Яўген Макарэвіч.

Пра звальненне дырэктара школы стала вядома ўчора. Але калегі і бацькі школьнікаў не пагаджаюцца з такім кадравым рашэннем, паведамляе Рэгіянальная газета.

Сітуацыя са звальненнем пачалася яшчэ ў жніўні. У школе №5 быў арганізаваны выбарчы ўчастак. На гэтым участку на 120 галасоў кандыдат Ціханоўская апярэдзіла кандыдата Лукашэнку. Якія падзеі адбываліся пасля гэтага, школа не каментуе, але праз некалькі дзён пасля выбараў Макарэвіч падаў заяву на звальненне.

Сярод маладзечанцаў узнікла хваля абурэння — многія палічылі, што адстаяць пасаду за Макарэвічам — справа гонару. Былі і такія выпадкі, што бацькі пераводзілі дзяцей з іншых школ у пятую ў знак павагі і даверу да калектыву і дырэктара. Тады з’явілася інфармацыя, што звальняць Яўгена Васільевіча не будуць, а яго заява на звальненне наогул згубілася.

Аднак ў канцы сакавіка педагогу паведамілі, каб ён забіраў дакументы, а ад 1 красавіка ў школе — новы дырэктар. Звальняюць яго па той жнівеньскай заяве «па ўласным жаданні». Кантракт у педагога заканчваецца ў жніўні 2022 года.

Новага дырэктара калектыву пятай школы сёння не прадстаўлялі. Аднак на размову з завучамі прыехала начальнік упраўлення па адукацыі Іна Драпеза з намесніцай Анжалікай Хандзецкай.

Як нам паведамляюць педагогі, у калектыве вельмі засмучаныя звальненнем дырэктара. Пад заявай працягнуць яго працу на пасадзе падпісаўся 31 супрацоўнік з 67.

«Не заслугоўвае такой непавагі»

Мы папрасілі падзяліцца ўражаннямі з нагоды звальнення Яўгена Макарэвіча ганаровую грамадзянку Маладзечаншчыны, былую настаўніцу школы №5 Лідзію Князеву. Яна заснавала і больш за 30 год кіравала клубам «Пошук», а нядаўна выйшла на адпачынак.

— З-за гэтай сітуацыі я вельмі перажываю, хаця ўжо і на пенсіі, — расказвае Князева. — З Макарэвічам я адпрацавала большую частку жыцця. Ён выдатны педагог, дасведчаны ўмелы кіраўнік, Чалавек з вялікай літары. Менавіта дзякуючы яго клопату і падтрымцы столькі год праіснаваў клуб «Пошук», які адшукаў імёны вязняў Шталага 342 і іх сваякоў. Яўген Васільевіч падтрымліваў усе нашы праекты, вынікам якіх стала столькі добрых і карысных спраў. Ён не заслугоўвае такой непавагі да сябе.

Цяпер клуб «Пошук» узначальвае настаўнік пачатковых класаў Ганна Карумная. Вось як яна пракаментавала сітуацыю:

— Дагэтуль у шоку, не чакала, што так будзе. Сітуацыя вельмі хвалюючая і трывожная. І як педагог, і як кіраўнік ён мудры і па-бацькоўску клапатлівы. Заўсёды дае карысныя парады.

Псіхолаг Іна Шыянок расказвае:

— Да звальнення стаўлюся з непаразуменнем. Працу дырэктара ацэньваюць па двух параметрах — як спецыяліста і як асобы. У Яўгене Васільевічы ўдала спалучаюцца абодва — ён выдатна паказаў сябе і як прафесіянал, і як асоба. Пра гэта сведчыць тое, што ў школе няма значных канфліктаў. У нас невялікая школа, і праца дырэктара ў тым ліку — навідавоку. Пра тое, што ў калектыве ўсё ў парадку, сведчыць, што ў першы клас да нас вядуць сваіх дзяцей былыя выпускнікі. Макарэвіч кіруе школай больш за 20 год. І тая падтрымка, якую ён цяпер атрымлівае, сведчыць, што менавіта ён сфарміраваў у школе здаровы калектыў.

«Урок для ўсяго горада»

Многія бацькі абураныя звальненнем Яўгена Васільевіча. Яны збіраюць подпісы пад зваротам на імя начальніка упраўлення па адукацыі Іны Драпезы, у якім просяць захаваць пасаду дырэктара школы №5 за Макарэвічам.

Мы паспрабавалі высветліць у бацькоў школьнікаў, чаму для іх так важна захаваць пасаду за Макарэвічам.

У маладзечанкі Яўгеніі Прыгодзіч двое дзяцей — Павел і Вера. Старэйшы Павел спачатку хадзіў у іншую школу, але там зусім не спадабалася, і перайшлі ў пятую. І тады, як кажа суразмоўца, яшчэ не ведалі, «наколькі круты Макарэвіч».

— Ён усіх дзяцей школы ведае па імені, заўсёды сустракаў раніцай на ўваходзе, — расказвае жанчына. — У школе свая асаблівая атмасфера.

Маці расказвае, што ў школе, дзе спярша вучыўся сын, першыя чатыры гады амаль усё падабалася. Першая настаўніца апякала дзяцей, як родных, і ў класе былі і добрыя веды, і паводзіны. Калі прапаноўвалі ўступаць у піянеры, большасць класа ўступіла. Павел адмовіўся, і ніхто не настойваў.

Пасля ж сталі заўважныя новыя і новыя недахопы. У школе не хапае распранальняў, з-за гэтага паміж дзецьмі пастаянныя канфлікты.

— Многія мерапрыемствы праводзяць для галачкі і паказухі. Напрыклад, аднойчы павесілі аб’яву аб правядзенні адкрытага ўрока для бацькоў, — расказвае Яўгенія. — Мне цікава было б паглядзець, як вучыцца мой сын. Тэлефаную настаўніку, кажу, што прыйду. Яна адказвае: ну вы ж разумееце, што нам трэба рыхтавацца для самастойнай, а калі вы прыйдзеце, давядзецца працаваць на публіку, таму лепш не трэба. Але на паперы адкрыты ўрок правялі.

Аднойчы ў школе ладзілі кірмаш з продажам дамашняй выпечкі. Павел захацеў паўдзельнічаць.

— Хтосьці з завучаў сказаў, што калі ён не піянер, то нельга. Давялося тэлефанаваць дырэктару і высвятляць, што гэта за дыскрымінацыя. Чым не піянер горш за піянера?

Апошняй кропляй для маці Паўла стаў канфлікт паміж вучнямі. Калі ў пачатковай школе настаўнік вырашала канфлікты, разбірала іх, то то пасля іх вырашалі паверхнева. У выніку ўсё паўтаралася.

— Там такі падыход — трэба ўсё замяць, каб было ціха, — мяркуе Яўгенія. — У пятай жа школе зусім іншая атмасфера — душэўная, дамашняя. Ад дырэктара да вахцёра — усе ведаюць імёны кожнага вучня. Сыну і дачцэ там вельмі падабалася. Настаўнікі ўсё рабілі, каб дзеці ўліліся ў калектыў. Пасля выбараў канчаткова зразумела, што інтуіцыя мяне не падманула, і я зрабіла правільны выбар.

Асобна адзначае Яўгенія ўменне Макарэвіча зацікавіць гісторыяй. Дзякуючы яго падыходу сын пачаў вывучаць гістарычных асоб, выконваць творчыя заданні.

— Бывае, дырэктар камусьці падабаецца, камусьці — не, — разважае жанчына. — У пятай школе дырэктара паважаюць і любяць усе без выключэння. Мой знаёмы неяк напісаў вельмі дакладна: Макарэвіч — Настаўнік з вялікай літары. Ён усяму гораду падаў урок сумленнасці, справядлівасці і мужнасці.

«Абсалютна на сваім месцы»

У маладзечанкі Аксаны Нікіцінай двое дзяцей наведваюць пятую школу.

— Яўген Васільевіч цалкам задавальняе як педагог і дырэктар школы, — расказвае яна. — Яго шчыра паважаюць і вучні, і настаўнікі. Чалавек з мудрай і зразумелай пазіцыяй — гэта шмат чаго вартае. Такімі выдатнымі кадрамі раскідвацца нельга, добрыя педагогі павінны цаніцца. Пры нашым дырэктары ў школе парадак. Макарэвіч — чалавек, які абсалютна на сваім месцы, і на гэтым месцы яго варта пакінуць.

— Вельмі сумна, калі Яўген Васільевіч сыдзе са школы, — дзеліцца маці вучняў пятай школы Людміла Барко. — Гэта дырэктар, які ведаў усіх настаўнікаў і амаль усіх бацькоў. Яшчэ падчас вучобы майго мужа быў дырэктарам. Вельмі добры, чулы, ніколі не адмаўляў у просьбах. Дзеці яго заўсёды хваляць.