Кіраўнік хунты генерал Мін Аўн Хлайн уручае ўзнагароду намесніку міністра абароны Расіі. Скрыншот з Irrawady.com

Кіраўнік хунты генерал Мін Аўн Хлайн уручае ўзнагароду намесніку міністра абароны Расіі. Скрыншот з Irrawady.com

Расія адкрыта падтрымлівае хунту пад кіраўніцтвам генерала Мін Аўн Хлайна. Падчас вайсковага парада ў М’янме, які большасць краін байкатавалі, намеснік міністра абароны Расіі Аляксандр Фамін адзначыў, што Расія намагаецца ўзмацніць ваенныя сувязі з М’янмай, бо лічыць яе «надзейным саюзнікам і стратэгічным партнёрам у Азіі», піша бірманскі сайт Irrawady.com.

Расія з’яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў зброі ў М’янму. За перыяд з 2010 да 2019 года адна з найбяднейшых краін свету М’янма выдаткавала $807 мільёнаў на ўзбраенне расійскай вытворчасці. А за два тыдні да ваеннага перавароту Сяргей Шайгу, міністр абароны Расіі, падпісаў кантракт з М’янмай на пастаўкі сістэм супрацьпаветранай абароны, беспілотнікаў і радыёлакацыйнага абсталявання.

Расія і Кітай заблакавалі рэзалюцыю з крытыкай хунты М’янмы ў Радзе Бяспекі ААН. Гэта не першы такі выпадак. Абедзве краіны неаднаразова блакавалі рэзалюцыі Рады па М’янме на працягу трох дзесяцігоддзяў.

Эксперты адзначаюць, што калі Пекін гэтым разам заняў больш стрыманую пазіцыю, не падтрымлівае хунту адкрыта, а Дэлі асцярожнічае, баючыся штурхнуць армію М'янмы ў абдымкі свайго стратэгічнага канкурэнта — Кітая, то Масква дзейнічае адкрыта. Яна бачыць у бірманскай дыктатуры патэнцыйны плацдарм у Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта тыповая для Расіі тактыка апошнім часам. У Еўропе Расія траціць агромныя сродкі на падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У Сірыі расійскі экспедыцыйны корпус уратаваў дыктатарскі рэжым Башара Асада. А ў Лацінскай Амерыцы Расія крэдытуе збанкрутаваную дыктатуру ў Венесуэле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0