У Пружанах распачата крымінальная справа ў дачыненні да маладой маці, якая на некалькі сутак пакінула без нагляду сваю дзевяцімесячную дачку.

Як паведаміў БелаПАН супрацоўнік следчага аддзялення Пружанскага РАУС Алег Міклашэвіч, справа распачата па ч. 3 арт. 159 Крымінальнага кодэкса (пакіданне ў небяспецы), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўлення волі да трох гадоў.

19‑гадовая непрацуючая жыхарка вёскі Лінава Пружанскага раёна

28 красавіка пайшла з дому, пакінуўшы без дагляду сваю дачку. 30 красавіка дзіця ў незапёртым доме знайшлі суседзі. Дзяўчынка была шпіталізаваная з дыягназам «знясіленне»
ў Пружанскую цэнтральную раённую бальніцу. Пры норме 9 кг яна важыла 6 кг. У пачатку чэрвеня пасля праведзенага лячэння дзяўчынку перавялі ў Пінскі дом дзіцяці.
Маці дзіцяці з’явілася дома 3 мая. З яе слоў, яна «хадзіла да сябровак».

Жанчына не замужам, гэта яе першае дзіця. На ўліку ў наркалагічнай службе не знаходзіцца. Жыве разам са сваёй маці, якая злоўжывае спіртнымі напоямі. Бабуля дзевяцімесячнай унучкі гэтымі днямі таксама адсутнічала.

Як зазначыў Міклашэвіч, гэта першая такая крымінальная справа, распачатая ў Пружанскім раёне.

З жанчыны ўзята падпіска аб нявыездзе. Вырашаецца пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0