 чэрвеня 2008 года ў Брэсце сустракаліся прэзідэнты Беларусі і Расіі. Спрабавалі склеіць трэснуты саюз патэтычнымі фразамі пра агульную гісторыю.

Пра «саюзнае будаўніцтва» Лукашэнка сказаў тады выдатную фразу-аксюмаран:

«...Куляліся, спатыкаліся, але гэта было магутнае прасоўванне наперад».

Прасунуліся...

Ва ўсякім разе, зацяганыя фразы пра агульнае гніенне ў акопах ужо не дапамагаюць выбіваць прэферэнцыі. І вось яна, іронія лёсу: зараз, цераз год, з усходняй суседкай ідзе Вялікая Малочная вайна, а тутэйшы кіраўнік, які шмат гадоў вызнаваў жорсткую антызаходнюю рыторыку, нібыта кліча еўракамісарку, каб прыязджала хутчэй.

Хаця пра нейкі нядаўні тэлефонны кантакт між імі не паведамлялася. Магчыма, маецца на ўвазе яшчэ тая гутарка, што адбылася 12 траўня. Проста зараз звычайныя словы ветлівасці — а як жа, чакаем і ўсё такое — успрымаюцца як выклік Маскве. (Трохі пазней пачаліся нават дыпламатычныя гульні. Прэс-сакратарка спадарыні Вальднер сказала, што ніякага такога звароту з Мінска яны там не атрымлівалі. Пакета са штампам адміністрацыі не было, карацей :)

У любым разе

візіт Ферэра-Вальднер наўрад ці стане нейкім прарыўным. Але зараз — вайна сімвалаў. Мы ім пакажам кузькаву маці! Не падабаецца наш малочны брэнд — атрымайце заходні трэнд!

На самай справе, зразумела, галоўны беларускі начальнік ставіцца да Захаду, як і раней, насцярожана. Але гульня на гэтым вектары зараз значна актывізуецца. Масква ж адразу пачынае псіхаваць і пакрысе даваць задні ход. Вунь ужо адзін іхні важны эксперт вылучыў версію, што Мінск можа выйсці з АДКБ, а «наступны крок будзе накіраваны на ўсталяванне дыялогу з NATO».

Знайшлі сякеру пад лавай :) Памятаю, ці не першы, на каго аўтар гэтых радкоў наткнуўся ў штаб-кватэры НАТО, быў палкоўнік беларускай арміі.
© Фота з архіву аўтара

Сінявокая рэспубліка ўжо 14 гадоў як аформіла адносіны з вераломным монстрам. З года ў год зацвярджаюцца планы супрацы ў межах «Партнёрства дзеля міру», а ў іхнім «логаве» пастаянна сядзіць наш афіцэр-прадстаўнік.

Іншая рэч, што да апошняга часу ціхія дзелавыя кантакты нашых вайскоўцаў з Паўночнаатлантычным альянсам так добра маскаваліся, што мала хто з абываталяў увогуле пра іх здагадваўся. Тым болей што паралельна ішло прапагандысцкае мачылава.

Ну а зараз Масква ціха панікуе. Без Беларусі АДКБ ператвараецца ў карыкатуру. Страціць вайсковыя аб'екты пад Ганцавічамі ды Вілейкай для расійскіх генералаў — як нож востры. А калі і адзіная сістэма СПА ляснецца?

Хаця на разрыў вайскова-стратэгічнага альянсу з Расіяй Мінск наўрад ці пойдзе. Бо хоць начальнікі і сварацца між сабой, але ў іх застаецца пачуццё, што «мы з табой аднае крыві».

Ферэра-Вальднер прыляціць і паляціць. А Захад — як сістэма каштоўнасцей, як лад жыцця — усё адно застаецца чужым і для адных, і для другіх.

ЗЫ. Тым часам беларускія афіцыйныя крыніцы шлюць Маскве месідж: манеўры «Захад-2009» пакуль што не адмяняюцца. Маўляў, канчайце дурное і вяртайцеся да братэрства па зброі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?